Прадстаўніца Дзярждэпартаменту ЗША: «Беларусы не вінаватыя ў тым, што Лукашэнка падтрымлівае Пуціна»


Афіцыйная прадстаўніца Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША Андрэа Калан знаходзіцца зараз у Бруселі, дзе 4 сакавіка адбывалася сустрэча міністраў замежных справаў краінаў NATO. У інтэрв’ю журналістцы «Белсату» Аліны Коўшык прадстаўніца Дзярждэпартаменту ЗША заявіла, што беларускі народ не вінаваты ў вайне, якую развязаў Пуцін пры падтрымцы Лукашэнкі.

Андрэа Калан.
Фота: Sergei Fadeichev / TASS / Forum

Аліна Коўшык: – Спадарыня Андрэа, мы сутыкаемся з вельмі вялікай праблемай у сувязі з тым, што беларусаў сталі ўспрымаць як агрэсараў. Хацелася б, каб нашыя партнёры і сябры разумелі, што беларусы – гэта не Лукашэнка. Як да гэтага ставіцца Дзярждэпартамент ЗША?

Андрэа Калан: – Так, мы бачым што агрэсія сыходзіць ад прэзідэнта Пуціна і Лукашэнкі, які супрацоўнічае з Пуціным. ЗША цудоўна бачыць, што гэта не беларускі народ, што беларускі народ не вінаваты ў гэтым, як і расейскі народ. Рашэнне аб гэтай вайне прымаў прэзідэнт Пуцін пры падтрымцы Лукашэнкі.

– Ці ёсць у ЗША канкрэтная пазіцыя па Беларусі? Ці камунікуеце зараз з афіцыйным Менскам? Ці спрабуеце навязаць нейкія кантакты? Бо мы бачым, што, нягледзячы на моцны ціск з боку Масквы, беларускія войскі ўсё-такі не ўвайшлі ва Украіну.

– ЗША заўжды падтрымлівае дыпламатыю. Мы лічым, што дыпламатыя – гэта найлепшы спосаб пакласці канец крызісу. Менавіта з гэтай прычыны дзяржсакратар Энтані Блінкен прыехаў у Брусель, каб сустрэцца ў штаб-кватэры NATO з міністрамі замежных справаў краін Альянсу. Будзе таксама сустрэча з міністрамі краінаў G-7 ды іншыя сустрэчы.

Hавiны
«Імкліва страчвае статус самастойнага палітыка». Як Лукашэнка стаў для Захаду марыянеткай Крамля
2022.02.08 17:32

Мы заўсёды за дыпламатыю і гатовыя весці яе з любой краінай. Як вы бачылі, да ўварвання Расеі ва Украіну дзяржсакратар Блінкен гатовы быў сустракацца з міністрам Лаўровым, каб абмяркоўваць сітуацыю. Але дыпламатыя не можа чыніцца пад дулам пісталета. Спачатку трэба ведаць погляд Расеі, якая выкарыстоўвае тэрыторыю Беларусі каб нападаць на Украіну – і гэта трэба спыніць. І трэба, каб войскі былі выведзеныя з Украіны – толькі пасля гэтага можна пачынаць сапраўдную дыпламатыю.

– Ці маеце вы цяпер якія кантакты з Аляксандрам Лукашэнкам?

– У дадзены момант дзяржсакратар засяроджаны на сустрэчы з Альянсам – партнёрамі і саюзнікамі. Таму што нам трэба, каб быў адзіны адказ. Бачым, што ўкраінскі бок сустракаецца з расейскім у Беларусі. І будзем вітаць той факт, калі будзе знойдзенае дыпламатычнае рашэнне. Але, зноў жа, для таго, каб дыпламатычная сустрэча мела поспех, трэба, каб сітуацыя была дээскаляваная і каб Расея вывела войскі з Украіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

– Кажуць, што некаторыя пасольствы спыняюць выдачу візаў беларусам. Якая пазіцыя ЗША з гэтай нагоды і ці могуць беларусы разлічваць на тое, што амерыканскія візы застануцца для іх даступнымі?

– Магу запэўніць, што амерыканскія візы – даступныя. Так, іх складана атрымаць у некаторых амбасадах, таму што або гэтыя амбасады часова не працуюць, або дыпламаты вымушаныя былі зʼехаць Але калі беларусы хочуць атрымаць візы ў Амерыку, могуць звярнуцца ў любое пасольства і падаць заяўку там, у іншай краіне.

Я проста хачу падкрэсліць, што мы бачылі, як беларусы выйшлі на вуліцы, каб пратэставаць супраць вайны. І яшчэ раз падкрэсліваю: беларусы невінаватыя ў тым, што Лукашэнка падтрымлівае ў вайне Пуціна. Гэта ўсё – на сумленні Лукашэнкі і Пуціна. Я дзякую тым беларусам, якія выйшлі і паказалі сваю падтрымку ўкраінцам.

Hавiны
Дзярждэпартамент ЗША загадаў вывозіць сем’і дыпламатаў з Беларусі
2022.02.01 08:50

– Сапраўды, многія беларусы падтрымліваюць і дапамагаюць украінцам, а некаторыя ўжо ваююць на баку Украіны. Ёсць салідарнасць. І хацелася б, каб прапагандзе не ўдалося разлучыць нашыя народы, бо беларусы вельмі дружалюбныя да ўкраінцаў.

– Так, і мы бачым, што, на жаль, вельмі шмат дэзынфармацыі з боку Расеі. І мы спрабуем рабіць усё магчымае, каб людзі атрымлівалі праўдзівую інфармацыю. Але там спыняюць доступ да Фэйсбуку, Тўітэру і да іншых пляцовак. Учора закрылі «Эхо Москвы» і «Дождь». І ў Беларусі мы бачым такую ж сітуацыю, калі незалежныя СМІ не могуць працаваць унутры краіны. Вельмі цешуся, што ваш канал мае магчымасць асвятляць сітуацыю ва Украіне.

Расейскі бок кажа, што гэта не вайна, а спецыяльная вайсковая аперацыя, але тыя кадры, якія мы бачым з Украіны, кажуць пра тое, што гэта сапраўдная вайна: людзі пакутуюць, немаўляці, якія мусяць знаходзіцца ў пакоях інтэнсіўнай тэрапіі ў лякарнях – зараз у падвалах і бамбасховішчах. Сітуацыя вельмі трывожная. І важна, каб людзі маглі бачыць, што адбываецца насамрэч.

Каля амбасады Украіны ў Беларусі людзі пакідаюць кветкі. Менск, Беларусь. 27 лютага 2022 года.
Фота: чытачы / Белсат

– Як цяпер выглядае вашая супраца з хаўруснікамі NATO. Ці збіраецеся вы ўзмацніць усходні фланг альянсу? Наколькі шмат тэхнікі і вайскоўцаў плануеце сюды перакінуць?

– Менавіта дзеля гэтага дзяржсакратар Блінкен і прыехаў сюды – чакаем вынікаў гэтай сустрэчы. Кожная краіна NATO падтрымлівае Украіну, выдзяляе тэхніку ці абсталяванне. ЗША некалькі дзён таму выдзелілі яшчэ 350 млн долараў на абарону Украіне. Даецца і гуманітарная дапамога: у гэтыя выходныя ЗША выдзеліла на гэта 54 млн долараў – цёплыя коўдры, медыкаменты, пітная вада.

Так што хаўруснікі працуюць поплеч. І гэта вельмі важна – паказаць Пуціну, што мы ўсе разам супраць ягонай вайны і што мы ўсе падтрымліваем Украіну. І мы будзем узмацняць гэтую падтрымку ў будучыні. І будзем узмацняць нашыя захады супраць Пуціна і Крамля ў выпадку, калі агрэсія будзе працягвацца.

– Як вы ацэньваеце рызыку таго, што гэтая вайна ператворыцца ў вайну Расеі з NATO.

– Дзеля гэтага сустракаемся і працуем. Каб пакласці канец крызісу ва Украіне. Таму што вайна Пуціна – гэта пагроза не толькі Украіне, а ўсёй Еўропе і свету. Існуюць нормы і міжнароднае права. І рашэнне Пуціна распачаць вайну – гэта прамое парушэнне гэтых нормаў.

Гісторыі
«Мы будзем біцца да канца, але заклікаем: дапамажыце нам у гэтай вайне!» Размова з валанцёркаю з Украіны
2022.03.04 15:56

belsat.eu

Стужка навінаў