Затрыманы былы палітзняволены музыка Ігар Банцэр


Сілавікі затрымалі панк-рокера Ігара Банцэра ўчора, 4 жніўня, у ягонай гарадзенскай кватэры. Пра гэта паведамляе радыё «Свабода» са спасылкай на сваякоў.

Ігар Банцэр. Горадня, Беларусь. 19 сакавіка 2021.
Фота: «УКантакце» / Белсат

Паведамляецца, што з Горадні музыку павезлі ў Менск. З якой нагоды сілавікі затрымалі Ігара – не вядома.

Ігар Банцэр – рок-музыка з Горадні, лідар панк-гурта «Mister X» і актывіст. У кастрычніку 2020 года яго затрымалі за правядзенне перформансу ў выглядзе танцу без штаноў перад міліцэйскім аўтамабілем. Гэтыя дзеянні былі кваліфікаваныя органамі як здзяйсненне хуліганства. Суддзя Наталля Козел прызначыла Банцэру 1,5 года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову.

Пазней палітзняволенаму Ігару Банцэру змянілі рэжым з «хіміі» на папраўчую калонію: 29 верасня яго асудзілі на 1 месяц і 25 дзён калоніі, дзе ён неаднойчы трапляў у карцар. Ігар выйшаў на волю 17 снежня 2021 года.

Артыкулы
Ігар Банцэр: я не выйшаў на волю, я выйшаў у рэчаіснасць Беларусі
2021.12.18 16:21

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў