Андрэй Хадановіч: Чым бліжэйшы дзень краху рэжыму, тым больш балюча будзе ўсім нам


Увосень у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце адкрыліся бясплатныя курсы беларускай гісторыі і культуры. Адзін з выкладчыкаў – паэт, перакладчык, літаратуразнаўца і эсэіст Андрэй Хадановіч. Мы паразмаўлялі з ім пра тое, як выжывае беларуская культура ў выгнанні, што нам рабіць з расейскаю мовай і літаратураю, ці магчыма захаваць Беларусь за яе межамі і што агульнага паміж нашай краінаю ды змрочным светам Гэрбэрта Ўэлза.

Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч у ЕГУ. Вільня, Літва. 20 кастрычніка 2022 года.
Фота: Белсат

«У мяне вельмі маленькі досвед працы ў ЕГУ, я працаваў там пакуль толькі 5 дзён», – кажа ў пачатку размовы Андрэй Хадановіч. Мы размаўляем з ім якраз пасля заканчэння першых пяці лекцыяў у межах курсу, які называецца «Беларускае пісьменства ў кантэксце сусветнай культуры: літаратура, мова, пераклад». Курс складаецца з 30 лекцыяў, разлічаных на паўгода, адбывацца яны будуць у будынку ЕГУ ў цэнтры Вільні, у аўдыторыі імя Конрада Адэнаўэра.

  Якія першыя ўражанні ад заняткаў, слухачоў?

– Вярнуўся з Вільні акрылены. Цяпер не толькі навучэнцам не хапае добрых беларускіх выкладчыкаў, але і наадварот: пасля разгрому культуры ў Беларусі шмат кампетэнтных людзей, якія былі на сваіх месцах, страцілі працу, магчымасць даносіць веды і атрымліваць зваротную сувязь. Гэта адна з прыватных праяваў нашай агульнай бяды: падзеленасць, дэфіцыт камунікацыі між намі. Таму будаванне любых масткоў паміж беларусамі я ўсяляк падтрымліваю.

Ці можна за 30 заняткаў навучыць разбірацца ў літаратуры?

– За такі кароткі час, канечне, немагчыма навучыць літаратуры, але можна пракласці надзейныя і цікавыя маршруты на мапе сусветнай культуры, каб не заблукаць.

Адзін з важных для мяне пісьменнікаў, Поль Валеры, казаў, што літаратурныя ізмы – рамантызм, рэалізм і гэтак далей – як этыкеткі на віннай бутэльцы. Імі немагчыма ні ап’яніцца, ні спаталіць смагу, але яны выконваюць функцыю навігацыі – дазваляюць адрозніць шляхетнае віно ад бырла. Падобную сетку навігацыі ствараем і мы.

– На ваш курс падалося шмат ахвотнікаў. Што самае галоўнае вы хочаце ў яго закласці?

– Выкладанне ў Беларусі найчасцей адбываецца шляхам раскладання матэрыялу па палічках і будавання перагародак між імі. Вось тут паліца з замежнаю літаратурай, тут з расейскаю, а тут ёсць мілая рэзервацыя беларускай літаратуры, дзе чамусьці ўключаюцца іншыя законы і логіка. Мы ствараем для яе больш ільготныя крытэры і ў выніку ставім ніжэйшую планку. Шмат у каго пасля школы застаюцца не найлепшыя стэрэатыпы пра беларускую літаратуру як пра нешта анахранічнае: абавязкова пра вайну, партызанаў, вёску і буслоў. Трэба ўключаць наш матэрыял у сусветны, універсальны кантэкст. Паказваць, як універсальныя заканамернасці праяўляюцца ў нашых найлепшых творах. Менш камплексаваць і ставіць сябе ў пазіцыю ахвяры, знаходзіць вартае павагі і паважаць сваё. Гэта выдатна атрымлівалася ў творах Уладзіміра Караткевіча – на ягоных герояў хочаш быць падобным.

Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч чытае лекцыю ў ЕГУ. Вільня, Літва. 20 кастрычніка 2022 года.
Фота: Белсат

– Якое месца павінна заняць расейская літаратура ў нашай культуры?

– З расейскаю літаратурай усё проста: яе трэба паставіць на той жа ўзровень, што і замежную. Гэта літаратура нашых суседзяў, як і польская, украінская ці літоўская.

«Ніякі добры дзядзя ў гальштуку ці цёця з начосам не зробяць нічога за нас»

– У Беларусі з 2020 года трывае знішчэнне ўсяго беларускага, у краіне беларусу ўсё цяжэй адчуваць сябе беларусам. Але ці магчыма захаваць Беларусь за яе межамі, у цалкам іншым культурным асяродку?

– Канечне, перад намі стаяць сур’ёзныя выклікі. Культура перастала быць проста культураю мірных часоў. З 2020 года яна стала яшчэ і зброяй, працягвае быць спосабам узаемнай падтрымкі і нават тэрапіі. Сёння мы працягваем насуперак перашкодам фармаваць беларускую грамадзянскую супольнасць.

Цяперашні час паказвае, што ніякі добры дзядзя ў гальштуку ці цёця з начосам не зробяць нічога за нас. Будзе тое, што мы самі сабе прыдумалі, што самі збудавалі. На шчасце, існуюць тэхналогіі, якія яднаюць людзей, лучаць розныя гарады і краіны, дазваляюць падмануць прастору. Лучаць людзей у Беларусі, у якіх свой цяжар, свая трагедыя, з людзьмі, якія нібыта ў вальнейшым свеце, але таксама сутыкаюцца са сваім колам пекла, праблемамі выгнання. Мы ўсе патрэбныя адно адному, а культура – найлепшы спосаб нашага ўзаемадзеяння.

– Акрэсліце стан беларускай культуры і літаратуры цяпер.

Улетку 2022-га падчас фестывалю «Pradmova» ў Кракаве і Варшаве збіраліся чэргі па беларускія кніжкі. У адказ на выклік, калі мы параскіданыя па свеце, паўсюль, дзе ёсць заўважны асяродак беларусаў, мусяць паўставаць, інстытуцыялізавацца культурніцкія асяродкі. І гэта адбываецца. Паўстаюць выдавецтвы. Напрыклад, запатрабаваная дзейнасць маленькага пражскага выдавецтва «Vesna». У Польшчы, на Беласточчыне, стаў больш заўважным «Камунікат», які з інтэрнэт-рэсурсу ператвараецца ў выдавецтва з аўдыя- і папяровых кніг. Нядаўна з’явілася кніга Марыі Мартысевіч «Водападзел» з пазнакаю «Выдавецтва «Полацкія лабірынты». Варшава». Шызафрэнія гэтага спалучэння перадае нашую сённяшнюю рэчаіснасць.

Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч у ЕГУ. Вільня, Літва. 20 кастрычніка 2022 года.
Фота: Белсат

Беларускія музыкі ездзяць з краіны ў краіну ў канцэртныя туры. Праводзяцца канферэнцыі, напрыклад, Кангрэс беларусістаў. Віленскі ЕГУ застаецца некранутай разбурэннямі выспай, найбліжэйшай да Беларусі. Таму сёння ён мусіць перафарматоўвацца, чуць і адказваць на заклік беларусаў, якія прагнуць і пляцоўкі для культурнай камунікацыі, і адукацыі на беларускай мове. У гэтым сэнсе хочацца верыць, што распачатыя тут цяпер курсы – гэта не проста слой тынкоўкі і глянцу на трэшчыне на сцяне, а нешта больш сур’ёзнае.

– Беларусь там, дзе мы?

 Беларусь гэта не канкрэтная тэрыторыя, гэта душэўны, ментальны, экзістэнцыйны стан, і яна ёсць там, дзе мы знаходзім спосабы заяўляць пра сябе. Мы павінны быць заўважнымі. Зразумела, што за мяжою гэта рабіць лягчэй, і гэтую «фору» трэба адпрацаваць. Беларусы сёння ёсць паўсюль. Напрыклад, у Гданьску, куды я нядаўна пераехаў, прайшла літаратурная сустрэча, на якую сабралася поўная зала слухачоў.

– Наколькі паспяхова ўдавалася захоўваць сваю культуру ў выгнанні іншым народам?

Шмат каму гэта ўдалося. Праўда, не ўсе маюць такую вынаходлівасць, упартасць і крэатыўнасць, як габрэі. Аказалася, тое, што асацыявалася з далёкаю, хутчэй мёртваю, чымся актуальнаю культураю, можна адрадзіць, «затачыць» пад выклікі свайго часу. Усё гэта заіснавала не ў нейкім рэлігійным, кансерватыўным гета, а на ўсіх узроўнях арганізацыі грамадства і дзяржавы Ізраіль. Не думаю, што габрэям было лягчэй як нам.

У свой час чэхам удалося культурна мадэрнізавацца і паскорыцца, стварыць дзяржаву, прывабную для турыстаў. Ужо на маіх вачах супрацьстаялі русіфікацыі балтыйскія краіны. Але каб цяпер гэтыя дзяржавы эфектыўна функцыянавалі, у свой час яны пазмагаліся за сваю незалежнасць. Людзі культуры – пісьменнікі, музыкі, акторы – выходзілі на свае трыбуны і казалі тое, што адгукалася ў іншых. Яны зрабілі свой унёсак у гэтую справу. А гэта ў іх яшчэ TikTok не было.

Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч чытае лекцыю ў ЕГУ. Вільня, Літва. 20 кастрычніка 2022 года.
Фота: Белсат

«Можа быць, у 2020-м мы занадта задзерлі нос. І рэальнасць нам жорстка адпомсціла»

– Культура працягвае быць зброяй. Але расейская культура і літаратура – таксама зброя. Што з гэтым рабіць, калі беларусы ў большасці сваёй камунікуюць па-расейску і столькі гадоў існуюць у расейскім кантэксце?

Мы часам наракаем, што ўкраінцы ў сваім болю не бачаць розніцы паміж лукашыстамі ды антылукашыстамі. Расейская культура таксама розная. Можна знайсці імперыялізм у Пушкіна, Лермантава, Дастаеўскага, але пры ўсім жаданні немагчыма яго знайсці ў Чэхава. Альбо прыгадаем Замяціна з ягоным раманам «Мы», які прыдумаў жанр антыўтопіі, апярэдзіўшы Гакслі з Оруэлам. Нельга закрэсліваць цалкам усяго, абагульняючы і мыслячы катэгорыямі «мы». Мы тады самі ператвараемся ў герояў Замяціна.

Разам з тым, сёння нам самім варта ўсвядоміць, што руская культура – гэта толькі культура нашых суседзяў, магчыма, не самых блізкіх. Але не варта займацца «самастрэламі». Усе беларускія інтэлектуалы, не кажучы пра звычайных людзей, не пяройдуць за адныя содні на беларускую мову. Зразумела, што будзе з’яўляцца расейскамоўны беларускі прадукт. У нас шмат такіх паэтаў, пісьменнікаў, большасць сучаснай драматургіі ды кінематаграфіі – расейскамоўныя. Трэба аддзяляць гэтыя рэчы, як гэта робіць Украіна. Расейскамоўныя ўкраінцы, гэтак жа як украінскамоўныя, бароняць сваю незалежнасць і радзіму ад «русского мира». Ці як ірландскія патрыёты, носьбіты англійскай мовы, змагаліся з англійскімі акупантамі ў свой час.

– З аднаго з вашых інтэрв’ю запомнілася думка: мы, беларусы, будзем любіць там, дзе цяжка не ненавідзець…

Беларусаў цяжка раскруціць на нянавісць і нейкую агрэсіўную дзейнасць. Магчыма, гэта частка нашай агульнай пасіўнасці. Нам патрэбны час, каб саспець да пратэстаў. Колькі мераў цярпення спатрэбілася, каб урэшце выбухнула? Але беларусы, разам з тым, апошнія, хто паддасца на зло ў сітуацыі, калі зло будзе нас правакаваць.

Андрэй Хадановіч на канцэрце Вольнага хору. Варшава, Польшча. 29 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

Праўда, ад такіх думак да самазакаханасці адзін крок. Я часам думаю, можа быць, у 2020-м, пасля выбараў, мы занадта задзерлі нос, і рэальнасць у адказ ткнула нас у той стан, у якім мы перабываем цяпер. Мы так ганарыліся сваёй «цудоўнасцю, неймавернасцю», сваім «белым паліто» пры недаробленай рэвалюцыі, што рэальнасць нам жорстка адпомсціла. Давайце спачатку яшчэ шмат чаго зробім, а пасля ўжо будзем апавядаць, якія мы крутыя.

«Мы занадта доўга не думалі, што там дзеецца ў беларускіх казармах»

– Назіраючы за тым, што адбываецца з нашаю краінаю, часта праводзяць паралелі з літаратураю: згадваем Оруэла, Рэмарка, Брэдбэры. А якія літаратурныя паралелі ўзнікаюць у вас?

Я неяк капнуў змрочную фантастыку Гэрбэрта Ўэлза. Ягоны падарожнік у «Машыне часу» перамясціўся ў будучыню і пабачыў, як чалавецтва падзялілася на дзве расы: адныя сышлі пад зямлю і зрабіліся змрочнымі марлокамі, якія пажыралі наземных элітарных істотаў. Другія – бяскрыўдныя інфантыльныя элоі («мірныя людзі») – жылі на паверхні. Яны нарадзіліся з таго класу, каму залёгка давалася жыццё ды існаванне. Таму штосьці важнае ў іх таксама адмерла.

Беларускае дзяленне на расы палягае зусім інакш. Лукашэнкаўская Беларусь паставіла падземных драпежных марлокаў у прывілеяваны стан, а ўсё крэатыўнае, мірнае, бяззбройнае – у стан прыгнечанасці. Таму нашыя элоі не бяззубыя, для выжывання яны зрабілі ў 10 разоў больш, чымся іхныя калегі за мяжой, у іншых грамадствах, у больш цывілізаваных умовах.

Разам з гэтым у нас працавала негатыўная сістэма адбору. Шмат гадоў усё найгоршае сацыяльна стымулявалася. У збіцці студэнтаў амапаўцамі, як пісаў паэт, бачылася помста: вось так, заломваючы рукі і пакуючы ў аўтазакі, сілавікі дакраналіся да вышэйшай адукацыі. У сілавыя органы адбіраліся людзі з меншым узроўнем інтэлекту, садысцкімі схільнасцямі, ім штампавалі мазгі дзяржаўнай ідэалогіяй, іх вучылі бачыць ворагаў у іншых. І гэтыя людзі ў выніку шчыра катуюць у засценках тых, хто мірна выказваў пратэст. Тая ж гісторыя з чыноўнікамі – цётачкамі з начосамі і дзядзечкамі з апухлымі сінюшнымі тварамі. Яны адбіраліся не згодна з узроўнем прафесіяналізму, а паводле прынцыпу адданасці рэжыму.

Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч у ЕГУ. Вільня, Літва. 20 кастрычніка 2022 года.
Фота: Белсат

Як мы выгадавалі гэта на сваім грамадскім целе? Элоі ва Ўэлза пачыналі баяцца толькі тады, калі згушчалася цемра, а значыць, марлокі выйдуць ды сцягнуць і зжаруць кагосьці. Ім камфортней было рэшту часу не думаць, што адбываецца пад зямлёю. Так і мы занадта доўга не думалі, што там дзеецца ў беларускіх казармах. Мы з апанентамі існавалі ў паралельных Беларусях, сутыкаючыся раз на пяць гадоў падчас разгонаў мітынгаў. Цяпер расплачваемся за гэта, бо маем на шыі сістэму, якую цяжка зрынуць – уладу ў краіне захапілі монстры.

– Чым скончыцца беларуская версія раману?

Ва Ўэлза нічым добрым гісторыя не скончылася. Калі гаворка пра наш выпадак, я дзесяцігоддзямі кажу, што веру ў непахісныя рэчы. Напрыклад, у геаграфію. Немагчыма бясконца быць тым, чым ёсць наш рэжым, у краіне ў цэнтры Еўропы. Усё безумоўна скончыцца добра, сілы зла ў гэтым годзе ўвайшлі ў такі штопар, што нейкіх паспяховых спосабаў і стратэгіяў выхаду адтуль проста няма. Што пуцінская імперыя, што яго беларускі сатэліт – кожным крокам яны знішчаюць сябе і набліжаюць свой незваротны крах.

Разам з тым відавочна: чым бліжэй будзе дзень гэтага краху, тым больш балюча будзе ўсім нам. Сённяшняе дно болю і роспачы, магчыма, не апошняе. Але блізкасць фіналу падказвае не здавацца, рабіць усё, каб застацца людзьмі, нават у нялюдскай сітуацыі, застацца беларусамі перад абліччам сілаў, якія знішчаюць Беларусь рознымі спосабамі, не сарвацца на злосць і нянавісць, не рассварыцца да стану, калі рэшту жыцця будзе сорамна глядзець адно адному ў вочы. Мы здаем вялікі экзамен – выпрабаванне на чалавечнасць. Але кожны экзамен канчаецца. Будзе і выпуск, і атэстат, і радасныя сэлфі ў акадэмічных шапачках з дыпломамі еўрапейскага ўзору.

Саша Гоман  belsat.eu

Стужка навінаў