«Мне ўсё таксама 23, а не хутка 25» – Даша Чульцова распавяла сваёй маме як успрымае сябе і рэчаіснасць у турме


У лісце да родных палітзняволеная Дар’я Чульцова піша пра побыт за кратамі. Мама зняволенай падзялілася лістом, у якой Даша распавядае пра пачатак Новага году.

Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова ў судзе Фрунзенскага раёну Менска. Менск, Беларусь. 9 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Дарʼя Чульцова разам з Кацярынай Андрэевай за кратамі з 15 лістапада 2020 году. Дзяўчыны, якіх арыштавалі за стрым з жорсткага разгону падчас акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэння сілавікамі народнага мемарыялу, другі Новы год сустрэлі за кратамі.

Дарʼя піша родным, што ў зняволенні ўзнікае ўражанне, што час наагул спыніўся.

«Спадзяваліся, што я не легла спаць праз паўгадзіны пасля бою курантаў? Ха-ха! Як жа кепска вы пра мяне думаеце! Я лягла за 2 гадзіны да бою курантаў:) Для мяне Новы год без блізкіх і родных, без тых, каго я кахаю, не Новы год зусім. Плюс да ўсяго я затрымалася ў 2020 годзе, для мяне час стаіць на месцы, змянілася толькі лічба (2022). Якую я пішу на заявах там, дзе ставіцца дата. У астатнім мне ўсё таксама 23, а не хутка 25. Гэта дзіўна і думаю складана зразумець, калі не адчуць на сабе… Я перакананая, што ўсё адновіцца калі я буду дома. Проста тут не рэальны свет, час ідзе інакш.

Калі я была ў СІЗА, з камеры не было бачна вуліцу, яшчэ і цёмна амаль заўсёды за акном. І мне здавалася, што акрамя гэтага будынку нічога ў свеце не існуе».

«Белсату» стала вядома, што Кацярыну Андрэеву перавялі ў іншы атрад, гэта звязана з накіраваннем у калонію Марыі Калеснікавай.

Справа ў тым, што палітычных вязняў звычайна не накіроўваюць у адзін атрад і ім забаронена размаўляць паміж сабою.

Цяпер лісты Кацярыне трэба пісаць па новым адрасе: Бахвалава Кацярына ПК № 4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3. Атрад 19.

Кацярыне і Дар’і выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак») Крымінальнага кодэксу. 18 лютага 2021 года суддзя Фрунзенскага раённага суда Менску Наталля Бугук пакарала Кацярыну і Дар’ю 2 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Нашыя каляжанкі не прызналі сваёй віны і лічаць пераслед помстаю спецслужбаў за прафесійную дзейнасць.

Артыкулы
Як дыктатар Лукашэнка скраў у Дашы два гады жыцця. Выйшаў комікс пра журналістку «Белсату»
2022.01.15 10:00

МЛ belsat.eu

Стужка навінаў