Украінцы знішчылі склад боепрыпасаў расейскіх войскаў у Кадзіеўцы на Луганшчыне


Уначы 5 ліпеня Збройныя сілы Украіны ўзарвалі склад боепрыпасаў у Кадзіеўцы Луганскай вобласці, паведамляе 24tv.ua. Інфармацыю пацвердзіла ўкраінская выведка.

Паводле УНІАН, разбамбаваны расейскі склад боепрыпасаў быў адным з асноўных для паставак снарадаў у напрамку Папасная – Севераданецк – Лісічанск – Бахмут.

«Боепрыпасы дэтанавалі цягам дзвюх гадзінаў», – сцвярджае УНІАН.

4 ліпеня экс-спецпрадстаўнік ЗША ва Украіне Керт Волкер (Kurt Volker) заявіў, што амерыканскае і заходняе ўзбраенне ад партнёраў, якое паступае ва Украіну, ужо ўплывае на хаду баявых дзеянняў.

«Сістэмы ўзбраення і амуніцыя з ЗША дастаўляюцца, але пакуль не ўсё прыбыло. Яно ўжо ўплывае, прыклад таму – паспяховыя атакі на склады боепрыпасаў, якія мы бачылі апошнімі днямі. Гэта працягнецца. Гэта ставіць расейцаў у больш уразлівую пазіцыю», – сказаў Керт Волкер.

Ён падкрэсліў, што ва Украіне ўжо шмат заходняга ўзбраення – «Джавэліны», «Стынгеры», гаўбіцы і гэтак далей. Цяпер чакаюцца новыя сістэмы HIMARS і NASAMS, якія яшчэ не прыбылі ва Украіну, але ўжо ў дарозе.

9 траўня прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў Закон аб ленд-лізе для Украіны, які прадугледжвае пастаўкі высокатэхналагічнай зброі і навучанне байцоў ЗСУ.

Hавiны
Расейцы страляюць па зямлі карабельнымі ракетамі, бо іншыя сканчаюцца. Што пішуць пра вайну 2 ліпеня
2022.07.02 13:25

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў