«За свабоду сваіх дзяцей адсяджу гэты тэрмін…» Юлія Лаптановіч – пра мужа-палітвязня, які піша з-за кратаў вершы


Жонка палітычнага вязня Ігара Лаптановіча і маці траіх дзяцей Юлія ледзь стрымлівае слёзы, калі расказвае пра першае спатканне з мужам у берасцейскім СІЗА № 7: «Ён быў такі… разгублены». І раптам – усміхаецца, нібы праменьчык дасылае: «У нас жа гадавіна вяселля 18 жніўня была, 14 гадоў супольнага жыцця. І… ён напісаў мне вершы». Пра дзяцей, спатканні з мужам і лісты ад яго расказвае Юлія Лаптановіч. І пра вершы. Дакладней – пра каханне…

Званіла сяброўцы – пазваніла будучаму мужу

«Як пазнаёміліся? Праз тэлефонную памылку (усміхаецца). Жылі мы недалёка адно ад аднога. Я – у былым вайсковым гарадку ў Пружанскі раёне, ён – у вёсцы, паміж намі – 7 кіламетраў. Але пазнаёміліся праз тэлефон. Я проста памылілася нумарам: званіла сяброўцы, а пазваніла, аказваецца, будучаму мужу. Стала цікава: хто такі? Разведала, сазваніліся. Ён прыехаў, паглядзеў на мяне – і ўсё!.. Агледзіны скончыліся шлюбам! Ну так: і трыма дзецьмі», – расказвае Юлія Лаптановіч.

Ігар і Юлія ў 2020 годзе. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Сям’я і цяпер жыве ў Пружанскім раёне, у вёсцы Белавусаўшчына за 5 кіламетраў ад райцэнтру. Трое дзяцей, якія зʼявіліся ў выніку «тэлефоннай памылкі», 1 верасня пайшлі ў Пружанах у школу. З жаданнем і задавальненнем, адзначае маці. Як мяркуе, для іх гэта сталася свайго кшталту ўцёкамі ад праблемаў, што наваліліся на сямʼю пасля прэзідэнцкіх выбараў. Бо ад дзяцей тут нічога не ўтойваецца.

13-гадовы Данііл, 11-гадовая Аляксандра і Ягор, якому ў лістападзе споўніцца 10 гадкоў, добра ведаюць, што адбываецца ды на якія тэрміны засудзілі іхных бацькоў. Тату далі 2,5 года калоніі, маме – 3 гады «хатняй хіміі» ў «карагоднай справе» ў Берасці. Ігар – ужо амаль паўгода за кратамі. Але прысуды законнай моцы пакуль не набылі.

«Наш тата – герой!»

«Я ж дзетак загадзя збірала ў школу, бо суд у нас з мужам разам праходзіў, мы думалі, што могуць і мне тэрмін даць – і паеду на «хімію». Таму збірала дзяцей яшчэ ў чэрвені, каб не перакідваць, калі што, клопаты на сваіх бацькоў. Дзеткі ў бацькоў тады засталіся б. Гэтак, да школы мы здаўна былі падрыхтаваныя», – расказвае Юлія Лаптановіч.

Даведка
Ігар Лаптановіч з дзецьмі. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Дзеці ўсё разумеюць і ўспрымаюць інфармацыю адэкватна, адзначае жонка палітычнага вязня:

«Няма ўжо слёзаў у іх, яны ўжо проста прывыклі. Заўжды кажуць: «Наш тата – герой!» Усё. Этап слёзаў мінуў. Троху змірыліся. Пішуць лісты ў СІЗА, звычайныя лісты. Адно па прысудзе ў нас быў шок. Не чакалі, я сама не чакала, што мужу дадуць два з паловаю гады калоніі. Неяк супакойвала сябе, што могуць даць ну паўтара года, але ж не два з паловаю…»

«Мне тут лягчэй, чым вам на волі…»

Лісты тату дзеці пішуць паасобку. Дачка Аляксандра малюе і піша невялікі тэкст на другім баку, сыны – проста тэкстам. Лісты ад дзяцей Юлія дасылае ў СІЗА ў адным канверце, а свае – асобна. На выпадак, калі раптам ейны ліст затрымаюць цэнзары, тады хоць дзіцячыя дойдуць. Але пакуль, сцвярджае, праблемаў з ліставаннем няма. Ігар таксама піша дзецям асобны ліст – з яркімі малюнкамі.

«Ягоныя лісты… Ён вельмі перажывае за нас. У кожным лісце піша, што, маўляў, мне тут лягчэй, чым вам на волі. Бо разумее, што я засталася адна. У мяне падтрымка – гэта толькі мае бацькі. Ну і сябры. Ён збольшага спрабуе ў лістах падтрымаць мяне. Я – яго, а ён – мяне. Вельмі турбуецца пра маё здароўе, бо мы з дачкою захварэлі. У мяне са спінаю праблемы, прастыла. Плюс ангіна яшчэ пачалася, у дзіцяці таксама ангіна, дык цяпер на бюлетэні», – расказвае Юлія.

Ліст Ігара Лаптановіча з вершам да жонкі Юліі. Фота прадстаўлена рэдакцыі

«Не да паэзіі было, а цяпер узяў і напісаў»

«У нас жа гадавіна вяселля 18 жніўня была, 14 гадоў супольнага жыцця. І… ён напісаў мне вершы! Хаця, ведаеце, тут, на волі, я не заўважала, каб ён нейкія вершы пісаў. Маляваў – так, але каб пісаць!.. Ён заўжды быў або на працы, або на падпрацоўках, каб нас забяспечыць. Бо ў мяне быў невялікі прыбытак: працавала ў бібліятэцы. Менавіта Ігар быў кармільцам. Калі прыходзіў увечары – а было, што і пасля поўначы прыходзіў – проста браў душ і падаў, стомлены, у ложак. Зразумела, што не да паэзіі было. А цяпер узяў і напісаў. Выслаў два вершы: адзін да гадавіны вяселля, другі проста так, для мяне…» – кажа жанчына.

Фота з вяселля. Юлія і Ігар Лаптановічаў. Фота прадстаўлена рэдакцыі

«Уверен я, осталось лишь немного, и будем снова вместе, ты и я. Я вновь войду – мы расцелуемся с порога, возобновится вновь счастливая семья!» – так заканчвае адзін са сваіх вершаў для жонкі палітычны вязень Ігар Лаптановіч. І падпісваецца: «Назаўжды твой муж, Tarzan».

Даведка
Ліст Ігара да жонкі, прымеркаваны да гадавіны вяселля. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Адшукалі паводле мянушкі

«Чаму Тарзан? Сама калісьці запытала яго, бо ў нас жа цяпер і дзяцей так называюць. Ігар сказаў, што, калі малы быў, пастаянна бегаў у адных майтках і па дрэвах лазіў. Свякроўка расказвала: залезе на дрэва – і зваліцца ўніз галавою, дык будзе стаяць плакаць, а пройдзе хвілінка (свякруха ўжо, маўляў, ну, дзякуй Богу, больш не палезе) – ён зноў на дрэве сядзіць. Хтосьці з дарослых як назваў яго Тарзанам, так і прычапілася. Але ж цяпер і расплочваецца за сваю мянушку…»

Юлія тлумачыць, што перад самым судом мужу выставілі другое абвінавачанне – паводле артыкулу 188, нібыта за паклёп на выбарчую камісію Белавусаўшчыны. Мужчына быццам размясціў у Telegram паведамленне, у якім згадвае сябраў выбаркаму і піша, што яны вінаватыя ў смярцях хлопцаў пасля выбараў. Паводле экспертызы Ігарава тэлефона, што цягнулася 4 месяцы, аўтар допісу – «невядомы абанент, які з невядомай прылады размясціў SMS-паведамленне».

«Усё было прыцягнутае за вушы», – кажа Юлія. Але ж паведамленне тое было апублікаванае пад нікнэймам Тарзан, таму тэрмін атрымаў Ігар, пра мянушку якога ведалі ў раённым аддзеле міліцыі.

«У Пружанскім раёне яго шмат хто ведае як выдатнага адмыслоўца і майстра. Ну і як Тарзана. Ён працаваў на будоўлі, яшчэ і падпрацоўваў: знаёмыя прасілі рамонт зрабіць і гэтак далей. Апрацоўваў інтэр’еры, рабіў рамонты», – удакладняе Юлія.

«Стаў лысы і без барады. А быў у мяне з прычоскай і барадой…»

«Каб вы разумелі, асудзілі ў «карагоднай справе» ўжо каля 80 чалавек. І вось з іх у мяне самы вялікі тэрмін «хатняй хіміі» – тры гады, а з усіх 80 ці не найвялікшы тэрмін далі мужу. І мы нават не разумеем, чаму настолькі асаблівае стаўленне было менавіта да нас», – здзіўляецца Юлія Лаптановіч.

Ігар за кратамі берасцейскага СІЗА № 7 ужо амаль паўгода, з 24 сакавіка. І, паводле жонкі, трымаецца там годна. Юліі пашчасціла дамагчыся ажно трох спатканняў з мужам: праз некалькі дзён пасля суда і цэлых два – некалькі тыдняў таму. Распавядаючы пра першае, жанчына ледзь стрымлівае слёзы:

«Першы раз як прыйшла, настрою ў яго зусім не было. Ён быў такі… разгублены. Яму ж не паведамляюць, што яго вядуць на спатканне. Калі ішоў, думаў, што вядуць да доктара, бо прасіў завесці: у яго праблемы са зрокам, спіна баліць. І вось прыйшоў, пабачыў мяне за кратамі, за шклом гэтым, дзе сяджу, – і быў шакаваны. Ціхенечка так апусціўся, сеў і хвіліны дзве проста маўчаў. Потым неяк пайшла размова…»

Даведка
Дзеці Ігара і Юліі: Данііл, Аляксандра, Ягор (злева направа). Фота прадстаўлена рэдакцыі

Ігар расказаў, што стаўленне да яго ў СІЗА нармальнае. Ён пазначаны як экстрэміст, але не прэсуюць. Перадачы даюць, лісты даходзяць, кніжкі выдаюць.

«За 5 месяцаў ён не змяніўся, не схуднеў – які быў, такі і ёсць. Толькі што стаў лысы і без барады. А быў у мяне з прычоскай і з барадой…» – дзеліцца Юлія.

«Я быў маральна падрыхтаваны да гэтага»

На трэцяе з ліку спатканне з жонкай Ігар Лаптановіч прыйшоў ужо ў гуморы.

«Быў вясёлы, жартаваў, усміхаўся… Трымаецца годна і нас падтрымлівае. Змірыўся з сітуацыяй, нічога больш не застаецца. Мы ж разумеем, што нікуды ад гэтага не дзенемся. Што ні ўмоўна-датэрміновага вызвалення, ні амністыі нам ніхто не дасць – мы адсядзім ад званка да званка свае тэрміны. Сказаў: «Для мяне не было гэта нечаканкай, я быў маральна падрыхтаваны. За сваю свабоду і за свабоду сваіх дзяцей адбуду гэты тэрмін», – цытуе мужа Юлія.

І дадае, што ўжо мае дазвол на наступнае спатканне. Але запісацца на яго ў СІЗА цяпер вялікая праблема: вялікія чэргі. Людзі прыходзяць а 8:30, некаторыя стаяць да самага закрыцця, але безвынікова.

«Прымаюць вельмі марудна цяпер, правяраюць усё. Бо перадачы перадаюць і запісваюцца на спатканні ў адным акенцы. Вось у гэтым загваздка. Дазвол ёсць – спаткання няма», – кажа Юлія.

Між іншым, браць на спатканне дзяцей жанчыне пакуль забараняюць.

«За праўду цяпер даводзіцца плаціць свабодаю»

«Людзі нас вельмі моцна падтрымліваюць. Шмат тэлефанаванняў, у тым ліку і ад тых, хто ніяк не звязаны з нашаю крымінальнаю справай. Проста людзі! І з-за мяжы пішуць словы падтрымкі. Кажуць, мы моцныя і мужныя, не кожны на такое пойдзе, маючы траіх дзяцей. Падтрымліваюць таксама з іншых дзясятак «карагоднай справы» [фігурантаў справы судзяць дзясяткамі. – Заўв. аўт.]. Столькі дзетак – і такія тэрміны мы атрымалі, што ў шоку ўсе. Але і мы ўсіх падтрымліваем. Бо цяпер у роўных умовах – мы ўсе атрымліваем тэрміны ні за што. І гэта крыўдна і цяжка! Сядзім за праўду. Як мне муж напісаў у апошнім лісце: «Я заўсёды быў за праўду і за сумленныя дзеянні, але за іх, падобна, цяпер даводзіцца плаціць свабодаю», – кажа Юлія.

Жанчына мяркуе, што апеляцыйную скаргу ў іхнай з мужам справе Берасцейскі абласны судзе разгледзіць недзе ў лістападзе. Юлія мусіць яшчэ азнаёміцца з пратаколам, але пакуль не мае магчымасці паехаць у Берасце, бо хварэе. Кажа, што, калі прысуд набудзе законную моц і ейную свабоду абмяжуюць перабываннем удома, стане яшчэ цяжэй. Бо працы не мае, і знайсці яе цяпер у Пружанскім раёне няма шанцаў. А з Пружанскай бібліятэкі жанчыну проста вымусілі звольніцца, зарабляла там жанчына каля 400 рублёў.

Даведка
Юлія з дзецьмі. Фота прадстаўлена рэдакцыі

«Хоць адзін з бацькоў мусіць быць побач з дзеткамі»

«На мяне пачалі коса глядзець, яшчэ калі 25 жніўня 2020 года мяне судзілі паводле 23.34 і аштрафавалі. Начальства сказала, што так нельга, бо бібліятэка – гэта сфера культуры, то бок ідэалогія, гарвыканкам і гэтак далей. А калі на мяне 10 снежня завялі крымінальную справу – папярэдзілі, што зменяць мой працоўны графік, і буду цяпер працаваць да 20:00. Але ж у мяне дзеці, і з такім графікам я працаваць проста не магу», – расказвае Юлія.

Жанчыне ўжо паабяцалі, што ў Пружанскім раёне працы яна не знойдзе: маўляў, ты ж разумееш.

«Пружаны – невялікі гарадок, і ўсе ведаюць нашыя палітычныя погляды. Але жыць з дзецьмі за штосьці трэба. Хаця б гэтыя паўтара года, пакуль не будзе мужа. Я, калі па праўдзе, і баюся пакуль ісці на працу. Бо выйду з дому, хай і своечасова, і вярнуся як трэба, але мясцовы РАУС – яны могуць зрабіць усё, што хочуць. Пераканалася ў гэтым не раз… Два папярэджанні – і мяне кінуць у калонію. А ў дзетак хоць адзін з бацькоў мусіць быць побач. Нараджалі мы іх не для дзяржавы…» – кажа Юлія Лаптановіч.

Даведка
Юлія са Святланай Ціханоўскай. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Дарэчы, падрыхтаваць дзяцей у школу – апрануць, абуць, набыць пісьмовыя прылады – дапамаглі Юліі неабыякавыя людзі. Жанчына цяпер можа разлічваць толькі на іхную дапамогу, а таксама – бацькоў і невялікі прыбытак з рамесніцтва: «Што зраблю сваймі рукамі, тое магу прадаць». Але пакуль не да рамесніцтва.

Дапамагчы сямʼі палітычнага вязня можна:

  • пераводам на рахунак (атрымальнік: Yuliya Laptanovich, рахунак: LT683500010012921537, SWIFT: EVIULT2VXXX, назва банку: Paysera LT, UAB, адрас банку: Pilaitės pr. 16, Vilnius, LT-04352, Lithuania);
  • пераводам на картку «Беларусбанку» (нумар: 5470 8740 4459 2036, тэрмін дзеяння: 01/24, на імя Laptanovich Yuliya);
  • праз АРІП (Банкаўскія, фінансавыя паслугі – Банкі, НКФА – «Беларусбанк» – Папаўненне рахунку – BY23 AKBB 3014 0000 4387 6111 0000).

Напісаць ліст можна на адрас: Ігару Анатольевічу Лаптановічу, СІЗА № 7, вул. Савецкіх памежнікаў, 37, 224030, г. Берасце.

Гісторыі
«Сын плача па вечарах наўзрыд, а я тлумачу – тата не памёр, не кінуў нас, а з турмы ён вернецца»
2021.04.11 11:52
Артыкулы
«Абсалютна ні пра што не шкадую»: размова з палітвязнем Арцёмам Хвашчэўскім
2021.09.05 14:57
Гісторыі
Кіраўніца фонду «Краіна для жыцця» Марыя Мароз: Цешуся, што справа Сяргея Ціханоўскага жыве
2021.05.29 10:44

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў