Прэм'ер Ізраілю паведаміў, што Пуцін папрасіў прабачэння за словы Лаўрова пра габрэйскія карані Гітлера


Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін папрасіў прабачэння за каментары свайго міністра замежных справаў, які заявіў, што Адольф Гітлер мае габрэйскае паходжанне. Такое паведамленне прэм’ер-міністра Ізраілю Нафталі Бэнэта прыводзіць «Reuters».

Уладзімір Пуцін.
Фота: Mikhail Klimentyev / Sputnik / Kremlin via REUTERS

Пасля тэлефоннай размовы з Пуціным Бэнэт падзякаваў яму за ўдакладненне пазіцыі.

У Крамлі заявілі, што Пуцін і Бэнэт з нецярплівасцю чакаюць гадавіны 9 траўня, калі Расея ўшаноўвае перамогу над нацыстамі ў Другой сусветнай вайне, «падкрэслілі асаблівае значэнне гэтай даты для народаў абедзвюх краінаў, якія беражліва захоўваюць гістарычную праўду аб падзеях тых гадоў і ўшаноўваюць памяць усіх загінулых, у тым ліку ахвяраў Галакосту».

Бэнэт таксама паведаміў, што папрасіў Пуціна разгледзець магчымасць эвакуацыі металургічнага заводу «Азоўсталь» ва ўкраінскім порце Марыупаль. Бэнэт сказаў, што зрабіў такую просьбу пасля ранейшай размовы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Пуцін жа ў сваю чаргу заявіў падчас «дбайнага абмену думкамі аб сітуацыі ва Украіне», што Кіеў павінен загадаць украінскім байцам, якія схаваліся на велізарным заводзе «Азоўсталь», скласці зброю.

Гісторыі
Апошняя цытадэль: як выжывалі і як эвакуяваліся марыупальцы з «Азоўсталі»
2022.05.04 19:34

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў