Блогера Максіма Каца ўнеслі ў базу ўкраінскага «Міратворца»


Расейскага блогера і палітыка Максіма Каца ўключылі ў базу ўкраінскага сайту «Міратворац», на якім публікуюцца звесткі людзей і арганізацыяў, дзейнасць якіх адміністрацыя рэсурсу расцэньвае як пагрозу бяспецы Украіны.

Крыніца: myrotvorets.center

На сайце «Міратворца» сказана, што Максіма Каца ўключылі ў базу за прапаганду «расейска-фашысцкага нацызму і шавінізму» і «ўдзел у актах гуманітарнай агрэсіі супраць Украіны».

«Расейскі палітычны і грамадскі дзеяч, дырэктар фонду «Гарадскія праекты». Аўтар аднайменнага каналу на YouTube, першы чэмпіён Расеі па спартыўным покеры, былы дэпутат муніцыпальнага сходу маскоўскага раёну Шчукіна (ІІІ скліканне 2012–2016 гадоў) ад партыі «Яблоко», – гэтак апісаная дзейнасць Каца на сайце «Міратворца».

Таксама былі апублікаваныя некалькі скрыншотаў старонак блогера ў сацыяльных сетках. Напрыклад, калі ён напісаў, што «расейская апазіцыя нікому нічога не вінная, асабліва ўкраінцам», а таксама скрыншот з ягонага Youtube-каналу, дзе Кац крытыкуе расейскі ўрад і на які падпісаныя больш за 1,5 млн чалавек.

Крыніца: myrotvorets.center

Мінюст Расеі яшчэ ў ліпені абвесціў Максіма Каца «замежным агентам», які нібыта атрымлівае фінансаванне з Украіны.

«Я заўсёды стараюся быць абʼектыўным, і вось у Расеі я замежны агент, які працуе на Украіну, а ва Украіне я прапагандыст расейска-фашысцкіх ідэяў. Гэта азначае, што ніводная прапаганда мною не задаволеная. І гэта добра», – пракаментаваў Кац унясенне яго ў чорныя спісы дзвюх краінаў.

З пачаткам пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе Максім Кац актыўна аналізаваў падзеі і расказваў пра тое, што адбываецца ў краіне.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў