Футбольная суперзорка Льёнэль Мэсі пакіне «родны» клуб «Барселона»


Клуб і футбаліст дасягнулі згоды аб працягу кантракту, але з’явіліся «фінансавыя і структурныя перашкоды».

Футбаліст Льёнэль Мэсі падчас гульні за зборную Аргентыны супраць Нігерыі. 26 чэрвеня 2018 года.
Фота: Кирилл Венедиктов / Wikimedia, CC BY-SA 3.0

Славуты аргентынскі футбаліст Льёнэль Мэсі больш не будзе гуляць за іспанскі футбольны клуб «Барселона». Клуб паведаміў 5 жніўня, што футбаліст «не можа застацца», хоць дасягнуў пагаднення з клубам аб працягу кантракту.

Прычыну апісваюць сцісла: «фінансавыя і структурныя перашкоды, рэгуляцыі Іспанскай лігі». Пры тым адзначаюць, што абодва бакі шкадуюць аб гэтым, а клуб зычыць футбалісту найлепшай будучыні ў прафесійным і прыватным жыцці.

«SkySports» сцвярджае, што Мэсі меў заключыць кантракт на 5 гадоў, і ў тым кантракце яго заробак скарачаўся на 50 %.

Футбаліст Льёнэль Мэсі ў складзе клубу «Барселона» на гульні з французскім «PSG» у Лізе чэмпіёнаў. 8 сакавіка 2017 года.
Фота: Hugo Pérez Marsol / Flickr, CC BY 2.0

34-гадовы Мэсі – адзін з найбольш вядомых футбалістаў, шмат у чым рэкардсмен. Ён правёў усю сваю прафесійную кар’еру ў «Барселоне», хоць цяпер мала футбалістаў такога ўзроўню трымаюцца аднаго клуба. У складзе «Барселоны» ён 10 разоў станавіўся пераможцам іспанскай «Ла Лігі», 7 разоў браў Кубак Іспаніі і 7 разоў – суперкубак, 4 разы перамагаў у «Лізе чэмпіёнаў» і тры разы браў Суперкубак UEFA і Клубны кубак FIFA, 6 разоў браў «Залатую бутсу» Еўропы. У іспанскай лізе ён мае рэкорд у колькасці галоў за ўвесь час. За кар’еру ён забіў звыш 750 галоў, рэкордную колькасць галоў у «Барселоне».

У нацыянальнай зборнай Аргентыны ён мае ролю капітана, мае рэкорды ў колькасці матчаў і галоў за зборную. Са зборнай ён займаў другое месца ў Чэмпіянаце свету ў 2014 годзе і перамагаў у чэмпіянаце Паўднёвай Амерыкі ў 2021-м.

Аргентына выйграла Кубак Амерыкі-2021. Мэсі – у цэнтры.
Фота: copaamerica.com

34 гады – «пенсійны» ўзрост для прафесійнага форварда, многія ў такіх гадах думаюць аб завяршэнні кар’еры. Але, напрыклад, былы аднаклубнік Мэсі, беларускі паўабаронца Аляксандр Глеб завершыў кар’еру ў 38 гадоў. Аднак тады ён гуляў ужо за далёка не «топавы» клуб – беларускую «Іслач». Ды, напрыклад, бразільскі паўабаронца Зе Раберта гуляў у прафесійных клубах да 43 гадоў, а японскі форвард Кадзуёсі Міура выходзіў на поле ў складзе «Ёкагамы» і сёлета – а яму ўжо 54.

Мэсі не абвяшчаў аб завяршэнні клубнай кар’еры або гульняў за зборную. Не выключана, што ён знойдзе новы клуб найвышэйшага ўзроўню.

АА belsat.eu

Стужка навінаў