Беларускія вайскоўцы ўвайшлі ў склад «міратворцаў» АДКБ для Казахстану. Па іх ляціць самалёт са Пскова


Колькі беларускіх вайскоўцаў і з якіх войскаў паляціць дапамагаць такаеўцам, невядома.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія вайскоўцы вяртаюцца з вучэнняў у Таджыкістане. Аэрадром «Мачулішчы», Беларусь. 26 кастрычніка 2021 года.
Фота: Міністэрства абароны Беларусі

Арганізацыя дамовы аб калектыўнай бяспецы абвясціла пачатак «міратворчай місіі» ў Казахстане, піша расейскі «Коммерсантъ». Вайскоўцы будуць дапамагаць кіраўніку дзяржавы Касым-Жамарту Такаеву змагацца з масавымі пратэстамі, што пачаліся 2 студзеня.

Hавiны
АДКБ накіруе «міратворцаў» у Казахстан на просьбу Такаева. У Алматы – страляніна
2022.01.06 08:41

У склад «міратворцаў» увайшлі байцы расейскіх паветрана-дэсантных войскаў, а таксама вайскоўцы з Беларусі, Арменіі, Таджыкістану і Кыргызстану.

Сакратарыят АДКБ заяўляе, што расейская вайскова-транспартавая авіяцыя ўжо перакідвае расейскую частку «міратворцаў» у Казахстан, часткова расейскія «міратворцы» ўжо «прыступілі да выканання задачаў». Расейскі бок сцвярджае, што «міратворцы» АДКБ будуць не толькі ахоўваць вайсковыя і дзяржаўныя аб’екты, але і «спрыяць сілам правапарадку».

У Беларусь, як заўважыў блогер Антон Матолька, ляціць ужо другі вайсковы транспартавы самалёт з расейскага Пскова, а да аэрадрому ў Мачулішчах едуць грузавікі з вайскоўцамі і дзве машыны сілаў спецыяльных аперацыяў.

Беларускія дзяржаўныя медыі не раскрываюць падрабязнасцяў беларускага ўдзелу ў «выкананні інтэрнацыянальнага доўгу», а толькі цытуюць расейскія дзяржаўныя медыі.

АА belsat.eu

Стужка навінаў