«У Беларусі вы не паўстанеце перад рэальнай небяспекаю». Грузія адмовіла ў прытулку сям'і з немаўлём


Беларуска Святлана (імя змененае на просьбу гераіні матэрыялу) нарадзіла ў Грузіі дачку. Беларуская амбасада не выдае першага пашпарта нованароджанаму за мяжой, па яго трэба ехаць у Беларусь. Святлана баіцца, што вяртацца на радзіму небяспечна, і каб легалізавацца ў Грузіі, яны з мужам падалі прашэнне аб палітычным прытулку, але атрымалі адмову. Цяпер беларуска спрабуе абскардзіць такое рашэнне, у ейнай дачкі дагэтуль няма ніякага пашпарта, а праваабаронца Раман Кісляк кажа, што не ведае ніводнага выпадку, каб Грузія дала прытулак беларусу.

Акцыя беларусаў у Батумі ў 2020 годзе.
Фота: асабісты архіў Святланы, гераіні матэрыялу

«Мы хадзілі з плакатамі і сцягамі па Батумі і тлумачылі мясцовым, што адбываецца ў нас на радзіме»

Святлана з мужам прыехалі ў Грузію ў кастрычніку 2019 года. Беларусам спадабаўся мясцовы клімат, тагачасныя кошты на жытло, харчы, і яны вырашылі змяніць абстаноўку і крыху пажыць за мяжою. У сакавіку 2020 года Святлана даведалася, што яна цяжарная.

«Перад гэтым у Беларусі дактары мне цягам васьмі гадоў казалі, што я бясплодная і не змагу зацяжарыць. Тут я адпусціла гэтую сітуацыю і раптоўна даведалася, што чакаю дзіця. Мы пачалі збірацца назад у Беларусь, набылі квіткі на травень, але ў красавіку ўсе рэйсы былі скасаваныя праз пандэмію. Так мы засталіся ў Грузіі».

У жніўні Святлана сачыла за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі і за тым, што адбывалася пазней, праз інтэрнэт.

«Я не магла быць у Беларусі, аднак я хацела рабіць тое, што было ў маіх сілах. Паколькі мне інтэрнэту ніхто не выключаў, я максімальна рабіла рэпосты, распаўсюджвала інфармацыю», – распавядае Святлана.

Беларусаў тады ў Батумі было няшмат, але тыя, што былі, пачалі збірацца на акцыі падтрымання беларусаў, з патрабаваннем вызваліць палітвязняў і правесці сумленныя выбары. Святлана таксама ўдзельнічала ў гэтых мітынгах.

«Мы хадзілі з плакатамі і сцягамі па Батумі, тлумачылі мясцовым, што адбываецца ў нас на радзіме. Даволі часта даводзілася сутыкацца са здзіўленнем, з неразуменнем: што вам не падабаецца, у Беларусі ж усё добра і спакойна, у вас жа там «бацька» – Лукашэнка. Але калі пачалася поўнамаштабная вайна ва Украіне, ім стала зразумела, чаго варты той «бацька», якім яны захапляліся», – згадвае беларуска.

«Вы не маеце патрэбы ў гуманітарнай абароне»

Нарадзіць дзіця Святлана павінна была ў лістападзе. Пытання аб вяртанні ў Беларусь пасля выбараў ужо не стаяла.

«Я баялася. У маім двары ў Горадні збілі цяжарную дзяўчыну, яна ў выніку страціла дзіця, пра гэта шмат дзе пісалі тады. Потым нібыта сцвярджалі, што гэта фэйк, але я не веру навінам-абвяржэнням, бо найчасцей гэта робіцца, каб захаваць сваю бяспеку. Зняпраўджваць будзеш усё, што заўгодна, калі паўстане пытанне пра тваю волю ці нават здароўе і жыццё».

Акцыя беларусаў у Батумі ў 2020 годзе.
Фота: асабісты архіў Святланы, гераіні матэрыялу

Святлана разумела, што напярэдадні нараджэння дзіцяці ёй трэба неяк легалізавацца ў Грузіі. Разам з мужам у верасні 2020 года яны падалі прашэнне аб палітычным прытулку.

«Нас выслухалі, прынялі дакументы, далі нам пасведчанні спашукальнікаў статусу ўцекачоў, – распавядае жанчына. – З гэтымі дакументамі я тут і нараджала. Нават дапамогу пры родах у памеры 500 лары ($ 200) атрымала».

Hавiны
Заснавальніка «Беларускай дыяспары Аджарыі» не пусцілі ў Грузію. Адмовілі, нават калі ён папрасіў прытулку
2023.04.28 17:04

Грузія разглядала заяву беларусаў паўтара года, а пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне сям’я атрымала адмову.

«У выніку аналізу вашага індывідуальнага профілю і абапіраючыся на інфармацыю, атрыманую пра краіну вашага паходжання, можам зрабіць выснову, што ў выпадку вяртання ў краіну вашага паходжання, Рэспубліку Беларусь, вы не паўстанеце перад рызыкаю рэальнай небяспекі, і вы не маеце патрэбы ў гуманітарнай абароне», – было напісана ў адмове.

Рашэнне аб адмове прадастаўлення прытулку ў Грузіі, якое атрымала Святлана і ейная сям’я. Пераклад на расейскую мову. Крыніца: асабісты архіў гераіні матэрыялу

«Мне ніхто не можа гарантаваць, што ў Беларусі мяне не затрымаюць. А што тады будзе з маёй дачкой?»

Святлана не згодная з тым, што ёй бяспечна вяртацца ў Беларусь.

«У 2022 годзе ў Беларусі пачалі саджаць за рэпосты ў сацсетках, за фатаздымкі са сцягамі, і нават за ўдзел у акцыях за мяжою. Я не раз трапляла на відэа з акцыяў у Батумі. Я не адчуваю, што магу бяспечна ляцець у Беларусь. Мне ніхто не можа гарантаваць, што мяне не затрымаюць. А што ў такім выпадку будзе з маёй дачкой? Яе забяруць у дзіцячы дом?» – пытаецца Святлана.

У Еўропу сям’я паехаць таксама не можа – у дачкі, якой цяпер ужо два з паловай гады, дагэтуль з дакументаў ёсць толькі грузінскае пасведчанне аб нараджэнні.

«У беларускай амбасадзе ў Тбілісі нам сказалі, што першы пашпарт дзіцяці ў нашай сітуацыі могуць выдаць толькі ў Беларусі. Тут дачцэ могуць выпісаць толькі дакумент на вяртанне ў Беларусь», – зазначае Святлана.

За мяжою на дзіця можна аформіць пашпарт серыі РР, аднак дзеля гэтага патрэбна, каб хоць у аднаго з бацькоў быў такі самы пашпарт ці каб чалавек быў на сталым консульскім уліку.

«Для афармлення сталага консульскага ўліку ў Грузіі нам патрэбны від на жыхарства ў Грузіі, а яго ні ў мяне, ні ў мужа няма, як няма і падставаў на яго атрыманне. Там такія ўмовы – ці трэба працаваць у Грузіі, але з пэўным, даволі высокім, узроўнем заробку. Ці мець ІП з таксама немалым гадавым абарачэннем. Або можна набыць кватэру на суму, не меншую за $ 100 тысяч, – такіх грошай у нас няма. У выніку падставаў для атрымання ВНЖ ні ў мяне, ні ў мужа няма. Акрамя таго, цяпер у Грузіі вельмі вялікі адсотак адмоваў у ВНЖ на падставе нерухомасці ці працы», – тлумачыць беларуска.

«Мы жывем у поўнай няпэўнасці – адмовяць канчаткова ці не, дэпартуюць ці не»

Святлана падала скаргу на адмову ў прытулку, але яе адхілілі. Тады жанчына з дапамогаю «Беларускай дыяспары Аджарыі» знайшла юрыста, які дапамог ёй скласці яшчэ адну заяву на апеляцыю, але на расейскай мове.

«Гэта было пасля пачатку вайны ва Украіне, і ў мяне не прынялі дакументаў на расейскай мове, хоць паводле закону, павінны былі прыняць. Мне давялося перакладаць іх на грузінскую мову. А потым ліст яшчэ тройчы вярталі, бо ім усё штосьці не падабалася ў афармленні, хоць я рыхтавала заяву з дапамогаю грузінскіх юрыстаў», – тлумачыць Святлана.

Прыкладна ў чэрвені гэтага года меў быць суд для разгляду апеляцыйнай скаргі Святланы на адмову ў прытулку.

«У нас няма іншага выйсця, каб змагацца за магчымасць далей тут заставацца. Будзем абскарджваць, пакуль тое магчыма, – кажа беларуска. – Мы не можам вярнуцца ў Беларусь, і я хачу, каб грузінскія ўлады гэта зразумелі. У Беларусі я акажуся перад рызыкаю зняволення, а маёй дачцэ будзе пагражаць дзіцячы дом. Мы жывем цяпер у поўнай няпэўнасці – адмовяць канчаткова ці не, дэпартуюць ці не, тым больш, былі такія выпадкі, калі людзей проста вывозілі на мяжу з Турцыяй. Але нас нават у Турцыю не змогуць вывезці, бо ў дачкі няма пашпарта».

Гісторыі
Сям’і беларусаў анулявалі ВНЖ і выправадзілі іх з Грузіі. Разам з праваабаронцам разбіраемся ў сітуацыі
2023.03.12 08:00

Праваабаронца: «Пакуль мы сутыкаліся толькі з адмовамі ў прытулку ў Грузіі»

Праваабаронца, намеснік старшыні некамерцыйнай арганізацыі «Беларуская дыяспара Аджарыі» Раман Кісляк пацвердзіў, што цяпер ідзе працэс абскарджання адмовы ў прытулку Святлане і ейнай сям’і. Юрыст дапускае, што Грузія цалкам можа канчаткова адмовіць у статусе ўцекачоў, і тады ў сям’і не застанецца іншага выйсця, як прынамсі аднаму з бацькоў ехаць у Беларусь, бо ў дзіцяці няма дакументаў на выезд у іншую краіну.

Роман Кисляк, правозащитник из Бреста
Раман Кісляк, старшыня Беларускай дыяспары Аджарыі. Раман – праваабаронца з Берасця, сябра праўлення руху «За свабоду», з’ехаў з Беларусі пасля ператрусу ў ліпені 2021 года. Батумі, Грузія. 18 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Раман Кісляк лічыць, што ў гэтай сітуацыі правы Святланінай сям’і парушае як беларускі бок, так і грузінскі.

«Тое, што беларуская амбасада адмаўляецца выдаваць пашпарт нованароджанаму дзіцяці за мяжою, нелагічна і парушае права грамадзянаў на правасуб’ектнасць, – кажа праваабаронца. – Адначасова гэта можна разглядаць і як адзін з інструментаў прымусу вяртацца тых, хто ўцёк з Беларусі».

Не мае рацыі ў гэтай сітуацыі і грузінскі бок, на думку юрыста, бо ставіць перад беларусамі ўмовы, якіх яны не могуць выканаць, бо не могуць з’ехаць нікуды, акрамя Беларусі, дзе ім можа пагражаць пераслед і катаванні.

«Грузія, як чалец Рады Еўропы, як дзяржава-ўдзельніца міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, не павінна даводзіць да такіх сітуацыяў, калі парушаецца права не зазнаваць катаванні і бесчалавечнае жорсткае стаўленне», – упэўнены намеснік старшыні «Беларускай дыяспары Аджарыі».

Раман Кісляк кажа, што на гэты момант немагчыма гарантаваць, што сям’я Святланы або іншыя беларусы змогуць атрымаць прытулак у Грузіі.

«Я пакуль такіх выпадкаў не ведаю. Пакуль мы сутыкаліся толькі з адмовамі», – зазначае праваабаронца.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў