«Для нас гэта – вяртанне ў пекла». Споведзь маці вучня, які быў вымушаны вярнуцца ў дзяржаўную школу


З панядзелка 3 кастрычніка амаль усе прыватныя школы ў Беларусі прыпынілі сваю дзейнасць як мінімум на месяц – для ліцэнзавання. Калі не атрымаюць ліцэнзіяў, будуць зачыненыя. Бацькоў вучняў, якія вучыліся ў прыватных установах, ужо цяпер змушаюць перавесці дзяцей у дзяржаўныя школы. Маці аднаго са школьнікаў у размове з «Белсатам» заклікае чыноўнікаў выканаць нарэшце загад Лукашэнкі – і пачуць народ, бо «прыватныя школы – не пра палітыку».

«Калі я сказала свайму дзіцяці, што мы вымушаныя вярнуцца туды, адкуль сышлі, – у яго пачалася істэрыка. Бо ў яго забралі шчасце, ягоны камфорт, у яго забралі атмасферу, у якой яму было добра.

І я яго выдатна разумею, бо дагэтуль, калі праходжу міма нашай гімназіі, мяне трошку калоціць. Ніколі не думала, што вернемся туды. Таму што для нас гэта насамрэч – вяртанне ў пекла», – прызнаецца Вікторыя.

«Пэўны генатып»

Жанчына ўспамінае, што праблемы ў дзяржаўнай гімназіі, дзе вучыўся ейны сын, пачаліся з першага класу. Хлопчык з яркай індывідуальнасцю, якую не ўмеў хаваць і «адаптаваць» да абставінаў, з моцным жаданнем быць выслуханым і пачутым, зрабіўся раптам ізгоем. І гэта ў гімназіі, якая на той час лічылася элітнай.

Пачатак навучальнага года ў Менску, Беларусь. 1 верасня 2022 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Са словаў маці, усё пачалося з «публічнай поркі» на педсавеце з нагоды школьнага здарэння: вучань штурхануў іншага вучня – той атрымаў сіняк.

«Зрабілі з гэтага трагедыю. І ніхто не спрабаваў размаўляць і разбірацца – была публічная порка і прыніжэнне. Збіраецца педсавет, на якім робяцца вымовы наконт дрэнных паводзінаў і г. д. Вердыкт псіхолага: «гэта ў яго генетычнае», «пэўны генатып». Вердыкт адміністрацыі: «усё з сям’і». Вось так…» – расказвае маці вучня.

Перажытае «калектыўнае зневажэнне» не магло не адбіцца на псіхалагічным стане 7-гадовага хлопчыка. Ён замкнуўся, лепей сябе паводзіць не стаў і – зрабіўся ізгоем. Адзнакі таксама папаўзлі ўніз.

«Не, я не магу сказаць, што там былі кепскія настаўнікі ці кепскі псіхолаг. Проста гэтыя людзі працавалі адпаведна той сітуацыі, у якой знаходзіліся. Калі ў класе 35 дзяцей, а мінімум 20 патрабуюць увагі, вядома ж, педагог не дае рады», – кажа Вікторыя.

«Школа перастала быць катаргай»

Маці хлопца распавядае, што так толкам і не пазнаёмілася з першай настаўніцай сына, хоць тая наведвала іх удома (мела такі абавязак). Настаўніца валодала інфармацыяй пра колькасць квадратных метраў і пра ўмовы, у якіх жыве дзіця. Але не ведала, што яго турбуе і пра што ён марыць.

Пачатак навучальнага года ў Менску, Беларусь. 1 верасня 2022 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«І калі я прыходзіла ў клас, я ніколі не бачыла, каб настаўніца займалася дзецьмі: яна ўвесь час сядзела за сталом і запаўняла нейкія паперкі. Запаўняла і запаўняла! Ну не было ў яе часу падысці да дзіцяці і спытацца, як ён учора правёў вечар і што будзе рабіць сёння», – гаворыць Вікторыя.

Сын Вікторыі вытрымаў у дзяржаўнай гімназіі 4 гады. Па заканчэнні пачатковай школы вырашылі адтуль сысці.

«Сышлі ў прыватную школу, што ў матэрыяльным сэнсе было вельмі складана. Даводзілася штомесяц аддаваць больш за палову заробку», – кажа маці вучня.

Яна згадвае, як яе ўразіла першая размова з псіхолагам у прыватнай школе, калі расказала ёй, што прыйшлі з не вельмі добрымі адзнакамі. Тая ўсміхнулася і зазначыла: «Слухайце, давайце, можа, у гэтым узросце не пра адзнакі будзем гаварыць…» На першым месцы тут была асоба і яе эмацыйны стан.

«І ведаеце што, здарыўся цуд: школа перастала для нас быць катаргай. Мой дзяцёнак больш не ішоў у школу як на гільяціну. І прыходзіў у нармальным настроі, распавядаў пра аднакласнікаў, настаўнікаў. Штосьці яму падабалася, штосьці не, але гэта былі субʼектыўныя моманты – абʼектыўна ж ён быў усім задаволены. А я адчувала, што мой дзяцёнак пачуты», – кажа жанчына.

«Было зусім не пра палітыку»

Вікторыя гаворыць пра неверагодную атмасферу ў школе і пра тое, што гэта было месца, дзе «шчаслівымі адчувалі сябе ўсе: і дзеці, і настаўнікі, і бацькі». А калі і ўзнікалі праблемы, дык развязваліся праз дыялог, «прычым вельмі хутка».

«І яшчэ раз: там было зусім не пра палітыку. Гэта была проста школа, проста месца, дзе вучылі і размаўлялі з дзецьмі, займаліся з імі. Дзе ніхто мне не казаў пра «пэўны генатып». І я гатовая была аддаваць усе свае грошы за тое, каб ён хадзіў туды і навучаўся ў гэтай школе», – запэўнівае маці вучня.

Пачатак навучальнага года ў Менску, Беларусь. 1 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Але надышоў навучальны 2022–23 год. Школа, у якой вучыўся сын Вікторыі, здолела атрымаць сертыфікат гатовасці (хоць некаторым ужо на гэтым этапе забаранілі працаваць) і пачаць навучальны год, але пад ціскам, бо трывалі пастаянныя праверкі. А потым – здарэнне ва ўстанове «Смарт-скул», абураны Лукашэнка («антыдзяржаўная клаака!») – і механізм «зачысткі ўсяго да немагчымасці» быў запушчаны.

Як расказвае Вікторыя, бацькам вучняў прыватных школаў спачатку прыходзілі лісты праз пошту. Упраўленні адукацыі інфармавалі пра непадпісаныя сертыфікаты гатовасці і прапаноўвалі з 23 да 26 верасня звяртацца ў дзяржаўныя ўстановы адукацыі «ў пытаннях залічэння і далейшага навучання дзіцяці». Потым пайшлі тэлефанаванні са школаў.

«Размаўлялі вельмі ветліва. Казалі, што нас чакаюць у дзяржаўную школу. І гэта было вельмі дзіўна, таму што ў гімназіі тры разы перахрысціліся, калі мы забралі адтуль дакументы. А тут тая ж самая спадарыня, якая так радавалася, што мы сышлі, кажа: «Мы вас чакаем, прыходзьце да нас! Калі вы да нас прыйдзеце?» – усміхаецца Вікторыя.

Потым пачаліся візіты.

«Яны сталі прыходзіць нагамі. Са школаў, аддзелаў адукацыі. Жанчыны. Да некаторых прыходзілі мужчыны, але мне не пашанцавала. І зноў вельмі і вельмі ветліва размаўлялі. Прапаноўвалі нават не толькі «школу па прапісцы», але – любую, на выбар. І гэта вельмі дзіўна, таму што ў некаторыя школы ўлезці немагчыма. А тут – прыходзьце! Казалі, што разумеюць усю абсурднасць сітуацыі і вельмі нам спачуваюць, але «нічога зрабіць не можам»… – распавядае Вікторыя.

І пры ўсёй «ветлівасці» і «прыязнасці», ужо развітваючыся, папярэджвалі: калі сын не сядзе за парту ў панядзелак – паставяць на ўлік сацыяльна небяспечнага стану, ці, як скарачаюць чыноўнікі, СОП, прычым вельмі хутка.

«Усе няшчасныя, і незразумела, хто выйграў»

«Што я ведаю ад настаўнікаў дзяржаўных школаў, дык тое, што яны вельмі занепакоеныя, мякка кажучы, сітуацыяй, бо класы там перапоўненыя. Я ведаю, што адміністрацыі ўсіх дзяржаўных школаў працавалі на выходных, як і ўсе аддзелы адукацыі: прымалі бацькоў, выдавалі ім накіраванні. У іх не прадыхнуць – па 35 дзяцей у класах. І тут яшчэ прывядуць», – кажа Вікторыя.

Паводле ейнай інфармацыі, толькі ў Фрунзенскім раёне сталіцы трэба было ўладкаваць каля 500 дзяцей з прыватных школаў.

«І атрымліваецца, што ў гэтай сітуацыі зусім незразумела, хто выйграў. Няшчасныя настаўнікі прыватных школаў, няшчасныя дзеці і бацькі, няшчасныя адміністрацыі і настаўнікі дзяржаўных школаў. Таму што адграбаць давядзецца ім. Бо чыноўнікі зараз парашаюць гэтыя пытанні і забудуць», – мяркуе нашая суразмоўца.

Са сваім дзіцём Вікторыя дамовілася, што ён пойдзе «на гэтую вымушаную меру». Маўляў, пакуль так, але будзем спадзявацца, што прыватная школа ўсё ж атрымае ліцэнзію, і мы зможам туды вярнуцца.

«Калі гэтага не адбудзецца праз месяц, то я нават і не ведаю, што рабіць далей. Я дакладна ведаю, што не магу пакінуць майго дзіцяці там, куды ён пайшоў у панядзелак. Таму што гэта будзе мець вельмі дрэнныя наступствы», – упэўненая Вікторыя.

«Не можам выключаць нават «маленькага Іжэўску»

Жанчына кажа, што сын захаваў крыўду на гімназію, і вельмі цяжка прагназаваць, дзе і калі адбудзецца выбух. На ейную думку, большасць тых падлеткаў, якія вярнуліся ў дзяржаўныя школы, пайшлі туды «ў вельмі дрэнным настроі», бо ў іх забралі прастору, дзе яны адчувалі сябе камфортна.

Вучні старэйшых класаў у піянерскіх гальштуках выносяць дзяржаўны сцяг на ўрачыстай лінейцы ў адной са школаў у Менску, Беларусь. 1 верасня 2022 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Якія гэта будзе мець наступствы? У найлепшым выпадку – будзе бунт. Яны ж будуць адчуваць сябе няшчаснымі! А што такое падлетак, які адчувае сябе няшчасным?.. Як па мне, мы не можам выключаць нават «маленькага Іжэўску» ў Менску. Хто ведае, што ім прыйдзе да галавы? Яны будуць помсціць, бо ў іх забралі тое, што яны любілі: іхны соцыум, іхных любімых настаўнікаў», – кажа Вікторыя.

Маці вучня сцвярджае, што іхная гісторыя зусім не ўнікальная – тыповая. Яна яшчэ раз падкрэслівае, што ў прыватных школах не было ніякай палітыкі, яны заўсёды ішлі на максімальны дыялог з дзяржавай – увялі нават пасады ваенрукоў.

«І ў гэтай сітуацыі я б хацела звярнуцца да чыноўнікаў, каб яны выканалі нарэшце загад Лукашэнкі і Наталлі  Качанавай – і пачулі народ. Таму што народ выказаўся: на стале ў міністра адукацыі ляжыць стос зваротаў ад бацькоў і тысячы подпісаў. Мы хочам, каб нас пачулі. Бо прыватная школа – гэта не пра палітыку», – заклікае Вікторыя.

Каментар
«Гэта працяг рэпрэсіяў супраць тых, хто з’ехаў». Па кім найперш б’е закрыццё прыватных школаў
2022.10.05 14:04

Бацькі вучняў, якія вымушаныя былі вярнуцца ў дзяржаўныя школы, не губляюць надзеі, што цягам месяца праблема развяжацца на карысць дзяцей і прыватных школаў. Але прызнаюцца, што спадзеў маленькі. Ліцэнзію несумненна атрымае Менская міжнародная гімназія, заснаваная Ірынай Абельскай і пабудаваная ў Драздах Міхаілам Гуцэрыевым (яе скончыў Мікалай Лукашэнка). Але журналісты ўжо высветлілі, што сваёй працы яна і не спыняла.

Паводле Міністэрства адукацыі, у мінулым навучальным годзе ў Беларусі працавала 25 недзяржаўных установаў агульнай сярэдняй адукацыі, у іх вучылася 2700 дзяцей.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў