У Казахстане пачаўся рэферэндум аб «дэнурсултанізацыі»


Да асноўнага дня галасавання яўка, паводле афіцыйных звестак, прагаласавала амаль траціна. Каб рэферэндум адбыўся, патрэбная яўка ў мінімум 50 %.

Галасаванне на рэферэндуме ў канстытуцыйных зменах. Алматы, Казахстан. 5 чэрвеня 2022 года.
Фота: Manas Kalyrtaiuly / Радио Азаттык

Асноўны дзень галасавання на рэферэндуме аб змене Канстытуцыі Казахстану – 5 чэрвеня. Паводле звестак Цэнтральнай выбарчай камісіі, яўка за час папярэдняга галасавання дасягнула 28,58 %, а ў некаторых раёнах і звыш 33 %.

Абноўлена. А 14-й гадзіне паводле казахскага часу Цэнтральная выбарчая камісія паведаміла аб яўцы ў 53 %.

Паводле казахскай службы радыё «Свабода», адзін чалавек на ўчастку для галасавання прызнаўся журналістам, што ад яго на працы патрабавалі фота таго, як ён апускае бюлетэнь у вурну, «для справаздачнасці». Пра такія выпадкі піша і «Ліга маладых выбарнікаў». Паведамляюць таксама пра выпадкі, калі ў кабінкі для галасавання заходзіць больш як адзін чалавек.

За папраўкі ў Канстытуцыю агітуюць дзейныя ўлады на чале з Касым-Жамартам Такаевым. Апазіцыя заклікала галасаваць супраць або зусім не праводзіць такі рэферэндум, бо «нам патрэбныя не папраўкі ў Канстытуцыю, а новая Канстытуцыя» – пераход ад звышпрэзідэнцкай рэспублікі да парламенцкай. Заклікаюць на мітынгі з патрабаваннем вызваліць палітвязняў, канфіскаваць уласнасць сям’і мінулага кіраўніка Казахстану Нурсултана Назарбаева, падвысіць заробкі і пенсіі.

На рэферэндуме ж прапануюць толькі пераход ад суперпрэзідэнцкай рэспублікі, што была пры Назарбаеве, да проста прэзідэнцкай. Прэзідэнту прапануюць забараніць быць у партыі. Прэзідэнта прапануюць пазбавіць права здымаць з пасады кіраўнікоў раённых і сельскіх акіматаў (адміністрацыяў), прызначаць толькі 10 сенатараў замест цяперашніх 15 (агулам у Сенаце 49 месцаў). Выбары на нацыянальным і рэгіянальным узроўні прапануюць праводзіць паводле змяшанай сістэмы (70 % дэпутатаў парламенту выбіраць паводле прапарцыйнай, 30 % паводле мажарытарнай сістэмы). Родзічам кіраўніка дзяржавы прапануецца забараніць займаць палітычныя пасады. Таксама прапануецца аднавіць Канстытуцыйны суд, скасаваны па выніках рэферэндуму ў 1995 годзе, і скасаваць смяротнае пакаранне.

Назарбаева прапануюць прыбраць з Канстытуцыі: у праекце няма згадак «першага прэзідэнта», «засноўніка незалежнага Казахстану» і тытулу «Елбасы» («лідара нацыі»). Дзейная Канстытуцыя дае Назарбаеву недатыкальнасць ад крымінальнага пераследу яго і родзічаў, пажыццёвую ахову і медычнае абслугоўванне.

У студзені 2022 года ў Казахстане прайшлі масавыя пратэсты. Для іх здушэння Такаеў выклікаў войскі АДКБ. У выніку пратэстаў Такаеў не страціў, а толькі ўмацаваў сваю ўладу, а Назарбаеў страціў пасады. За час пратэстаў загінулі не менш за дзве сотні чалавек.

Аналітыка
Намыс і уят: чым кіраваліся пратэстоўцы ў Казахстане і што чакае краіну далей
2022.01.18 09:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

 

Стужка навінаў