Хлопец з Гомельшчыны сабраў трактар сваймі рукамі


Арцём Гулевіч, які сам сабраў трактар.
Фота: «PRO Гомель»

17-гадовы жыхар вёскі Мічурынская Арцём Гулевіч сабраў міні-трактар ​​сваймі рукамі і за свае грошы, піша «PRO Гомель».

«Я з дзяцінства хацеў ведаць, як функцыянуюць розныя механізмы. Прыдумляў, як можна палепшыць іх працу. Рэальная магчымасць выпрабаваць гэта на практыцы з’явілася, калі мне падарылі мапед. Потым быў першы сабраны міні-трактар. Усе кішэнныя грошы выдаткоўваў не на забавы, а на набыццё неабходных інструментаў, дэталяў. Шмат для працы падбіраў з тэхнікі, якую збіраліся ўтылізаваць», – прызнаўся малады канструктар.

Бацька Арцёма навучыў сына азам слясарнай справы, шмат чаго хлопец узяў і на ўроках працоўнага навучання ў Брылеўскай школе. І заняўся паляпшэннем функцыянальнасці сваіх машынаў. Адзін з трактароў ён сабраў спецыяльна для прысядзібнага надзелу сваіх бацькоў. Змяняючы агрэгаты, на ім можна выконваць розныя працы.

Цяпер маладзён вучыцца на тэхніка-механіка у Буда-Кашалёўскім аграрна-тэхнічным каледжы, піша «PRO Гомель»

«Гэтай вясной я спецыяльна папрасіў Арцёма, каб ён падʼехаў да школы на сваім трактары і расказаў хлопцам аб яго стварэнні. Вельмі таленавіты хлопец! Ганаруся сваім вучнем», – распавёў настаўнік працоўнага навучання Брылеўскай СШ Васіль Якоўчык.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў