З Веткаўскага музею звальняюць дырэктара. Але працаўнікі яшчэ вераць у калядны цуд


З Веткаўскага музею стараабрадніцтва і беларускіх традыцыяў імя Фёдара Шклярава звальняюць дырэктара Пятра Цалка. Пра гэта паведамілі ў Facebook-акаўнце ўстановы.

Пётр Цалко падчас экскурсіі ў музеі.
Фота: Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцыяў імя Ф. Р. Шклярава / Facebook

«Пятро любіць музей і не хоча мяняць працу ў Веткаўскім ні на што іншае. Але 1 студзеня сканчаецца працоўны кантракт з Пятром Міхайлавічам. І тыя, хто павінны кантракт працягнуць, працягваць яго адмаўляюцца…» – гаворыцца ў паведамленні.

Пятро Цалко прыйшоў працаваць у Веткаўскі музей яшчэ студэнтам – у верасні 2011 года. Ужо праз некалькі гадоў ён узначаліў гомельскі філіял музею, а з пачатку студзеня зрабіўся дырэктарам Веткаўскага музею.

«Пятро Міхайлавіч – той дырэктар, які сам з задавальненнем праводзіць экскурсіі і па музеі, і па Ветцы, ездзіць у экспедыцыі, прыдумляе новыя праекты», – заявілі ў сацсетцы музею.

Паводле паведамлення, «Веткаўскі музей часоў Пятра Цалка ўжо ўвайшоў у гісторыю беларускай музейнай справы яскравай і прыгожай часткай».

Адносна ж звальнення ў музеі яшчэ вераць у цуд, «тым больш надыходзіць святочны, калядны час».

У аснове Веткаўскага музею стараабрадніцтва і беларускіх традыцыяў асабістая калекцыя Фёдара Шклярава (1925–1988) – нарадзінца Веткі, выхадца са стараабрадніцкага роду, самадзейнага мастака, калекцыянера мясцовай даўніны. На падставе ягонага збору ў 1978 годзе і быў створаны музей.

Пры гэтым музей актыўна папаўняецца і іншымі творамі мастацтва. Напрыклад, летась быў набыты абраз з выявай Божай Маці, якая была часткай Царскай брамы XIX стагоддзя. А сёлета знайшлося і больш ранняе ды поўнае наверша з Царскай брамы з выявамі Божай Маці і Арханёла Гаўрыіла.

Аб’ектыў
На Веткаўшчыне Купалле адсвяткавалі «Талакою»
2019.07.07 22:23

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў