Прэм'ер-міністр Галоўчанка выказаўся пра санкцыі і набліжэнне інтэграцыі з Расеяй


Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка выказаўся пра ўведзеныя заходнія санкцыі і заявіў, што ў дакументах аб паглыбленай інтэграцыі з Расеяй засталося ўзгадніць тэхнічныя моманты. Пра гэта ён распавёў у эфіры «Беларусь 1» у нядзелю.

Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка.
Фота: Reuters

«Істотны прагрэс дасягнуты. Фактычна гаворка ўжо пра ўзгадненне, вырашэнне тэхнічных момантаў. Я ўвесь час у шчыльным кантакце з маім калегам – старшынём ураду Расеі. Віцэ-прэм’еры фактычна штотыдзень сустракаюцца. Ёсць вялікая ўпэўненасць у тым, што ў астатнія месяцы ўвесь пакет саюзных праграмаў будзе сфармаваны», – сказаў Галоўчанка.

Галоўчанка заявіў, што Менск і Масква ўжо дамовіліся пра тое, як будуць «гарманізаваць заканадаўства, якім чынам будуць выбудоўваць роўныя ўмовы для суб’ектаў гаспадарання праз стварэнне адзінага рэгулявання, якое будзе заснаванае на адзіных прынцыпах і адміністравання падаткаў, іх структуры». «Таму я ўпэўнены, што ад руху па саюзных праграмах выйграюць усе», – лічыць прэмʼер-міністр.

У канцы красавіка Галоўчанка на сустрэчы з кіраўніком ураду Расеі Міхаілам Мішусціным заявіў, што Менск перадаў Маскве 26 інтэграцыйных дарожных мапаў. Пазней пасол Беларусі ў РФ Уладзімір Сямашка заявіў, што ў верасні – кастрычніку могуць падпісаць цалкам узгоднены пакет з 28 дарожных мапаў аб паглыбленай інтэграцыі.

Акрамя пытання інтэграцыі з Расеяй, Галоўчанка выказаўся і наконт уведзеных Захадам санкцыяў:

«Вядома, нельга сказаць, што мы легкадумна ставім да ўвагі гэтую з’яву. Але мы як урад Беларусі маем выразны план працы ў гэтых умовах.

Цяпер я б не засяроджваў увагі на тое, якія страты будуць. Мы ж ведаем, што большасць прагнозаў адносна Беларусі не спраўджваецца. І гэта добра. Упэўнены ў тым, што і гэтыя прагнозы не спраўдзяцца».

Прэм’ер-міністр заявіў, што для іх гэта будзе дадатковаю матывацыяй.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў