Алімпійскія гульні ў ценю вайны ў Еўропе. Ці можна заставацца нейтральным?


6 кастрычніка на «Белсаце» адбудзецца двухгадзінная публічная дыскусія, прысвечаная крытэрыям допуску беларускіх і расейскіх спартоўцаў на афіцыйныя міжнародныя спаборніцтвы, у тым ліку, і на галоўныя старты чатырохгоддзя – Алімпійскія Гульні-2024 у Парыжы, а таксама з перспектываю на Белую Алімпіяду-2026, што пройдзе ў італьянскіх Мілане ды Картына-д’Ампэцца. Напярэдадні «Белсат» паразмаўляў з асноўнымі спікерамі гэтага мерапрыемства. 

Украінцы пратэстуюць супраць любога ўдзелу расейскіх і беларускіх спартоўцаў у Алімпійскіх гульнях у Парыжы 2024 перад візітам Томаса Баха, прэзідэнта Міжнароднага алімпійскага камітэту ў горадзе Эсэн (Essen), Нямеччына. На плакаце напісана «Любы нейтральны сцяг для расейскіх спартсменаў заліты крывёй» і «Ніякай Алімпіядзе Расеі і Беларусі». 22 сакавіка 2023 года.
Фота: Jana Rodenbusch / Reuters / Forum

Арганізатару – Беларускаму Фонду спартовай салідарнасці (BSSF) удалося падабраць менавіта такіх экспертаў са свету спорту, якія маюць цвёрдасць у сваіх перакананнях і не вагаюцца, як чыноўнікі Міжнароднага Алімпійскага камітэту. Яны ахвотна пайшлі на прапанову карэспандэнта «Белсату» яшчэ загадзя распавесці пра сваю пазіцыю і пра тое, што хацелі б данесці да буйных міжнародных спартовых структураў, у тым ліку да функцыянераў Еўрапейскіх Алімпійскіх камітэтаў і Міжнароднага Алімпійскага камітэту.

Пётр Дэк (Piotr Dec), былы генеральны сакратар Польскага гімнастычнага звязу (PZG), цяпер чалец працоўнай групы Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі (FIG, Fédération Internationale de Gymnastique):

– Чацвер, 24 лютага 2022 года, дзень уварвання Расеі ва Украіну, быў чацвёртым днём маёй працы ў польскай федэрацыі гімнастыкі. Грамадска-палітычным жыццём Расеі я цікавіўся даўно, пачатак вайны для мяне быў пытаннем часу. На жаль, я чакаў, што гэта адбудзецца. Нягледзячы на даволі добрыя веды найноўшай гісторыі Расеі, я, тым не меней, быў уражаны маштабам жорсткасці расейскіх вайскоўцаў і наймітаў.

У польскім гімнастычным звязе мы заўсёды падтрымлівалі дзейнасць і ініцыятывы, скіраваныя на адлучэнне прадстаўнікоў Расеі і Беларусі ад сусветнага спорту. Але перш за ўсё мы дапамагалі нашым калегам з Федэрацыі гімнастыкі Украіны і ўкраінскім спартоўцам. Напрыклад, арганізоўвалі зборы нацыянальнай каманды Украіны ў Польшчы. Напэўна, усе гімнастычныя клубы ў Польшчы падключыліся, не толькі прымаючы спартсменаў і трэнераў з Украіны, але і дапамагаючы з размяшчэннем, праходжаннем бюракратычных фармальнасцяў ды з пошукамі працы.

Зараз мая пазіцыя дакладна акрэсленая: я лічу, што спартоўцы з Расеі і Беларусі не павінны ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях у Парыжы ўвогуле. Ні ў колерах сваёй краіны, ні пад нейтральным сцягам.

Бо паводзіны некаторых расейцаў, як, напрыклад, гімнаста Івана Куляка (выйшаў на п’едэстал гонару ў касцюме з літарай «Z») яскрава паказваюць, што ў галаве такіх «патрыётаў» нічога не змяняецца, а таксама тое, наколькі ў Расеі пераплеценыя палітыка і спорт, якія існуюць адначасова. Таму я не стаў бы звяртаць увагу на адсутнасць прабачэнняў ці нейкіх спачуванняў з боку спартоўцаў Расеі, бо не ўпэўнены, што яны будуць успрынятыя за шчырыя.

Асобы, якія павінныя прыйсці да выніковых рашэнняў – чальцы Міжнароднага Алімпійскага камітэту і міжнародных спартовых федэрацыяў – мусяць задацца пытаннем: каму рэальна выгодна дапусціць расейцаў да міжнародных стартаў і да Алімпіяды ў Парыжы? Бо ў любым выпадку, гэта будуць прадстаўнікі злачыннага рэжыму Пуціна. Таму не павінна быць аніякай паблажлівасці ў адносінах да Расеі і ў змяншэнні санкцыяў, уведзеных WADA (World Anti Doping Agency, Міжнароднае антыдопінгавае агенцтва).

Мы не можам змяніць мінулае, але здольныя зрабіць высновы з таго, што адбылося і скарэктаваць нашыя цяперашнія і будучыя дзеянні. На жаль, для МАК тое, што ўжо здарылася, не стала ўрокам.

Леа Крюгер (Léa Krüger), лідарка зборнай Нямеччыны па фехтаванні на шаблях:

– Міжнародны Алімпійскі камітэт бачыць сваю ролю ў аб’яднанні спартоўцаў з усяго свету, незалежна ад палітычных выклікаў, якія адбываюцца. Ідэя, што спорт павінен быць па-за палітыкаю, была арыенцірам, якога прытрымліваліся шмат гадоў. Але відавочна, што спорт і палітыка не могуць быць падзеленыя ніколі.

Лідарка зборнай Нямеччыны па фехтаванні на шаблях Леа Крюгер.
Фота: Malte Ossowski/SVEN SIMON / imago sport / Forum

Той жа МАК гэтаму садзейнічаў, спакойна, на працягу шматлікіх гадоў, назіраючы, як спорт выкарыстоўваецца дзеля палітычнай прапаганды. Напад Расеі на Украіну і неаднаразовае парушэнне расейцамі Алімпійскага перамір’я прымусілі МАК знайсці сярэдні шлях паміж нейтралітэтам і ўласнай мірнай місіяй. Але, аддаўшы міжнародным спартовым федэрацыям права вырашаць, вяртаць ці не расейцаў ды беларусаў да афіцыйных спаборніцтваў, яны зрабілі сітуацыю яшчэ больш заблытанай.

Чаму Еўрапейскія Алімпійскія камітэты маюць вызначаную пазіцыю ў адрозненне ад МАК? Таму што ў Еўропе, дзякуючы гістарычнаму ўплыву, мы дасягнулі вялікіх поспехаў у павазе да правоў чалавека і абароне асобы. Разам з Еўрапейскім судом па правах чалавека і Міжнародным крымінальным судом мы маем дзве буйныя ўстановы, якія забяспечваюць выкананне правоў чалавека і Статута ААН. Тых, хто іх парушае, караюць. Захопніцкая вайна супраць іншай еўрапейскай дзяржавы была рашуча асуджаная супольнай Еўропай. Таму мы выключылі магчымасць таго, каб спортам злоўжывалі як палітычным інструментам у агрэсіўных ваенных мэтах. Дазвол асобным спартоўцам з Расеі спаборнічаць на роўні з усімі, нават пад нейтральным сцягам, не дасягне сваёй мэты. Бо нейтралітэт не працуе ў спорце.

Важней абараніць правы ўкраінскіх спартоўцаў, якія масава пацярпелі з-за вайны.

Я разумею выклікі і задачы, якія стаяць перад МАК і міжнароднымі арганізацыямі. Аднак мы даўно дасягнулі таго моманту, калі спорт ужо не можа пазіцыянаваць сябе як нейтральны і апалітычны. Ён таксама павінен спыняць войны і садзейнічаць усталяванню міру і міжнароднага разумення.

Я хацела б, каб спартоўцы ўсяго свету актыўна вялі дэбаты на гэты конт. Нам патрэбныя рэкамендацыі, якіх можа прытрымлівацца міжнародны спорт і ўсе, хто хоча быць чальцамі алімпійскай сям’і, каб абараніць каштоўнасці, якімі, уласна, і павінен жыць дух суперніцтва на вялікіх арэнах.

Інтэрв’ю
Аляксандр Апейкін: «Мы маем нейкую нявызначанасць з боку МАК і ўсёй міжнароднай спартовай супольнасці»
2023.09.27 14:00

Станіс Элсборг (Stanis Elsborg), Данія. Старэйшы аналітык і галоўны арганізатар канферэнцыі Play the Game, уладальнік ступені магістра гуманітарных і сацыяльных навук Капенгагенскага ўніверсітэту ў галіне спорту, палітыкі і нацыянальнай ідэнтычнасці:

– Я з задавальненнем прыняў запрашэнне паўдзельнічаць у гэтай дыскусіі. У першую чаргу таму, што тэма допуску расейскіх і беларускіх атлетаў да Алімпіяы-2024 у Парыжы зʼяўляецца адной з найважнейшых у міжнародным парадку дня. Тут ёсць многа пунктаў гледжання, якія неабходна вывучаць. Таксама хачу адзначыць высокі ўзровень працы BSSF, які арганізаваў гэтую дыскусію, і хацеў бы ўнесці свой уклад у гэтыя важныя дэбаты.

Я не ўспрымаю вызначэнне «нейтральны атлет». Ніхто не можа па-сапраўднаму заставацца нейтральным, беручы ўдзел у Алімпіядзе. Гэта спорт, і там складваецца сітуацыя, калі «мы супраць іх». Як хто-небудзь можа быць нейтральным у гэтай сферы?

Акрамя таго, на папярэдніх Алімпійскіх гульнях мы былі сведкамі таго, што расейскіх спартсменаў прадстаўлялі як нейтральных, але не было ніякіх сумненняў у тым, якую краіну яны рэпрэзентуюць. Суцэльны фарс!

Зараз мы назіраем жорсткую вайну ва Украіне, якую распалілі Уладзімір Пуцін і расейскі рэжым, які гістарычна выкарыстоўваў спорт для палітычнай прапаганды. Гэта абраза не толькі для ўкраінскага народу, які павінен змагацца за сваю краіну, альбо ўцякаць са свайго дому, але і для многіх украінскіх спартоўцаў, якія сталі сведкамі бязлітаснага агню ў сваім доме.

Падобна на тое, што міжнародныя федэрацыі прыдумляюць нестандартныя рашэнні, якія дазваляюць расейскім спартсменам вярнуцца ў асноўны спорт, і гэта вельмі засмучае.

Падчас дыскусіі хацеў бы звярнуць асаблівую ўвагу на тое, што спорт з’яўляецца часткай пуцінскай ваеннай прапаганды і абмеркаваць, чаму вельмі нешматлікія спартыўныя федэрацыі маюць волю супрацьстаяць выклікам знешняга свету. Тое ж датычыцца і МАК. Можа яны і бачаць нейкія пазітыўныя змены ў жорсткай вайне, але відавочна, што гэта не так.

Канстанцін Якаўлеў, актывіст SOS.BY (Вольнае аб’яднанне спартоўцаў Беларусі):

– Я жыву ў Кіеве і бачу, якая гэта балючая тэма для ўкраінцаў, калі дапускаецца нават проста разгляд магчымасці ўдзелу ці няўдзелу расейцаў і беларусаў у міжнародных стартах. Яны расцэньваюць гэта, як максімальна несправядлівую рэч з такім самым раздражняльным эфектам, з якім уплывае чырвоная ануча на быка.

Актывіст Вольнага аб’яднання спартоўцаў Беларусі Канстанцін Якаўлеў.
Фота: kostet1985 / Instagram

Фехтавальшчыца Вольга Харлан тут стала нацыянальнай гераіняй пасля таго, як адмовілася адказаць на вітанне суперніцы з Расеі. Таму ва Украіне спробы рашысцкіх і лукашысцкіх спартоўцаў хоць неяк прабіцца на міжнародную арэну ўспрымаюцца вельмі востра.

Расея вельмі імкліва скокнула ў таталітарызм, раней неяк прыкрываючы гэтыя памкненні. Наколькі я ведаю, многія беларусы казалі, маўляў, Пуцін не такі як Лукашэнка. То зараз усе бачаць, што такі самы. Страх у тым ліку перакінуўся і на спартоўцаў. Цяпер допуск, на маю думку, магчымы толькі з умоваю падпісання Антываеннай дэкларацыі.

Я маю зносіны з людзьмі і ўвесь час пераконваюся, што допуск у любым выпадку адбудзецца. Сыходзячы з гэтага першапачатковым павінна стаць асуджэнне вайны. Ужо гэта будзе перамогаю і для міжнародных спартовых чыноўнікаў і для Беларускага Фонду спартовай салідарнасці, ды і для ўсіх атлетаў свету.

Але як дамагчыся гэтага асуджэння ад расейцаў – пытанне, якое пакуль не мае адказу.

Анатоль Котаў, кіраўнік міжнароднага дэпартаменту Беларускага фонду спартовай салідарнасці:

– Мы настойвалі на тым, каб падобныя дэбаты адбываліся ў Еўрапарламенце і былі публічнымі. Беларускі Фонд спартовай салідарнасці не падтрымлівае негатыўнае стаўленне да быццам бы няпэўнага статусу «нейтральнасці» спартоўца. Мы выступаем за тое, каб на Алімпіядзе знайшлося месца для, скажам, 10 герояў, якія здольныя будуць зрабіць выклік рэжымам Лукашэнкі і Пуціна і асудзяць гвалт і вайну, выказаўшы сваю грамадзянскую пазіцыю. Наколькі я ведаю, расейцы разлічваюць на прысутнасць у Парыжы як мінімум 160 асобаў. Гэта палова ад звычайнага складу дэлегацыі.

Міжнародны Алімпійскі камітэт, відаць, хацеў бы, каб так і было: прымірыць усіх, змякчыць сітуацыю. Каб усе былі задаволеныя. Але тут відавочная непаслядоўнасць, падвойныя стандарты. У гэтай сітуацыі наадварот усе будуць незадаволеныя. Таму і ў МАК, і ў нас, Беларускага Фонду спартовай салідарнасці, ёсць яшчэ час каб пераканаць адно аднаго і ўтрымаць ад непрадуманых рашэнняў. Універсальны вердыкт, ці блізкі да яго, павінен існаваць. Імаверна ўжо неўзабаве мы ўсе яго пачуем.

Агляд
Выступаем з 1912-га, першага чэмпіёна перамог зялёны змей: 10 цікавых фактаў пра беларусаў і Алімпійскія гульні
2023.10.05 12:07

Алесь Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў