Год альтэрнатыўнай гістарычнай памяці пачаўся. Лукашэнка: Рэч Паспалітая – «акупацыя Беларусі палякамі»


У дзень адпраўлення беларускіх вайскоўцаў здушваць пратэсты ў Казахстане Лукашэнка сабраў нараду аб «гістарычнай палітыцы».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка выступае на Форуме патрыятычных сілаў у гадавіну нападу СССР на Польшчу па змове з нацысцкаю Нямеччынаю. Менск, Беларусь. 17 верасня 2021 года.
Фота: president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка абвясціў 2022-і Годам гістарычнай памяці. 6 студзеня ён сабраў нараду «ў пытаннях рэалізацыі гістарычнай палітыкі», піша БелТА.

Лукашэнка заявіў, што нібыта паняткі «гісторыя» і «палітыка» цяпер упершыню ставяцца разам, а раней гісторыю «намагаліся не палітызаваць» (але пазней дадаў, што ашалела палітызавалі ў 1990-ыя). Цяпер «мы павінны прызнаць, што старонкі айчыннай гісторыі ператварыліся ў інфармацыйнае поле бою».

Ён заклікаў «даць адэкватную ацэнку» перыядам Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Спачатку сказаў, што «гісторыю перапісваць не будзем», і тут жа расказаў, як яе перапісаць:

«Давайце ў падручніках па гісторыі, у замкавых і музейных экспазіцыях так і назавем, напрыклад, перыяд Рэчы Паспалітай – акупацыяй беларускай зямлі палякамі. Этнацыдам беларусаў. А што гэта было для нашых продкаў? – казаў Лукашэнка. – Родная мова, культура, вера – пад забаронаю. Нельга было нават быць чалавекам. Магнаты на сабакаў мянялі беларускіх сялянаў. Але народ выжыў і больш за тое – захаваў сваю самабытнасць».

Рэч Паспалітая – канфедэратыўнае аб’яднанне Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага на падставе Люблінскай уніі 1569 года і шэрагу ранейшых уніяў. Вялікае Княства Літоўскае добраахвотна пайшло на унію праз войны з Масквою, у прыватнасці – праблемы ў Лівонскай вайне, перадала пад кантроль Кароны Польскай украінскія землі і частку земляў на захадзе сучаснай Беларусі. Пра «забарону» мовы, культуры і веры гаворкі не было, хаця праводзілася фактычная палітыка «апалячвання» ВКЛ, а старабеларуская мова перастала быць дзяржаўнай у 1696 годзе.

Артыкулы
Неасталінская прапаганда. Што адбываецца ў Беларусі з гісторыяй Другой сусветнай вайны
2021.06.22 08:00

Вялікае Княства Літоўскае, паводле Лукашэнкі, было чыста беларускім (хоць па-ранейшаму мяркуе, што Беларусь як нацыя «канчаткова сфармавалася ў савецкі час»).

«Сучасныя літоўцы фактычна прыватызавалі спадчыну гэтага дзяржаўнага ўтварэння. Але што там было літоўскага? Мова – нашая, на ёй жа напісаная і Канстытуцыя – Статут. Паноўная вера – праваслаўе. Тэрыторыя – у асноўным беларуская, украінская, часткова расейскія землі. Народ на 80 % – наш. Славяне. А гэта асноўныя атрыбуты і прыкметы дзяржаўнасці».

Насамрэч у склад Вялікага Княства Літоўскага ўваходзіла і практычна ўся тэрыторыя сучаснай Літвы. Княства было шматнацыянальным і шматканфесійным, у ім жылі і славяне, і балты, і юдэі, і мусульмане.

Лукашэнка таксама паставіў у віну продкам сучасных літоўцаў тое, што «калі на ўсю Еўропу грымелі Полацкае і Тураўскае княствы як цэнтры духоўнасці ды асветы», тыя «ўсё яшчэ жылі ў цемры паганства і вялі прымітыўную гаспадарку».

Крытычна глядзець на савецкую спадчыну Лукашэнка забараніў.

На думку Лукашэнкі, многія, хто вывешваў на вокнах нацыянальныя сцягі (якія ён назваў «анучамі»), цяпер «гэтага саромеюцца».

Hавiны
Стваральнік чырвона-зялёнага сцяга маляваў партрэт Гітлера, а бел-чырвона-белага – ратаваў габрэйскіх дзяцей
2020.12.06 21:32

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў