Замежныя амбасадары ў Вільні ўзялі ўдзел у развітальнай цырымоніі са Станіславам Шушкевічам


У Беларускім цэнтры ў Вільні арганізаваныя Дні памяці па Станіславу Шушкевічу. Усе, хто хоча развітацца, могуць прыйсці, паглядзець фільм пра яго і пакінуць допіс у кнізе памяці.

Спецыяльная прадстаўніца ЗША ў справах Беларусі Джулі Фішэр, амбасадарка ў асаблівых даручэннях Літвы ў Менску Аста Андрыяўскіене, спецыяльны пасланнік у справе Беларусі ад ураду Францыі Нікаля дэ Лякост. 5 траўня, Вільня, Літва.
Фота: Белсат

Месца развітання са Станіславам Шушкевічам у Цэнтры беларускай культуры і салідарнасці ў Вільні 5 траўня наведалі спецыяльная прадстаўніца ЗША па Беларусі Джулі Фішэр (Julie Fisher), амбасадарка ў асаблівых даручэннях Літвы ў Менску Аста Андрыяўскіене (Asta Andrijauskienė), спецыяльны пасланнік усправе Беларусі ад ураду Францыі Нікаля дэ Лякост (Nicolas de Lacoste).

Амбасадары ўсклалі кветкі, пакінулі памятны допіс у кнізе спачуванняў.

Артыкулы
За што беларусы мусяць быць удзячныя Станіславу Шушкевічу
2022.05.04 17:53

У Беларусі развітанне са Станіславам Шушкевічам, які сышоў з жыцця ўначы з 3 на 4 траўня, пачнецца ў пятніцу 6 траўня ў Чырвоным касцёле ў Менску а 20-й гадзіне. Цырымонія развітання працягнецца да 14:30 7 траўня. Пра гэта паведаміў у Facebook актывіст Сяргей Мельянец.

Нікаля дэ Лякост: «Станіслаў Шушкевіч быў для Беларусі вельмі важным чалавекам у вельмі важны час. Ён зрабіў магчымым транзіт улады і адыграў вельмі важную ролю для бяспекі Еўропы, бо дапамог савецкай ядравай зброі пакінуць краіну. Ягоны ўнёсак у мову і культуру Беларусі таксама вельмі, вельмі важны».
Фота: Белсат
Аста Андрыяўскіене: «Шчырыя спачуванні ўсім беларусам. Станіслаў Станіслававіч быў сапраўдным патрыётам Беларусі і сябрам Літвы. Мы сустракаліся на мерапрыемствах у амбасадзе ў Менску 13 студзеня і на іншых. Ён быў інтэлектуальны суразмоўца, мудры, з пачуццём гумару. Ён застанецца ў гісторыі Беларусі і свету як сімвал святла. Светлая памяць».
Фота: Белсат
Джулі Фішэр: «Для мяне гонар быць сёння тут, у гэтым цэнтры, каб аддаць даніну павагі шаноўнаму прафесару Шушкевічу. Ён запомніўся амерыканцам як абсалютна адданы народу Беларусі лідар. Ён запомніўся нам як чалавек, які быў адданым вяршэнству закону, ён быў лідарам, які цесна ўзаемадзейнічаў са сваім народам, з беларусамі, з нашай камандай у Менску на працягу многіх гадоў. Ён быў чалавекам, які моцна клапаціўся аб сваёй нацыі. Нам было абсалютна зразумела тое, наколькі ён быў адданы свабодзе і незалежнасці Беларусі. Яго будзе вельмі не хапаць. І для мяне гонар сёння аддаць належнае яго жыццёваму шляху».
Фота: Белсат

Першаму кіраўніку незалежнай Беларусі Станіславу Шушкевічу было 87 гадоў. Напрыканцы красавіка ён трапіў у рэанімацыю пасля перанесенага COVID-19. Праз два дні яго выпісалі з лякарні, але здароўе палітыка было падарванае хваробай.

Станіслава Шушкевіча паклалі ў рэанімацыйнае аддзяленне Рэспубліканскага клінічнага медычнага цэнтру Кіраўніцтва справамі прэзідэнта з прычыны наступстваў каронавірусу.

Месяц таму ён перахварэў на о-мікрон, пры тым што апошнія месяцы заставаўся ўдома, і кантакты былі зведзеныя да мінімуму.

Станіслаў Шушкевіч быў сябрам-карэспандэнтам Акадэміі навук, у 1991–1994 гадах – старшынём Вярхоўнага Савету 12-га склікання. Адзін з падпісантаў Белавежскага пагаднення, якое паставіла кропку ў існаванні СССР.

АМ belsat.eu

Стужка навінаў