ЗША дадуць Украіне навейшыя танкі, чым планавалі. Што такое «A2», і чаму іх паставяць няхутка?


Пэнтагон пацвердзіў тое, пра што раней выданне «Politico» пісала са спасылкай на ананімныя крыніцы: Украіне збіраюцца перадаць 31 танк M1A2, а не M1A1, як раней меркавалі. Паслухалі прэс-брыфінг намесніцы прэс-сакратара Міністэрства абароны ЗША Сабрыны Сінг і тлумачым, што адбываецца.

Танк «M1A2 Abrams» на вучэннях «Noble Partner». Палігон Вазіяні, Грузія. 11 траўня 2016 года.
Фота: U.S. Army Europe / Flickr

Як пісала «Politico», Злучаныя Штаты збіраюцца перадаць Кіеву танкі «M1A2 Abrams», а не больш старую версію «A1», якая ёсць у запасах войска. Намесніца прэс-сакратара Міністэрства абароны ЗША Сабрына Сінг расказала на прэс-брыфінгу 26 студзеня, што гэта сапраўды так. Але ёсць некаторыя нюансы.

«Абрамсы» будуць ва Украіне няхутка. Так і задумана, бо хутка будуць «Леапарды»

Штаты збіраюцца перадаць танкі праз такі працэс, які можа заняць месяцы, а то і амаль год, бо не маюць лішніх танкаў «M1A2» на складах, кажа Сінг. Ды і танкі патрабуюць доўгага навучання ўкраінскіх вайскоўцаў, а таксама няпростага абслугоўвання і забеспячэння, пра што раней папярэджвалі амерыканскія чыноўнікі. Калі дакладна пачнуцца трэнаванні, як будуць праходзіць і колькі часу зоймуць, яна яшчэ не ведае.

Пасля візіту міністра абароны ЗША Лойда Остына ЗША пабачылі, што ёсць магчымасць накіраваць патрэбную тэхніку на поле бою проста цяпер або ў бліжэйшай перспектыве (гаворка, імаверна, аб нямецкіх танках «Leopard 2»). Але на рашэнне перадаць «Абрамсы» гэта не паўплывала, растлумачыла Сінг. Яна назвала гэта «доўгатэрміновай дэманстрацыяй прыхільнасці». Таму такая схема мае сэнс, рэзюмавала яна: саюзнікі абвесцілі аб іншых магчымасцях перадачы зброі Украіне.

Разбор
Што такога ў «Леапардах»? Чаму пастаўкам нямецкіх танкаў ва Украіну надаюць столькі ўвагі
2023.01.26 18:10

Колішні намеснік начальніка Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны Ігар Раманенка нядаўна тлумачыў «Белсату», што «Леапарды» не толькі хутчэй дабяруцца да Украіны з Еўропы, чым «Абрамсы» з Амерыкі: нямецкія танкі менш капрызныя ў абслугоўванні ў параўнанні з амерыканскімі, ды і пад «Леапарды» ўжо ёсць рамонтная база ў Польшчы.

Чым «А2» лепшыя за «А1»?

«M1 Abrams» – асноўны баявы танк, які Штаты серыйна выпускаюць з 1980 года. Як і большасць танкаў у свеце, базавую мадэль неаднаразова мадыфікавалі. Усе мадэлі яднае вялікая маса (усё большая з новымі мадыфікацыямі), газатурбінавы рухавік «Honeywell AGT1500» (яго крытыкуюць за тое, што жарэ шмат паліва, гэта можа быць адной з лагістычных праблемаў), які дае запас ходу да 426 км па дарозе і ад 150 км бездарожжам на хуткасці да 67 км/г па добрай дарозе. Усё абслугоўвае экіпаж з 4 чалавек. «A1» і «A2» маюць асноўную гладкаствольную гармату калібру 120 мм, усе версіі маюць дадатковыя кулямёты: адзін калібрам 12,7 мм, два калібрам 7,62 мм.

Танк «M1A2 SEPv3». Форт-Гуд, ЗША. 18 жніўня 2020 года.
Фота: Calab Franklin / U.S. Army / Flickr

Найноўшыя «M1A2 SEPv3» лепшыя за «M1A1» у летальнасці зброі, жывучасці самога танка, запасе ходу, магчымасці інфармавання  камандзіра экіпажу і камунікацыяў з іншымі войскамі. У параўнанні з савецкімі Т-72, якія найчасцей выкарыстоўваюць абодва бакі на вайне ва Украіне, «Абрамсы» цяжэйшыя і павольнейшыя, але больш манеўраныя, хуткастрэльныя і дальнабойныя, ды і большасць танкаў Т-72 – у мадыфікацыях, якія значна менш «наварочаныя» ў брані, электроніцы і кантролі агню.

Агулам у амерыканскім войску на 2022 год, паводле падлікаў Міжнароднага інстытуту стратэгічных даследаванняў, было 645 танкаў «Abrams M1A1», 1605 – «M1A2 SEPv2» і 390 «M1A2 SEPv3», яшчэ каля 3450 танкаў у версіях «A1» і «А2» – на складах войска.

Чаму Украіне дадуць «А2», а не «А1»?

У амерыканскіх медыях раней паведамлялася , што Украіне вышлюць танкі мадыфікацыі «A1». Сінг яшчэ раз пацвердзіла: вядзецца аб пастаўках менавіта «А2» (але яшчэ не факт, што тыя самыя танкі версіі «M1A2 SEPv3», якія Штаты маюць паставіць Польшчы ў 2025-2026 гадах). ЗША спрабуюць арганізаваць вытворчасць новых танкаў праз праграму «Ukraine Security Assistance Initiative», але працуюць над дэталямі, таму Сінг не адмаўляла наўпрост, што ЗША могуць узяць са складоў «A1» і мадыфікаваць іх.

Сінг адзначыла, што ЗША маюць на мэце ўцягнуць прамысловасць у вытворчасць новых танкаў, бо магчымасці перадаць іх са складоў проста цяпер няма.

Журналісты на брыфінгу цікавіліся, чаму пастаўляць збіраюцца толькі дзясяткі «Абрамсаў» ад ЗША і «Леапардаў» ад розных краінаў, а не адразу сто такіх і сто такіх? На гэтае пытанне журналіста Сінг адказала, што перадача танкаў – гэта суверэнныя рашэнні краінаў, якія самі глядзяць, што могуць даць Украіне, і Штаты вельмі ўдзячныя саюзнікам за тое, што яны ўжо змаглі перадаць. Менавіта «Абрамсы» ад ЗША – гэта не сімвалічны жэст, а абавязальніцтва даць Украіне тое, што спатрэбіцца на полі бою ў будучыні.

Танк «M1A2 Abrams» на парадзе. Таллін, Эстонія. 24 лютага 2017 года.
Фота: Pjotr Mahhonin / Wikimedia

Уранавая браня і ўранавыя снарады для Украіны? Адказу няма

Раней у медыях сцвярджалася, згадаў адзін з журналістаў на брыфінгу, што «M1A2» не хочуць паставіць ва Украіну праз сакрэтную браню, каб пра сакрэты не даведалася Расея. Сінг сказала, што не можа каментаваць гэтых заяваў – і што яна можа толькі сказаць, што Украіне перададуць «М1А2».

Гэтая звышсакрэтная браня, як мяркуецца, зробленая з пласцінамі збедненага ўрану між пласцінамі сталі – не такога ўрану, які выкарыстоўваюць у рэактарах, а нават менш радыеактыўнага за ўранавую руду ў прыродзе. Збеднены ўран (і гэта не сакрэт) выкарыстоўваюць у бранябойных снарадах і ракетах, сярод іншага Штаты ўжывалі іх у войнах у Іраку, Афганістане і на Балканах. Наколькі такі ўран небяспечны ў доўгай перспектыве, пакуль не вядома дакладна, але шмат краінаў і няўрадавых арганізацыяў неаднаразова заклікалі забараніць зброю са збедненым уранам праз дадатковыя рызыкі для здароўя. Ды глабальнай забароны пакуль няма.

Украіне даюць не толькі «Абрамсы», а «чырвоных лініяў» няма

Ваенная дапамога Украіне ад Штатаў ацэньваецца на 27,2 млрд долараў з пачатку поўнамаштабнай вайны. Яна ўключае супрацьтанкавыя, супрацьпаветраныя і артылерыйскія комплексы, у тым ліку славутыя «Джэвэліны» і «Гаймарсы», розныя вайсковыя машыны, стралковую зброю і вайсковы рыштунак, многія тысячы снарадаў рознага кшталту. Сярод гэтай дапамогі – абяцаныя Штатамі 109 бронемашынаў «M2 Bradley», якія называюць «забойцамі танкаў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сяргей Шайгу і Уладзімір Пуцін на вучэннях «Захад-2021». Муліна, Расея. 13 верасня 2021 года.
Фота: kremlin.ru

Размова не пра нейкі адзін від тэхнікі, які «раптам скончыць вайну, як чароўная палачка», падкрэсліла Сінг. Вайна ва Украіне, працягнула яна, можа трываць шмат гадоў, хоць можа скончыцца і проста заўтра, калі таго захоча Уладзімір Пуцін. Нейкіх «чырвоных лініяў» у пастаўках зброі Украіне ў Штатах не малявалі, а пагрозы Пуціна пра ягоныя «чырвоныя лініі» і эскалацыю чулі не раз:

«Мне здаецца, што я ўжо чула гэтую думку ад іх. Калі толькі гэтага не было: калі мы давалі «Javelin» ці «HiMARS», а потым «Patriot». Усё гэта, здаецца, можа выглядаць як эскалацыя. Я не разглядаю гэта так. Гэта вайна, якую пачала Расея, уварваўшыся ў суверэнную дзяржаву. І адзіная эскалацыя тут – гэта бесперапынны шквал расейскіх удараў па электрасетках або забойства бязвінных украінскіх цывільных жыхароў. Гэта тая эскалацыя, якую мы назіраем. Таму нашую падтрымку Украіны я ўвогуле не разглядаю як нейкую эскалацыю».

Прадстаўніца Пэнтагону пры ўсіх агаворках не выключала, што ЗША калі-небудзь дадуць Украіне і самалёты-знішчальнікі «F-16», але прасіла не забягаць наперад да абмеркавання яшчэ не анансаваных пакетаў дапамогі.

Аналітыка
Танкавы прарыў. Як паўплывае на вайну перадача Украіне заходняй бранятэхнікі
2023.01.12 18:22

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў