Нацбанк запланаваў «лічбавы беларускі рубель». Гэта не крыптавалюта, але што?


Канцэпцыя «лічбавага беларускага рубля», апублікаваная (PDF) на сайце Нацыянальнага банку, прадугледжвае, што транзакцыі ў гэтай валюце запусцяць у 2026 годзе. «Белсат» расказвае, што вядома.

Лічбавы беларускі рубель
Малюнак згенераваны нейрасеткай. Лічбавы беларускі рубель ва ўяўленні штучнага інтэлекту «Microsoft Copilot».
Выява: Dall-E / Bing.com

Гэта расейская ідэя, якую спачатку не зразумеў Лукашэнка і не ацаніў Нацбанк

«Лічбавы рубель» – праект расейскага Цэнтрабанку, які пакуль на стадыі пілотных аперацыяў. У траўні 2023 года Аляксандр Лукашэнка сустракаўся са старшынёй Цэнтрабанку Расеі Эльвірай Набіулінай, ідэю тады не зразумеў, прасіў растлумачыць.

На просьбу «Белсату» навуковы супрацоўнік беларускага даследніцкага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук тлумачыў: тады Расея, хутчэй за ўсё, ставіла пытанне аб увядзенні расейскага рублю ў Беларусі, а «лічбавы рубель» проста «прыйшоўся да тэмы».

Тады, вясной 2023 года, беларускі Нацбанк не збіраўся далучацца да эксперыментаў, але дапускаў выкарыстанне «лічбавага рублю» ў міжнародных плацяжах. Але менш як за год перадумаў.

Hавiны
Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы: Пытанне пра адзіную валюту не стаіць на парадку дня
2024.01.30 16:07

Што ў канцэпцыі «лічбавага беларускага рублю»

Гаворка цяпер ідзе не пра далучэнне да расейскага праекту, а пра ўласную беларускую электронную валюту, якую называюць ЛБР – «лічбавы беларускі рубель».

ЛБР мае быць безнаяўнай формай беларускага рубля (1 ЛБР роўны 1 беларускаму рублю), якую Нацбанк хоча выдаваць сам пад уласныя гарантыі – і сам жа весці лічбавыя рахункі людзей і арганізацыяў. Гэтыя рахункі – не банкаўскія ўклады, па якіх налічваюць адсоткі. Аперацыі па гэтых рахунках маюць быць дасяжныя любым банкам і арганізацыям, але праводзіцца не праз банкаўскія сістэмы, а праз платформу ЛБР (аператар – ААТ «Беларускі міжбанкаўскі разліковы цэнтр» на базе разліковага цэнтру Нацбанку), якая можа браць меншыя камісіі. Праўда, звычайны банкаўскі рахунак не будзе аўтаматычна пераведзены ў ЛБР – давядзецца заводзіць асобны рахунак, пераводзіць на яго «звычайныя рублі».

З ЛБР хочуць зрабіць аперацыі ў гарантаванай абавязкамі Нацбанку лічбавай валюце, даступныя праз любую фінансавую арганізацыю і між праграмамі розных арганізацыяў, з тарыфнай палітыкай паводле адзіных правілаў. Праз гэта хочуць не толькі знізіць рызыкі страты грошай, махлярства і фальшавання валюты, але і падвысіць канкурэнцыю між фінансавымі арганізацыямі, а як вынік знізіць цану транзакцыяў (у тым ліку міжнародных) і зрабіць фінансавыя інструменты больш даступнымі.

Гэта хочуць рэалізаваць так.

Схема пераводу ЛБР між рахункамі
Схема пераводу ЛБР між рахункамі.
Скрыншот: Nbrb.by

Умоўныя Марыя і Віктар заводзяць праз свае банкі – напрыклад, «Беларусбанк» у Марыі і «Белаграпрамбанк» у Віктара – рахункі ў ЛБР. Марыя хоча перавесці са свайго грошы Віктару – «Беларусбанк» просіць сістэму ЛБР перавесці грошы з рахунку Марыі на рахунак Віктара. Калі гэта атрымліваецца, «Беларусбанк» кажа Марыі, што грошы спісаныя, а «Белаграпрамбанк» атрымлівае ад сістэмы ЛБР паведамленне, што на рахунак Віктара прыйшлі грошы, і паведамляе пра гэта Віктару. Пры гэтым «Беларусбанк» і «Белаграпрамбанк» між сабой не ўзаемадзейнічаюць і грошы ў сябе не трымаюць. Марыя і Віктар пры гэтым могуць быць і фізічнымі асобамі, і юрыдычнымі, могуць быць кліентамі аднаго банку.

Праўда, міжбанкаўскія пераводы ў беларускіх рублях і так ідуць (PDF) не наўпрост між банкамі, а праз сістэму міжбанкаўскіх разлікаў таго самага ААТ «Беларускі міжбанкаўскі разліковы цэнтр».

Платформу ЛБР збіраюцца збудаваць як размеркаваны рэестр па сістэме блокчэйну – гэта значыць, калі зламаецца адно сховішча звестак, самі звесткі не згубяцца, бо будуць і ў іншых сховішчах.

Мяркуюць зрабіць так, каб плацяжы праходзілі нават офлайн, калі адсутнічае сувязь з платформай ЛБР, праз тэхналогіі кшталту Bluetooth і NFC. Гэта істотная перавага над цяперашнімі безнаяўнымі плацяжамі. Але такое ўжо дазваляюць сэрвісы кшталту «Apple Pay» і «Samsung Pay» (а таксама недасяжны ў Беларусі «Google Pay») – разлік на тое, што адзін з бакоў раней ці пазней выйдзе ў онлайн.

Якія менавіта праблемы вырашыць ЛБР, у канцэпцыі не тлумачаць – мэты апісаныя даволі агульнымі фразамі.

Ідэя, паводле Нацбанку, у тым, каб адказаць на запыт насельніцтва і суб’ектаў гаспадарання ў больш хуткіх, зручных, танных і бяспечных сродках грашовага абароту, бо ўсё расце канкурэнцыя з боку кампаніяў, якія не з’яўляюцца банкамі ці нябанкаўскімі крэдытна-фінансавымі арганізацыямі, а распрацоўваюць свае валюты, у тым ліку крыплавалюты, якія нясуць рызыкі фінансавай стабільнасці і не з’яўляюцца фіятнымі грашыма – такімі, якія хоць і не забяспечаныя золатам, але гарантаваныя дзяржавай. Іншымі словамі, «развялося недзяржаўных валютаў».

Hавiны
У якой валюце захоўваць грошы ў банку? Тлумачыць аналітык
2024.01.21 11:51

Нацбанк спасылаецца сярод іншага на трэкер лічбавых валютаў Атлантычнай рады: над нечым падобным думаюць амаль ва ўсім свеце. У Нігерыі і дзясятку астраўных краінаў у Карыбскім моры лічбавыя валюты ўжо запушчаныя, у 21 краіне яны на стадыі пілотнага праекту (у тым ліку ў Швецыі, Украіне, Турэччыне, Кітаі, Індыі…), яшчэ 33 нацыянальныя лічбавыя валюты на стадыі распрацоўкі (у тым ліку ў Еўразвязе, Злучаным Каралеўстве, Злучаных Штатах, Нарвегіі, Швейцарыі…). Яшчэ ў 46 краінах ідуць даследаванні, у 16 ёсць ініцыятывы, звязаныя з лічбавымі валютамі. Эквадор і Сенегал думалі над ідэяй, але скасавалі праекты.

Гэта спрацуе?

Калі сцісла, то ў самой Беларусі – хутчэй так. Для міжнародных пераводаў – хіба ў краіны-сябры Лукашэнкі. Для канкурэнцыі з крыптавалютамі – дакладна не.

Да пачатку рэалізацыі праекту яшчэ далёка: на 2024 год плануюць распрацоўку платформы і алгарытмаў, тэсты дэманстрацыйнай версіі і падрыхтоўку зменаў у заканадаўства, на 2025 год – змены ў законы і ўкараненне платформы ў плацяжах між арганізацыямі (B2B), толькі на 2026 год – завяршэнне ўкаранення платформы ЛБР.

Сярод рызыкаў ЛБР Нацбанк бачыць такія:

  • магчымыя праблемы з недастатковай прадукцыйнасцю платформы (ці не будзе «тармазіць» платформа);
  • рызыкі канфідэнцыйнасці звестак (ці не выкрадуць базы якія-небудзь хакеры – як тыя ж «Кіберпартызаны», якія ўжо здабылі базы пашпартных звестак і шматлікія базы сілавікоў);
  • рызыкі змяншэння ліквіднасці банкаў (каб пазбегнуць адтоку грошай ад банкаў у крызісы, думаюць абмежаваць максімальныя сумы ЛБР на рахунку);
  • магчымая негатовасць інфраструктуры (ці можна будзе выкарыстоўваць для ЛБР ужо наяўныя тэрміналы і сканеры);
  • рызыкі «адмывання грошай» і «фінансавання тэрарызму» (хоць сумнеўна, што сапраўдныя злачынцы і тыя, каго ўлады Беларусі называюць «тэрарыстамі», будуць давяраць сістэме Нацбанку, які сам кажа, што будзе ведаць пра аперацыі).

Але значных пагрозаў для эканомікі Беларусі ад ЛБР Нацбанк не бачыць.

Hавiны
Эксперты: Павелічэнне ролі наяўных грошай у эканоміцы нясе шэраг пагроз і рызык
2024.01.26 16:37

Пакуль ні платформы, ні дакладных тэкстаў законаў адносна ЛБР яшчэ няма, таму цяжка прадказаць, ці прывядзе ўкараненне ЛБР да больш зручных або таннейшых пераводаў. Але ўжо ў канцэпцыі відаць абмежаванні, якія паўстануць перад ЛБР.

Для міжнародных пераводаў трэба, каб замежнікі верылі ў ЛБР і ў абавязальніцтвы Нацбанку РБ. А ўжо ў канцэпцыі гаворыцца, што падвышаць дасяжнасць міжнародных плацяжоў збіраюцца з «краінамі-партнёрамі» і «ва ўмовах геапалітычных рызыкаў». Таксама згадваецца, што ЛБР можа «пашырыць патэнцыял выкарыстання нацыянальных валютаў дзяржаваў Еўразійскага эканамічнага саюзу» (гэта Беларусь, Расея, Арменія, Казахстан, Кыргызстан). То значыць, міжнародных пераводаў у ЛБР варта чакаць хіба з краінамі-сябрамі Лукашэнкі, і тое з імі яшчэ трэба дамовіцца.

Для пераводаў унутры Беларусі такой праблемы не будзе: наўрад ці Нацбанку будзе цяжка ўгаварыць банкі і фінансавыя арганізацыі выкарыстоўваць ЛБР – можна і прыгразіць спыненнем дзейнасці за адмову. У некаторых выпадках, як то атрыманне заробку ці крэдыту, беларусы могуць і не заўважыць, што атрымліваюць на рахунак ЛБР, а не «звычайныя рублі». Чалавек, які ў краме «плаціць тэлефонам» з рахунку ў беларускім банку, наўрад ці будзе супраць, калі банк прапануе зручныя плацяжы праз сваю мабільную праграму. Пытанні ў тым, ці праўда ЛБР будуць зручнымі і ці не з’явіцца нейкіх камісіяў за выкарыстанне ЛБР праз «дзіры» ў правілах.

Іншая справа – канкурэнцыя з крыптавалютамі, якія даюць высокую ступень ананімнасці. Ужо ў канцэпцыі ЛБР гаворыцца, што лічбавая валюта дасць дзяржаве больш магчымасцяў у маніторынгу плацяжоў. А значыць, тыя, хто не захоча паказваць дзяржаве, за што плаціць, не будзе карыстацца ЛБР. Пры тым у канцэпцыі дапускаюць увядзенне асобнага «ананімнага ЛБР» (калі змест транзакцыі будуць бачыць толькі адпраўнік і атрымальнік), але толькі ў некаторых выпадках і ў абмежаваных аб’ёмах.

Агляд
Як бяспечна і небяспечна падтрымліваць пацярпелых ад рэпрэсіяў
2024.01.24 18:14

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў