Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі 5 траўня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі па стане на вечар 5 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

Жыхарка раёну Паўночная Салтаўка ў Харкаве сядзіць на лавачцы каля ўласнага дому, пашкоджанага артылерыйскім ударам. Цяпер яна, не звяртаючы ўвагі на прэсу, размаўляе з сяброўкай, расказваючы пра апошнія падзеі. Харкаў, Украіна. 28 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Паводле ювенальнай пракуратуры Украіны, з пачатку расейскага ўварвання пацярпелі 629 дзяцей, сярод якіх 221 дзіця загінула, яшчэ 408 былі параненыя. Ведамства таксама паведамляе, што гэтыя лічбы не канчатковыя.

Міністарка ў пытаннях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторыяў Украіны Ірына Вэрэшчук паведаміла, што за мінулыя содні па гуманітарным калідоры з Марыупалю былі вывезеныя 344 чалавекі. Гэтая лічба ўключае ў сябе таксама жыхароў Мангушу, Бярдзянску, Такмака і Васільеўкі, якіх эвакуявалі па гэтым жа калідоры. Паведамляецца, што калона бежанцаў прыбыла ў Запарожжа.

Hавiны
З Марыупалю за мінулыя содні эвакуявалі 344 чалавекі
2022.05.05 09:25

Па інфармацыі Генеральнага Штабу ЗСУ, страты асабовага складу расейцаў з пачатку вайны дасягнулі 24 700 чалавек. Паведамляецца, што найбольшыя страты за апошнія содні расейцы панеслі ў напрамку гораду Папасная.

Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі заявіла, што раптоўнае правяранне сілаў рэагавання ў Беларусі, якое абвясцілі 4 траўня, «адпавядае сезоннай норме» і асаблівай пагрозы не нясе. Паводле брытанскай выведкі, беларускія войскі сапраўды выходзяць з гарнізонаў, але ў гэтым няма нічога незвычайнага. Зазначаецца, што кульмінацыя зімовага цыклу вучэнняў у Беларусі надыходзіць у траўні. Адхіленняў ад звычайнай актыўнасці, якія б уяўлялі пагрозу, бліжэйшым часам не чакаецца.

Hавiны
Брытанская выведка сцвярджае, што вайсковыя вучэнні ў Беларусі «адпавядаюць сезоннай норме»
2022.05.05 11:34

У сваю чаргу Генштаб Збройных сілаў Украіны паведаміў, што на тэрыторыі Гомельскай вобласці адбываецца нарошчванне сістэмы супрацьпаветранай абароны, праведзена трэнаванне падраздзяленняў радыёэлектроннай барацьбы. Таксама вайсковае камандаванне Украіны не выключае дэманстрацыйных і правакацыйных дзеянняў на беларуска-ўкраінскім памежжы.

Каробкі з прадуктамі харчавання і сродкамі асабістай гігіены каля ўваходу ў станцыю метро «Герояў Працы». Неабходныя рэчы прывезлі мясцовыя валанцёры. Харкаў, Украіна. 28 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Разам з тым маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» сабрала ўсе вядомыя ракетныя запускі з беларускай тэрыторыі, якія пачаліся з раніцы 24 лютага. За гэты час з Беларусі па Украіне расейскія вайскоўцы запусцілі як мінімум 631 ракету. Даследчыкі звяртаюць увагу, што бамбардаванне Украіны адбывалася са згоды і падтрымання Лукашэнкі.

Тым часам сам Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю «Associated Press» заявіў, што ўлады Беларусі «рабілі і робяць цяпер усё для таго, каб гэтай вайны не было».

ВК belsat.eu

Стужка навінаў