У СК заявілі, што нібыта выявілі прычыну смерці затрыманага міліцыяй Дзмітрыя Усхопава


Следчы камітэт паведаміў, што нібыта выяўленая прычына смерці 27-гадовага жыхара Рэчыцы Дзмітрыя Усхопава, які памёр пасля затрымання міліцыяй у навагоднюю ноч.

У СК заявілі, што, згодна з заключэннем судова-медычнай экспертызы, смерць Дзмітрыя Усхопава наступіла ў выніку камбінаванага атручэння этылавым спіртам і асабліва небяспечным псіхатропным рэчывам – тэтрагідраканнабінолам.

«Таксама пры марфалагічным даследаванні трупа былі выяўлены прыкметы захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы, якія маглі садзейнічаць наступу смерці ад камбінаванага атручэння», – гаворыцца ў заяве ведамства.

Hавiны
Родных загінулага ў Рэчыцы Дзмітрыя Усхопава эвакуяваў «BySol»
2022.01.06 09:04

Пра сляды пабояў, пра якія паведамлялі сваякі і якія заўважалі эксперты на фота, нічога не паведамляецца.

У СК таксама заявілі, што ў затрыманага быў з сабой нібыта пакуначак з марыхуанай. Па гэтым факце пачатая крымінальная справа паводле ч.1 арт.328 («Незаконнае набыццё, захоўванне наркатычных сродкаў») КК. На гэтай падставе былі затрыманыя два сябры памерлага, у біялагічнай вадкасці якіх нібыта таксама знайшлі канабіноіды, а падчас ператрусу ў аднаго з іх быццам знайшлі ў гаражы марыхуану.

Мясцовыя жыхары змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. Затрыманым выставілі абвінавачанні, вырашаецца пытанне аб ужыванні да іх меры стрымання.

Hавiны
Юрыст пра справу Дзмітрыя Усхопава: «Узяты курс на поўную абарону прадстаўнікоў праваахоўных органаў»
2022.01.03 21:50

Нагадаем, што 27-гадовага жыхара Рэчыцы Дзмітрыя Усхопава затрымалі 31 снежня а 23:10 на аўтобусным прыпынку. Праз некаторы час міліцыянты прывезлі яго ў прыёмны пакой раённага шпіталю ў стане клінічнай смерці. Сваякі ўскладаюць адказнасць за гібель на міліцыю: яны лічаць, што ў будынку РАУС іхнага блізкага збівалі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў