Беларусы запусцілі сайт з прапановамі жытла ўкраінскім уцекачам «I Can Help Host». Як гэта працуе


У сувязі з вайною Расеі з Украінай з’явілася некалькі онлайн-праектаў дапамогі ўкраінцам у пошуку жытла: mapahelp.me, shelter4ua.com і праект беларускіх праграмістаў icanhelp.host. Распыталі сузаснавальніка апошняга, як гэта працуе.

Беларусы запусцілі сайт для прапановаў жытла ўкраінскім уцекачам «I Can Help Host». Скрыншот: icanhelp.host

Як карыстацца?

Сэрвіс цалкам бясплатны, рэгістрацыя не патрэбная, паказваць дакументы не трэба. Прапановы ёсць на ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды.

На сайце icanhelp.host – дзве галоўныя функцыі.

Першая – кнопка «Я магу дапамагчы» ў левым верхнім куце, па націсканні на якую любы ахвочы можа прапанаваць дапамогу з жытлом для ўцекачоў.

Другая – уласна мапа з адрасамі і кантактамі тых, хто гатовы дапамагчы. Калі клікнуць на пункт на мапе, кантакты схаваюцца. Каб паказаліся, трэба націснуць на кнопку з «вочкам».

Унізе справа можна пераключыць мову інтэрфейсу (але тэкст абвестак ад гэтага не перакладзецца). Калі ж націснуць на кнопку меню справа зверху, з’явіцца пункт «Мне трэба жытло» – там можна пакінуць заяўку на канкрэтны горад, калі жытла не знайшлося на мапе.

Стваральнікі праекту мадэруюць абвесткі: зусім неадэкватныя выдаляюць. Часам адмаўляюцца і ад проста падазроных: глядзяць, ці няма ў тэксце «чырвоных сцягоў». Сузаснавальнік «I Can Help Host», а таксама кіраўнік стартапу «ScootAPI» Георгій Качаноўскі кажа «Белсату», што адмовілі, напрыклад, чалавеку, які хацеў прымаць толькі сірату: «Мы пастанавілі не публікаваць такой заяўкі, бо яна дзівачная».

Праект нацэльваецца толькі на жытло як на самую базавую патрэбу. Качаноўскі мяркуе, што калі будзе дах над галавою, дык пад тым дахам знойдуцца і ежа, і медычная дапамога.

Аналітыка
Ад гуманітарнай дапамогі да беларускіх атрадаў: як беларусы могуць дапамагчы (і ўжо дапамагаюць) украінцам на вайне
2022.03.04 13:45

Чаму такі сэрвіс зрабілі?

Але навошта наагул такі сэрвіс, калі ўжо існуе вядомы ў вузкіх колах вандроўнікаў «CouchSurfing»? Качаноўскі адказвае: чым больш такіх сэрвісаў, тым лепш, бо кожны пранікае ў сваю аўдыторыю, і калі адзін сэрвіс дагрукаецца да вёскі ў Нямеччыне, другі – да вёскі ў Вялікай Брытаніі.

Праект канцэнтруецца на пошуку гаспадароў жытла: попыт высокі, а прапанова пакуль нізкая, таму трэба данесці ідэю прапанаваць жытло найбольшай колькасці людзей.

Да таго ж колькасць уцекачоў з Украіны ўжо перавысіла 1,5 мільёна чалавек. У адну Польшчу прыйшлі паўмільёна ўкраінцаў. Хоць польскія ўлады «паказваюць цуды арганізацыі», кажа Качаноўскі, наўрад ці магчыма справіцца з такою вялікаю колькасцю ўцекачоў.

«Наш сэрвіс – гэта дадатковая дапамога, ад людзей людзям без удзелу дзяржавы. Я лічу, гэта таксама ўнёсак у агульную справу і разгрузка сістэмы, на якую звалілася такая агромістая праблема», – тлумачыць сузаснавальнік «I Can Help Host».

Фота
«Апякуюцца беларускімі і ўкраінскімі ўцекачамі». Як дабрачынныя ініцыятывы мяняюць працу праз вайну ва Украіне
2022.03.03 11:02

А яны не з КДБ ці ФСБ?

Тым, хто сумняецца ў добрасумленнасці заснавальнікаў сэрвісу, Качаноўскі прапануе паглядзець ягоную старонку ў Facebook: там ён адкрыта выказвае сваю пазіцыю пра палітычныя падзеі. Стваральнікі праекту самі былі вымушаныя пакінуць сваю краіну праз рэпрэсіі, што пачаліся пасля выбараў 2020 года.

Таксама сярод ініцыятараў праекту – два еўрапейскія лідары амерыканскага Фонду Абамы: прэзідэнт асацыяцыі «Голас язідаў» Фаргад Шамо Руто і беларускі ЛГБТ-актывіст Нік Анціпаў. Стваральнік платформы «Голас» дапамог у распрацоўванні: даў зыходны код платформы «ByMapka», на базе якога і зрабілі «I Can Help Host».

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў