Абстраляная Запарожская АЭС. Ёсць пагроза распылення радыеактыўных рэчываў


Украінскае прадпрыемства «Энергаатам» паведамляе, што расейскія вайскоўцы зноў абстралялі Запарожскую атамную электрастанцыю (ЗАЭС) і патрапілі ў пляцоўку каля аднаго з энергаблокаў з ядравым рэактарам.  

Па інфармацыі прадпрыемства, Запарожская АЭС, якая знаходзіцца на акупаванай тэрыторыі, была абстраляная расейцамі з ракетных сістэмаў залпавага агню.

«Тры «прылёты» зафіксаваныя прама на пляцоўцы станцыі, каля аднаго з энергаблокаў, дзе знаходзіцца ядравы рэактар», – адзначаецца ў паведамленні.

Паводле «Энергаатаму», расейцы сурʼёзна пашкодзілі азотна-кіслародную станцыю і абʼяднаны дапаможны корпус. Ёсць рызыкі ўцечкі вадароду і распылення радыеактыўных рэчываў, сцвярджаюць на прадпрыемстве.

Таксама існуе высокая небяспека пажару. Аднак цяпер пацярпелых няма.

Украінскі бок сцвярджае, што прадстаўнікі расейскага «Расатаму» перад абстрэлам пакінулі станцыю, бо, імаверна, ведалі пра атаку.

«Украінскі персанал ЗАЭС знаходзіцца на месцы і выконвае ўсе мерапрыемствы па забеспячэнні ядравай і радыяцыйнай бяспекі і ліквідуе наступствы пашкоджанняў», – адзначаюць у «Энергаатаме».

У «Энергаатаме» кажуць, што сёння днём расейскія вайскоўцы тройчы абстрэльвалі  ЗАЭС. У сваю чаргу пракрамлёўскія медыі вінавацяць у абстрэле станцыі украінскую армію.

Кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі напярэдадні заявіў, што захопленая расейскімі вайскоўцамі АЭС «цалкам выйшла з-пад кантролю», на станцыі «парушаны ўсе прынцыпы ядравай бяспекі».

Аналітыкі Інстытуту вывучэння вайны (ISW) лічаць, што расейскія войскі выкарыстоўваюць Запарожскую атамную электрастанцыю, каб узмацніць страх ядравай катастрофы і знізіць жаданне Захаду аказваць падтрымку Украіне.

Аб’ектыў
Запарожская АЭС «цалкам выйшла з-пад кантролю»
2022.08.04 23:28

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў