Праект новага пашпарту і план эканамічнага аднаўлення. Пра што казала Ціханоўская ў Кангрэсе ЗША


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская выступіла на слуханнях у Кангрэсе ЗША. Яна заклікала прызначыць прадстаўніка Злучаных Штатаў для працы з дэмакратычнай Беларуссю, падтрымаць праект новага беларускага пашпарту і ўлучыць нашую краіну ў план эканамічнага аднаўлення.

Святлана Ціханоўская ў Кангрэсе ЗША. 5 снежня 2023 года.
Фота: tsikhanouskaya / Telegram

Пасяджэнне адбылося ў еўрапейскім падкамітэце камітэту ў замежных справах Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША. У прамове абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская прапанавала некалькі ініцыятываў. Яна заявіла пра неабходнасць прызначыць адмысловага прадстаўніка ЗША, што паспрыяе стварэнню кааліцыі ў падтрыманне незалежнай дэмакратычнай Беларусі.

Ціханоўская таксама заклікала падтрымоўваць беларусаў і дапамагаць сем’ям рэпрэсаваных, ухваліць рашэнне аб надаванні статусу часовай абароны для беларусаў у ЗША.

Лідарка ўпэўненая, што «Лукашэнку і ягоных памагатых» трэба прыцягнуць да адказнасці праз міжнародныя суды, а ўсе пагадненні, падпісаныя Лукашэнкам з Расеяй, мусяць быць прызнаныя несапраўднымі. Супраць Масквы неабходна ўвесці новыя санкцыі за «незаконныя спробы ўзяць Беларусь пад кантроль»:

«Беларусь не павінна стаць суцяшальным прызам для Расеі. Свабода ў Беларусі ўдарыць па Пуціне мацней за любыя санкцыі і дапаможа Украіне перамагчы ў вайне. Таму падтрыманне свабоднай Беларусі – гэта не дабрачыннасць. Гэта вашыя інвестыцыі ў мір і бяспеку на ўсёй планеце».

Абраная прэзідэнтка адзначыла, што Беларусь пакрысе губляе суверэнітэт:

«За падтрыманне з боку Пуціна Лукашэнка плаціць нашым суверэнітэтам. Расея атрымлівае кантроль над эканомікай, нацыянальнай бяспекай, міжнароднымі стасункамі і медыя Беларусі. Працягваюцца нападкі Расеі на беларускую культуру, мову і нацыянальную ідэнтычнасць. Расея пашырае сваю вайсковую прысутнасць у Беларусі. Нядаўна яна размясціла на нашай тэрыторыі ядравую зброю».

Акрамя таго, Ціханоўская заклікала Кангрэс ЗША ўлучыць Беларусь у план эканамічнага аднаўлення – і пашырыць праект, які пакуль што тычыцца толькі Украіны і Малдовы, а таксама падтрымаць праект новага беларускага нацыянальнага пашпарту, які рыхтуецца да запуску ў 2024 годзе.

Святлана Ціханоўская ў Кангрэсе ЗША. 5 снежня 2023 года.
Фота: tsikhanouskaya / Telegram

«Мы падтрымоўваем Украіну ў яе справядлівай вайне за сваё выжыванне. Таму што лёсы нашых краінаў пераплеценыя. Мы змагаемся супраць аднаго і таго ж зла і за адны і тыя ж каштоўнасці. Без свабоднай Беларусі не будзе свабоднай Украіны. І наадварот», – падкрэсліла лідарка.

Яна прызнала, што без падтрымання ЗША беларусам будзе складана дамагчыся пераменаў у сваёй краіне.

«У 2020 годзе беларусы зрабілі відавочны выбар на карысць дэмакратыі, свабоды і правоў чалавека. Аднак дыктатар адмовіўся аддаць уладу і пагрузіў краіну ў тэрор. Я ўпэўненая, што Беларусь стане па-сапраўднаму незалежнай, свабоднай краінай, надзейным партнёрам, членам Еўрапейскага звязу і Трансатлантычнай супольнасці. Але каб дасягнуць гэтай мэты, нам трэба ліквідаваць нелегітымны рэжым дыктатара Аляксандра Лукашэнкі, які з дапамогай Расеі і пад яе кіраўніцтвам узурпаваў уладу. Мы разумеем, што перамены ў Беларусі – гэта наша адказнасць, але мы не зможам дасягнуць іх у адзіночку. Нам патрэбна падтрымка ЗША», – заявіла Ціханоўская.

Каментар
Прадстаўнік Дзярждэпу ЗША пра візіт Святланы Ціханоўскай у Вашынгтон
2023.12.05 18:33

Раней падчас гэтага візіту ў ЗША Святлана Ціханоўская наведала адзін з найбольш прэстыжных універсітэтаў свету – Ейлаўскі. Там яна выступіла перад студэнтамі і экспертамі разам з вядомым гісторыкам, прафесарам Тымаці Снайдэрам, які спецыялізуецца на гісторыі Усходняй Еўропы. Падчас выступу яна распавяла пра чаканні беларусаў ад Злучаных Штатаў Амерыкі, бачанне стратэгіі ЗША адносна Беларусі, а таксама пра беларуска-ўкраінскія сувязі.

Там жа адбылася сустрэча з беларускай дыяспарай, людзі прыехалі на сустрэчу з усёй Амерыкі. Ва ўніверсітэце цяпер працуюць некалькі беларусаў, у тым ліку рэжысёр Андрэй Курэйчык і прафесар эканомікі Андрэй Цывінскі.

Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі ўніверсітэту Святлана Ціханоўская прапанавала стварыць беларускі цэнтр ва ўніверсітэце, а таксама стыпендыі для беларускіх студэнтаў і даследчыкаў.

Hавiны
Ціханоўская заклікала стварыць стыпендыі для беларусаў у Ейлаўскім універсітэце
2023.12.05 11:48

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў