Лукашэнка: АЭС пабудавалі з хібамі


Атамную электрастанцыю пабудавалі з хібамі, праз што тэрміны ўводу яе ў эксплуатацыю зацягнуліся. Як перадае БелТА, пра гэта расказаў Аляксандр Лукашэнка падчас нарады ў пытаннях БелАЭС.

БелАЭС. 25 красавіка 2021 года. Астравецкі раён, Беларусь.
Фота: ВК / Белсат

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, у красавіку 2023 года ўвядуць у дзеянне ўжо другі блок Беларускай атамнай электрастанцыі. Падчас нарады ён запатрабаваў забяспечыць эфектыўную працу ўсёй станцыі ды яе больш хуткі выхад на поўную магутнасць, але «без шкоды якасці будаўніцтва». Пры гэтым палітык прызнаў, што АЭС пабудавалі з хібамі:

«Мы нічога не хавалі і хаваць не маем намеру, што былі пэўныя хібы ў будаўніцтве атамнай станцыі, якія вельмі аператыўна ліквідаваліся нашымі і расейскімі будаўнікамі. Зацягванне тэрмінаў звязана з тым, што мы сапраўды выстаўляем вельмі высокія патрабаванні да бяспекі. Лепш на паўгода – год пазней, чымся недзе нечага недапрацаваць».

З моманту ўлучэння першы блок АЭС выпрацаваў ужо больш як 12,5 млрд кВт·г, ідуць захады этапу фізічнага пуску другога блоку, у красавіку гэтага года запланавалі ўлучэнне ў сетку.

Лукашэнка запытаў падчас нарады, якія захады робяцца, каб другі блок быў уведзены «як мага хутчэй». Ён расказаў, што на другім энергаблоку аснова – касцяк рэактара і сам рэактар – ужо створаная і нават «даведзеная да розуму», «засталіся 1,5–2 адсоткі нейкіх недаробак у будаўнічай частцы». Дзеля хутчэйшай ліквідацыі хібаў і недаробак Лукашэнка нават прапанаваў сваё асабістае ўмяшання.

Hавiны
Фізічны пуск другога энергаблоку БелАЭС запланавалі на красавік
2023.03.06 12:05

Лукашэнка нагадаў, як шмат хто выказваўся супраць будаўніцтва новай атамнай станцыі ў Беларусі, моцна пацярпелай ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Абвінаваціў праціўнікаў АЭС у прасоўванні інтарэсаў «канкурэнтаў»: «Да гэтага іх падштурхоўвалі нашыя канкурэнты, перш за ўсё, на жаль, найбліжэйшыя нашыя суседзі, Польшча і Літва. І што сёння? Польшча запланавала будаўніцтва дзвюх атамных станцыяў, а можа быць, і трох. Літва таксама заяўляе пра будаўніцтва сваёй атамнай станцыі».

Адказ на запыт «Белсату» ад Міністэрства энергетыкі Літвы. Скрыншот.

У адказ на запыт «Белсату» ў Міністэрстве энергетыкі Літвы зняпраўдзілі словы Лукашэнкі і заявілі, што ніякай АЭС будаваць не збіраюцца:

«Цяпер няма ні пастановаў, ні планаў будаваць атамную электрастанцыю ў Літве».

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў