Ініцыятыва адпраўлення лістоў палітвязням «Лісты ў клетачку» спыняе працу


Ініцыятыва «Лісты ў клетачку», якая адпраўляла лісты палітычным вязням, абвясціла спыненне сваёй працы праз тое, што ўжо больш за паўгода наагул не атрымлівае адказаў на лісты палітзняволеным.

Скрыншот: vkletochku.org

«Апошні час, ужо больш за паўгода, мы не атрымліваем адказаў. Наагул. Гэта вельмі засмучае і ставіць пад сумнеў сэнс і карыснасць нашай працы. У тых, хто выходзіць на волю, мы цікавімся, ці атрымлівалі яны нашыя лісты. І даволі часта аказваецца, што не атрымлівалі. Нам вельмі не хочацца проста спансараваць «Белпошты» і выкідваць у сметніцу тысячы канвертаў і лістоў, а таксама марнаваць грошы людзей і час валанцёраў.

Валанцёраў, якіх застаецца ў краіне ўсё менш, а палітвязняў усё более. Нам не стае рук і рэсурсаў аператыўна апрацоўваць лісты, а таксама на менеджмент заданняў, якія разрастаюцца. На жаль, у такіх умовах мы не можам справіцца з гэтымі выклікамі і пастанаўляем закрыць ініцыятыву», – напісалі арганізатары ў Telegram.

За паўтара года працы ініцыятыва атрымала 18 тысячаў лістоў і адправіла большую частку з іх. Праект пачынаўся тады, калі палітвязняў было каля двухсот, а сёння іх ужо 1327 асобаў.

«Дзякуй усім, хто нас падтрымліваў і пісаў лісты. Дзякуй усім, хто ахвяраваў. Працягвайце гэта рабіць праз іншыя рэсурсы: пісаць асабіста, дасылаць паштоўкі, тэлеграмы. Гэта вельмі важна для палітвязняў! Кожны з лістоў, якія прарваліся, – вялікая радасць і прамень цяпла і свабоды», – піша ініцыятыва.

Аднак па-ранейшаму працуе сайт politzek.me, сэрвіс «письмо.бел» і ініцыятыва «Майстэрня паштовак салідарнасці». Адрасы палітычных вязняў застаюцца ў табліцы і на сайце «Вясны».

Hавiны
ПЦ «Вясна»: у жніўні па палітычных матывах у Беларусі былі затрыманыя 387 чалавек
2022.09.04 16:33

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў