Першы «Леапард» вылецеў з Канады. Галоўнае пра вайну ва Украіне на ранак 5 лютага


Поўнамаштабная вайна ва Украіне трывае 347 дзён. «Белсат» пераказвае галоўнае, пра што вядома на раніцу 5 лютага.

Танк «Leopard 2» загружаюць у самалёт для дастаўкі ва Украіну. Галіфакс, Канада. 4 лютага 2023 года.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

Паводле зводкі Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, Расея засяроджвае высілкі на купянскім, ліманскім, бахмуцкім, аўдзееўскім і навапаўлаўскім напрамках. За мінулы дзень украінскія вайскоўцы адбілі атакі ў Луганскай і Данецкай вобласцях, нанеслі пяць авіяўдараў па расейскіх войсках, тэхніцы і зенітна-ракетных комплексах, ударылі ракетамі па пункце кіравання, трох засяроджаннях салдатаў і тэхніцы, па ЗРК і складзе.

Генштаб ЗСУ па-ранейшаму не бачыць фармавання наступальных груповак на беларуска-ўкраінскай мяжы, таксама не бачыць фармавання такіх груповак на северскім і слабажанскім напрамках, што на Харкаўшчыне і Данеччыне.

Расея працягвае абстрэлы з рэактыўных сістэмаў залпавага агню, зладзіла за мінулы дзень 61 такі абстрэл, у тым ліку страляла па цывільнай інфраструктуры Херсону (які пасля «рэферэндумаў» абвясціла сваёй тэрыторыяй), правяла моцныя абстрэлы населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай і Харкаўскай вобласцяў, страляла таксама па Луганскай, Данецкай і Запарожскай вобласцях.

Па цэнтры Харкава ранкам 5 лютага прыйшоўся ўдар, як мяркуецца папярэдне, ракетай комплексу С-300. Адна з ракет трапіла ў жылы дом, пацярпелі прынамсі тры чалавекі.

«У часова акупаванай Горлаўцы Данецкай вобласці ўсе медычныя ўстановы запоўненыя параненымі акупантамі, – сцвярджае Генштаб ЗСУ. – Таму расейскія акупанты абсталёўваюць дзіцячыя садкі, школы ці проста складскія памяшканні пад палявыя шпіталі».

Генштаб ЗСУ заяўляе, што з 24 лютага 2022 года Расея страціла 131 тысячу байцоў, звыш 3,2 тысячы танкаў і 6,2 тысячы бронемашынаў, 2,2 тысячы артылерыйскіх сістэмаў, дзве сотні сродкаў супрацьпаветранай абароны, амаль тры сотні самалётаў і амаль столькі ж верталётаў. Таксама Генштаб ЗСУ сцвярджае, што былі выпадкі адмовы расейскіх мабілізаваных браць удзел у баях – з Луганскай вобласці ў Расею вярнулі да 600 такіх байцоў.

Украіна 4 лютага вярнула з расейскага палону яшчэ 116 украінцаў, якіх абмянялі на 63 расейскіх байцоў. З пачатку поўнамаштабнай вайны Украіна вярнула з палону ўжо 1762 чалавек.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што расейскія войскі працягнулі рыхтаваць наступ на захадзе Луганскай вобласці. Сілаў Расеі не хопіць на адначасовыя наступы на Данбас і на Запароджжа, мяркуюць аналітыкі.

Таксама ISW заўважае, што Расея спрабуе рэструктураваць сілы баевікоў незаконных «прыватных вайсковых кампаніяў», інтэграваць «добраахвотнікаў» у свае структуры. Кіраўнік баевікоў «групы Вагнэра» Яўгеній Прыгожын, на думку экспертаў, спрабуе кампенсаваць спад свайго ўплыву заявамі аб тым, што гэта ягоныя сілы перамагаюць пад Бахмутам.

Разбор
Расея рыхтуе новы наступ на Украіну? Хутчэй так, але наўрад ці будзе «паўтарэнне 24 лютага»
2023.01.31 18:41

Брытанская выведка адзначае, што Расея за апошні тыдзень мела невялікія поспехі ў раёне Бахмуту і цяпер ставіць пад пагрозу дзве дарогі, важныя для абаронцаў Украіны. Бахмут становіцца ўсё больш ізаляваным, хоць застаюцца альтэрнатыўныя шляхі па перасечанай мясцовасці.

Тым часам прэм’ер-міністр Злучанага Каралеўства Рышы Сунак 4 лютага стэлефанаваўся з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Сунак расказаў пра пачатак трэнаванняў украінскіх вайскоўцаў на брытанскіх танках «Challenger 2» і сваёй сустрэчы з байцамі ЗСУ, якія ўразілі яго сваёй адвагай і гісторыямі пра любімую бацькаўшчыну. Галоўная зброя, запэўніў Сунак, гэта міжнародная еднасць у падтрымцы Украіны.

Сапраўды, далёка не адна Брытанія надае Украіне вайсковую падтрымку. Украіне абяцалі ў тым ліку пастаўкі амерыканскіх танкаў «M1A2 Abrams» і нямецкіх «Leopard 2». І першы сучасны заходні танк ужо паляцеў да Украіны, але не з Еўропы ці са Штатаў, а з Канады. Да «леапардавай кааліцыі» 4 лютага далучылася Партугалія, якая пачала працу над перадачай сваіх танкаў Украіне, і неўзабаве можа далучыцца нават Швейцарыя.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў