Эксперты: Павелічэнне ролі наяўных грошай у эканоміцы нясе шэраг пагроз і рызык


Паводле звестак Нацыянальнага банку, абʼём наяўных сродкаў у эканоміцы Беларусі з лютага 2022 года «імкліва павялічваецца». Цяпер гэта ўжо 12,5 % ад усіх грошай, у той час як раней было каля 8%. Гэта нясе за сабой шэраг пагроз і рызык, гаворыцца ў аналізе праекту «Кошт урада».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Сцяпан Цюшкевіч / 1prof.by

«Рост нявызначанасці ў эканоміцы, вайна ў рэгіёне і перафарматаванне знешнеэканамічнай дзейнасці ўзмацняюць ролю наяўных грашовых сродкаў», – звяртае ўвагу «Кошт урада».

Эксперты нагадалі, што ў 2021 годзе абʼём наяўных грошай у эканоміцы вырас на 596 млн рублёў (14  %), у 2022-м – на 2 млрд 173 млн (46 %), за 2023-й – яшчэ на 2 млрд 581 млн (+48  %). Рост іх абʼёму «практычна без прыпынку працягваўся з лютага 2022 года, з месячным перапынкам у кастрычніку 2023 года і рэзкім рыўком у снежні».

Такая дынаміка «становіцца важнай прыкметай новых умоў функцыянавання беларускай эканомікі ва ўмовах геапалітычнай турбулентнасці, росту нявызначанасці і ўсё большай колькасці санкцый і цяжкасцяў з безнаяўнымі плацяжамі», канстатуецца ў аналізе.

Гэта робіць эканоміку больш уразлівай і схільнай да розных пагроз – ад павелічэння аб’ёму ценявых плацяжоў і шэрых схем бізнесу да павышэння рызыкі раскручвання інфляцыі і дэвальвацыі.

Агляд
Міна запаволенага дзеяння: гатоўкі ў Беларусі паболела за год на 40%
2024.01.15 18:25

Па дадзеных Нацыянальнага банку, сума наяўных грошай у абароце за 2023 год вырасла на 37,44 % і на 1 студзеня 2024-га склала 9 млрд 474,6 млн рублёў (на 1 студзеня 2023-га – 6 млрд 893, 6 млн).

Грашовая маса ў нацыянальным вызначэнні вырасла з 29 млрд. 966,7 млн да 40 млрд 238,2 млн рублёў (+34,28 %), рублёвая грашовая маса – з 31 млрд 172,5 млн да 41 млрд 998,5 млн (34,73 %), шырокая грашовая маса – з 61 млрд 239 млн да 75 млрд 668,5 млн (+23,56 %); дэпазіты ў замежнай валюце скараціліся з 10 млрд 743,3 млн да 10 млрд 448,7 млн у эквіваленце (-2,74 %).

Змяненне аб’ёмаў наяўных грошай у эканоміцы Беларусі (млн рублёў). Крыніца: t.me/naszyhroszy/

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў