Былога палітвязня Ігара Банцэра зноўку будуць судзіць. На гэты раз – за камуналку на «хіміі»


Гарадзенскі музыка і актывіст Ігар Банцэр атрымаў позву ў суд, які адбудзецца 11 красавіка, для разгляду грамадзянскай справы «аб спагнанні сродкаў за пражыванне ў спецінтэрнаце».

Ігар Банцэр. Горадня, Беларусь. 19 сакавіка 2021.
Фота: ВК / Белсат

Згодна з пазовам, які склаў намеснік пракурора Віцебску, Банцэр за час свайго перабывання на віцебскай «хіміі» з 17.06 да 17.12 не плаціў за камунальныя паслугі, і запазычанасць склала 81,66 рублёў. Пракурор просіць спагнаць з музыкі гэтыя сродкі, плюс пеню 64 рублі.

Ігар Банцэр з пазовам не згодны. Нагадаем, за час свайго знаходжання на «хіміі» ён прасядзеў у ШІЗА 82 дні. І менавіта за гэты час ён адмаўляецца плаціць за пражыванне ў інтэрнаце, дзе яго фізічна не было.

«Я адмовіўся плаціць за інтэрнат, бо падчас перабывання на «хіміі» мяне пастаянна кідалі ў ШІЗА. Дык за што мне плаціць, калі я не быў на тэрыторыі папраўчай установы? За той час, як я там жыў, я заплаціў, а калі мяне кідалі ў ізалятары і карцары, якая можа быць аплата? Такія аргументы буду прыводзіць на судзе, але цудаў не чакаю. Планую потым абскарджваць рашэнне ў абласным судзе. Пазмагаемся. Але сітуацыя малапрыемная», – пракаментаваў «Белсату» Ігар Банцэр.

Ігар Банцэр – гарадзенскі панк-рок-музыка і актывіст. Яго затрымалі 20 кастрычніка 2020 года і абвінавацілі ў хуліганстве за танец у стрынгах перад міліцэйскай машынай. Музыка правёў у СІЗА гарадзенскай турмы 5 месяцаў: яго кідалі ў адзіночную камеру, адпраўлялі на прымусовую псіхіятрычную экспертызу ў Навінкі, змяшчалі ў карцар.

Падчас суда, каб абараніць свае правы, Банцэр абвесціў сухое галадаванне, якое трымаў без вады і ежы 16 дзён, да вынясення выраку. Суддзя Наталля Козел 19 сакавіка 2021 года прысудзіла яму 1,5 года «хіміі». Банцэр выйшаў на волю з папраўчай установы адкрытага тыпу № 9 у Віцебску 17 снежня 2021 года. Ён адбыў там увесь прызначаны тэрмін.

Артыкулы
Ігар Банцэр: я не выйшаў на волю, я выйшаў у рэчаіснасць Беларусі
2021.12.18 16:21

СП belsat.eu

Стужка навінаў