181-ы дзень пратэстаў. Прысуд блогеру, новаўвядзенні Следчага камітэту


181 дзень працягваюцца паслявыбарчыя пратэсты ў Беларусі. Улады імкнуцца пакараць ледзь не кожнага ўдзельніка масавых акцыяў, а каб запалохаць людзей, нават разгарнулі хвалю крымінальнага пераследу над нязгоднымі. «Белсат» падводзіць галоўныя вынікі дня.

«Белсат» патрабуе вызваліць Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову

Напярэдадні пачатку судовага паседжання ў справе затрыманых журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай Беларуская асацыяцыя журналістаў зладзіла прэс-канферэнцыю. Заяву «Белсату» на ёй агучыў намеснік дырэктара тэлеканалу Аляксей Дзікавіцкі.

«Лічым зняволенне нашых журналістак незаконным. Нашыя рэпарцёркі выконвалі сваю працу – рыхтавалі матэрыялы для тэлеканалу «Белсат». Падчас працы яны добрасумленна і старанна выконвалі ўсе журналісцкія абавязкі. Абвінавачанні на адрас абедзвюх журналістак абсурдныя.

Яны не кіравалі «групавымі дзеяннямі, якія груба парушаюць грамадскі парадак», не арганізоўвалі і не рыхтавалі «дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Іх затрымалі 15 лістапада, калі яны асвятлялі жорсткі разгон мірнай дэманстрацыі на месцы затрымання актывіста Рамана Бандарэнкі – чалавека, які зрабіў заўвагу невядомым у цывільным, каб яны не зрывалі беларускай сімволікі. У выніку збіцця ён, не прыходзячы ў прытомнасць, памёр у шпіталі.

Журналісткі вялі рэпартаж пра тое, чаму жыхары Беларусі абураныя смерцю Рамана Бандарэнкі. У гэтым заключаецца журналісцкая праца, і такія дзеянні не павінны карацца ні ў адной краіне свету. Таму мы патрабуем неадкладнага вызвалення журналістак і зняцця ілжывых абвінавачанняў».

Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова. Фота для калажу ўзятыя з сацсетак

Журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова застаюцца за кратамі з 15 лістапада. Іх затрымалі за стрым жорсткага разгону падчас акцыі памяці Рамана Бандарэнкі ды разбурэння сілавікамі народнага мемарыялу. Кацярыне і Дар’і выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Праваабаронцы прызналі журналістак палітвязнямі.

Судовы канвеер

Сёння Менскі гарадскі суд агучыў вырак у справе Паўла Спірына. Блогера пакаралі зняволеннем на 4 гады і 6 месяцаў у калоніі агульнага рэжыму.

Аб’ектыў
Вырак Паўлу Спірыну: за два фільмы – чатыры з паловаю гады калоніі
2021.02.05 22:25

Паўла Спірына затрымалі летась 4 верасня. Яго вінавацілі ў распальванні сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу). Нагодаю сталіся два ролікі на ягоным YouTube-канале: «Грань», прысвечаны антынаркатычнаму заканадаўству ў Беларусі (размешчаны 14 чэрвеня 2019 года) і «Жудасная таямніца генпракурора Беларусі: карт-бланш на садызм» (22 жніўня 2020 года), прысвечаны жнівеньскім падзеям. Тут убачылі распальванне сацыяльнай варожасці ў дачыненні работнікаў пракуратуры, суддзяў, дэпутатаў, вышэйшых службовых асобаў і міліцыянтаў, у тым ліку амапаўцаў.

Павел Спірын у судзе.
Фота: Белсат

Пераслед айцішнікаў

Інжынера-праграміста Сцяпана Чыкілёва, якога 15 лістапада збіў міліцэйскі мікрааўтобус, прызналі вінаватым у зацятым хуліганстве. Суддзя Фрунзенскага суда Менску Наталля Бугук прызнала айцішніка Сцяпана Чыкілёва вінаватым у тым, што ён нібыта пашкодзіў аўтамабіль сілавікоў, і прысудзіла яму 3 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»).

Сцяпан Чыкілёў. Фота RFERL

Праграміста судзілі за зацятае хуліганства паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу. На відэа з затрымання бачна, што 34-гадовага айцішніка збіў бус сілавікоў. Людзі ў чорным выскачылі з аўта і зацягнулі Сцяпана Чыкілёва. Пры гэтым сілавікі жорстка збілі мужчыну, ён трапіў у шпіталь.

Прысуд падлетку

Гомельскі суд пакараў 15-гадовага падлетка двума гадамі пазбаўлення волі ў спецыяльнай навучальна-выхаваўчай установе закрытага тыпу. Добрушскі юнак быў адміністратарам тэлеграм-каналу «Данные карателей Беларуси». Там ён публікаваў асабістыя звесткі сілавікоў Гомельшчыны. Таксама хлопец прасіў сваіх падпісантаў ахвяраваць грошы на развіццё праекту.

Hавiны
15-гадоваму адміністратару тэлеграм-каналу далі два гады пазбаўлення волі
2021.02.05 13:53

Памочнік пракурора Гомля Ганна Зубарава сцвярджае, што за гэтыя сродкі падлетак быццам бы набыў сабе скутар і вопратку. Цяпер пракуратура хоча спагнаць грошы на карысць дзяржавы. Гэта больш за 1,5 тысячы беларускіх і 5 тысячаў расейскіх рублёў.

Па выніках сённяшняга дня праваабаронцы прызналі палітвязнямі 227 асобаў, крымінальных справаў за гвалт з боку сілавікоў дасюль няма.

Прызначылі дату суда над журналісткай і лекарам

Судзіць журналістку Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна пачнуць 19 лютага а 10:00 у Доме правасуддзя.

Разгледзіць справу суд Маскоўскага раёну Менску, паведамляе TUT.by. Журналістку і доктара вінавацяць у раскрыцці медычнай таямніцы.

Кацярына Барысевіч і Арцём Сарокін

Кацярыну Барысевіч затрымалі 19 лістапада 2020 года. Ёй і доктару БХМД Арцёму Сарокіну выставілі абвінавачанне ў раскрыцці медычнай таямніцы, што прывяло да цяжкіх наступстваў (ч. 3 арт. 178 КК РБ).

Нагодаю стаў апублікаваны артыкул пра тое, што ў крыві Рамана Бандарэнкі не выявілі алкаголю. Гэта разыходзіцца з версіяй СК і асабіста Аляксандра Лукашэнкі.

Hавiны
Суд над журналісткаю TUT.by Кацярынаю Барысевіч і доктарам Арцёмам Сарокіным пачнецца 19 лютага
2021.02.05 14:28

Новаўвядзенне ад Следчага камітэту

Следчы камітэт працягвае расследаванне крымінальнай справы па леташніх масавых закалотах у Менску. Кіраўнік менскага ўпраўлення Сяргей Паско распавёў БЕЛТА, што асаблівую ўвагу звярнулі на фінансавы складнік.

Аб’ектыў
«Дзяржава не хоча, каб беларусы дапамагалі адзін аднаму». Пакараныя штрафамі заплацяць ізноў?
2021.02.05 22:05

Сцвярдажецца, што СК выявіў факты фінансавання «незаконных масавых мерапрыемстваў», у тым ліку гаворка ідзе пра аплату штрафаў па адміністратыўных справах. Яшчэ ў лістападзе арыштавалі рахункі фонду «BY_help», а з картаў беларусаў, якія атрымалі ад яго дапамогу, пачалі знікаць грошы.

«У выніку гэтай дзейнасці асобы, у дачыненні якіх ужыта адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе штрафу, фактычна адказнасці не нясуць. Варта адзначыць, што прынцып індывідуальнай адказнасці, што прадугледжаны адміністрацыйным правам, азначае патрэбу выканання пакарання непасрэдна асобай, якую прыцягнулі да адказнасці. У іншым выпадку значэнне інстытута асабістай адказнасці цалкам нівелюецца», – лічыць Сяргей Паско.

Hавiны
Кацярына Андрэева: «Мая справа з пачатку і да канца сфабрыкаваная, прычым вельмі няўмела»
2021.02.05 14:15

СК belsat.eu

Стужка навінаў