17 чалавек за грошы зрабілі тату з імем беларускага блогера. Маці аднаго абурылася


Калі паўнагадовы чалавек робіць сабе татуіроўку, спыніць яго можа хіба спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Непаўнагадовым не павінны б рабіць татуіроўкі, але ці сапраўды за гэтым сочаць, невядома.

Менскі блогер Ян Сташкевіч тыдзень таму расказаў у Instagram, што «купіў рэкламу на целе» ў 17 чалавек па цане тых татуіровак, што падпісанты нанеслі на свае целы. Блогер заяўляе, што спыніўся, бо «зразумеў, што гэта не скончыцца», калі патраціў на задуму 50 тысяч расейскіх рублёў (каля 1700 беларускіх).

Татуіроўка-«рэклама» блогера Сташкевіча, якую набіў хлопец з Расеі. Фота прадстаўлена маці хлопца з татуіроўкай

Але маці аднаго з «носьбітаў рэкламы» абурылася: піша, што гэта мярзотна, калі так транслююць «разбэшчаны лад жыцця» і такімі татуіроўкамі правакуе іншых на тое ж. Таццяна і яе сын жывуць у Расеі — маці звярнулася ў паліцыю свайго краю, але кажа, што належнага адказу не атрымала.

Ды яе сын паўнагадовы. Яму 20, і татуіроўку ён рабіў у тату-салоне.

Што рабіць бацькам, якім не падабаюцца татуіроўкі іх дзяцей?

З аднаго боку, калі дзіця ўжо паўналетняе, то нічога не паробіш: паўнагадоваму нельга забараніць рабіць татуіроўку, ды й закон «Аб рэкламе» пра такі від «вонкавай рэкламы», як татуіроўка з імем або лагатыпам, не згадвае. З закону не зразумець, ці татуіроўка наогул можа быць расцэненая як рэклама, а пра разбор такога пытання ў судах не паведамлялася. Хіба вядома, што нельга наносіць татуіроўкі з экстрэмісцкай сімволікай, бо за гэта штрафуюць.

З іншага боку, блогер Сташкевіч працуе на моладзевую аўдыторыю. Нельга выключаць, што хтосьці з тых, хто рабіў татуіроўку зь яго імем, быў непаўнагадовым і дзейнічаў без згоды бацькоў. Хоць законы Беларусі і Расеі не забараняюць такое наўпрост, працу тату-майстра могуць палічыць медычнай працэдурай, а паслугі тату-майстра могуць не аднесці да «дробных бытавых угодаў», якія чалавек ва ўзросьце 14–18 гадоў можа здзяйсняць без дазволу бацькоў.

Алесь Таболіч (у цэнтры асабіста і на плакаце на фоне).
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Вядомы беларускі тату-майстар, арганізатар першага беларускага тату-фэсту і лідар метал-гурту Znich Алесь Таболіч кажа, што і за татуіроўкі, і за пірсінг, і перманентны макіяж непаўнагадовых адказваюць бацькі. Без пісьмовай згоды бацькоў, кажа Таболіч, тату-салоны не возьмуцца рабіць татуіроўку непаўнагадовым, а калі возьмецца нейкі асобны майстар, адказнасць можа несці ўжо ён – за тое, што не праверыў пашпарт.

«Я думаю, што гэта будзе адміністрацыйнае правапарушэнне, але не крымінал, — кажа Таболіч пра татуіроўку непаўнагадоваму без згоды бацькоў. — Я асабіста пра такія выпадкі не ведаю. Ведаю, што былі моманты, калі не тое набівалася. Тады «кліент заўсёды правы», майстры не выйграюць такія суды, накладаюць штрафы, за вывядзенне татуіроўкі сумы выплачваліся. Вось гэта было – за няякасную працу».

Калі бацькі давалі згоду на адну татуіроўку для дзіцяці, а ў выніку нанеслі іншы малюнак, можна спрачацца праз суд, патрабаваць выправіць ці выдаліць тату. Калі ж бацькі далі згоду на эскіз, а потым проста перадумалі — «гэта праблема бацькоў», мяркуе Таболіч.

Ён згадвае, што бываюць і выпадкі, калі падатковая ці міліцыя штрафуе майстроў за працу дома без адпаведнага абсталявання ці дакументаў, але пра праверкі на працу з непаўналетнімі ён не чуў.

АА belsat.eu

Стужка навінаў