Два гады ва ўмовах жорсткага тэрору, і спыняць рэпрэсіяў улады пакуль не збіраюцца


Праваабаронцы паведамляюць, што ў чэрвені яны сабралі звесткі пра 86 палітычна матываваных прысудаў. А вось у ліпені такіх прысудаў было 76. Пры гэтым праваабаронцы падкрэсліваюць: у сваёй статыстыцы ўлічваюць толькі вядомыя ім сітуацыі. Таму казаць, што ўлады змяншаюць градус рэпрэсіяў, не выпадае. З такім сцверджаннем у размове з «Белсатам» пагаджаюцца і палітолагі.

Марш вызвалення ў Менску. 4 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

Беларускае грамадства ўжо амаль два гады зазнае жорсткі тэрор з боку сілавікоў і ўладаў. Прычым пераслед не спыняецца, і штодня незалежныя медыі паведамляюць пра чарговыя затрыманні ды палітычныя прысуды.

Праваабаронцы адзначаюць, што цяпер не маюць інфармацыі пра ўсе палітычныя справы ў краіне і ўсе факты рэпрэсіяў з боку сілавікоў. Дзякуючы працы валанцёраў становіцца вядома пра асобныя прысуды ў палітычных справах. Але колькасць выракаў зусім не сведчыць пра ўзровень рэпрэсіяў, кажа Андрэй Казакевіч, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера», доктар палітычных навук:

«Перш за ўсё трэба аналізаваць колькасць затрыманняў і завядзення крымінальных справаў, а не колькасць вынесеных палітычна матываваных прысудаў. У Беларусі можа быць так, што з моманту затрымання і да вынясення прысуду можа праходзіць нават год і больш. Таму вельмі складана цяпер казаць пра тое, што адбываецца спад рэпрэсіяў».

Ціск на грамадства не спыняецца

Паводле Андрэя Казакевіча, цяпер у грамадстве вядома толькі пра палову, а тое і менш актаў рэпрэсіяў супраць грамадзянаў. Пра затрыманні паведамляюць або сілавікі, або грамадска актыўныя асобы. Іншыя выпадкі проста не агучваюцца. Але нават з наяўнай інфармацыі можна зрабіць выснову, што ціск на структуры грамадзянскай супольнасці не спыняецца, кажа доктар палітычных навук.

Прычым цягам апошніх двух гадоў захады сілавікоў практычна не мяняюцца. Мы цяпер назіраем выезды байцоў ГУБАЗіКу пры падтрыманні амапаўцаў у розныя рэгіёны краіны. Сталі гучнымі факты масавых затрыманняў і катаванняў у Іванаве, Драгічыне, Мазыры, Пінску, Пружанах.

«Гэта агульная стратэгія ўладаў, накіраваная на прэвентыўныя затрыманні, каб папярэдзіць. Таксама ладзяць прафілактычныя мерапрыемствы, бо працуюць не з тымі асобамі, якія ўчынілі «злачынствы», але затрымліваюць тых асобаў, на якіх існуе інфармацыя пра ўдзел у масавых акцыях або якія былі ў палітычных структурах», – кажа Андрэй Казакевіч.

Hавiны
У Варшаве пройдзе выстава пратэсных тату «Беларусь на целе»
2022.07.31 08:58

Аналітык лічыць, што насамрэч такіх выездаў сілавікоў нашмат больш, чымся вядома.

Пры гэтым палітолаг звяртае ўвагу на тое, што апошнія масавыя затрыманні на Палессі ў памежных з Украінаю рэгіёнах вылучаюцца з шэрагу актаў рэпрэсіяў. Менавіта адсюль часта паступала інфармацыя пра перасоўванні войскаў. Улады цяпер разглядаюць гэтыя рэгіёны як зону патэнцыйнай нестабільнасці.

«Таму адсюль і павышаная цікавасць сілавікоў да гэтай часткі краіны, якія лічаць яго рэгіёнам павышанай увагі з гледзішча бяспекі. Акрамя гэтага, агучванне інфармацыі пра перасоўванне войскаў робіцца рэальнаю праблемаю для расейскіх і беларускіх войскаў. Бо ў іхных інтарэсах, каб гэтыя звесткі перасталі адсюль паступаць», – кажа Андрэй Казакевіч.

Меркаванні
Ірына Слаўнікава. 5 гадоў зняволення за прафесійную і людскую годнасць
2022.08.03 22:43

Пры гэтым улады могуць у выпадку вострай неабходнасці спыніць рэпрэсіі. Андрэй Казакевіч кажа, што адною з галоўных умоваў для гэтага павінная стаць поўная адсутнасць актыўнасці грамадства. А гэта значыць, што грамадства мусіць цалкам змірыцца з сітуацыяй, бо рэпрэсіі абумоўленыя пратэставай актыўнасцю грамадзянаў.

«Мы бачым, што перыядычна з’яўляюцца нейкія ініцыятывы, грамадзяне надалей застаюцца актыўнымі ў сацсетках, выказваюцца крытычна ў дачыненні ўладаў. Таму, калі глядзець на ўсё ў сукупнасці, сілавікі лічаць, што пратэставы рух яшчэ цалкам не знішчаныя, а яго праявы існуюць. А вайна, кепская эканамічная сітуацыя ўскладняюць таксама сітуацыю», – лічыць палітолаг.

Рэпрэсіі могуць спыніцца таксама і тады, калі будуць перашкаджаць нармалізацыі хоць якіх стасункаў з Захадам. Тады ўлады могуць прыняць такое рашэнне, а сілавыя структуры павінныя падпарадкавацца.

Але пакуль сітуацыя надзвычай спрыяльная для ўладаў, каб працягваць у грамадстве зачысткі. Па-першае, ідзе вайна ва Украіне. Па-другое, кіраўніцтва Крамля не тое што не крытыкуе, але нават заахвочвае ўлады ў Менску да змагання з нелаяльнымі грамадзянамі. А да гэтага дадаецца пагаршэнне эканамічнай сітуацыі, ёсць адчуванне, што яна яшчэ пагоршыцца. Палітолаг кажа, што спад агульнага дабрабыту заўсёды прыводзіць да росту незадаволенасці ў грамадстве. Таму нават ва ўмовах жорсткага кантролю можна чакаць розных сітуацыяў.

Hавiны
Фігуранты «справы Аўтуховіча» заявілі аб пагрозе іхным жыццям і здароўю і перадалі спіс адказных за гэта сілавікоў
2022.08.04 14:31

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў