Беларусь высылае супрацоўніка Генконсульства Польшчы ў Берасці


МЗС Беларусі высылае з краіны супрацоўніка Генеральнага консульства Польшчы ў Берасці, паведамляе БелТА.

Міністэрства замежных справаў упэўненае, што супрацоўнікі Генконсульства Польшчы ў Берасці арганізавалі спробу ўцёкаў з Беларусі грамадзяніна Польшчы, які падазраецца ў ДТЗ з смяротным зыходам. Аб гэтым 5 студзеня паведаміў прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Анатоль Глаз.

Таксама ў Міністэрства замежных справаў выкліканы часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі.

Здымак з месца аварыі 30 снежня.
Фота: mvd.gov.by

ДТЗ адбылося ў Івацэвіцкім раёне ўвечары 30 снежня мінулага года, калі 22-гадовы грамадзянін Польшчы, кіруючы фурай пры пераходзе ў крайнюю левую паласу руху, урэзаўся ў сустрэчны аўтамабіль Lada Granta пад кіраваннем 29-гадовай жыхаркі Жабінкі. У выніку ДТЗ 31-гадовая і 35-гадовая жыхаркі Берасця, пасажыркі легкавушкі, загінулі на месцы.

Кіроўцы фуры і легкавога аўтамабіля прызнаныя падазраванымі ў крымінальнай справе.

Грамадзяніну Польшчы вынеслі пастанову аб часовай забароне выезду з Беларусі. Аднак мужчына паспрабаваў выехаць у Польшчу, але быў затрыманы на тэрыторыі пункту пропуску «Берасце».

«Яму зусім лагічна было часова абмежаванае права выезду з Рэспублікі Беларусь. Аднак 3 студзеня, каб пазбегнуць адказнасці, гэты грамадзянін паспрабаваў пакінуць нашую краіну і схавацца на тэрыторыі Польшчы, але быў затрыманы памежнікамі. Намі дакладна ўстаноўлена, што спробу ўцёкаў ініцыявалі і арганізавалі супрацоўнікі Генеральнага консульства Польшчы ў Берасці», – заявіў прэс-сакратар МЗС.

Польскі бок пакуль не пракаментаваў сітуацыю.

Hавiны
Чаму пратэстуюць у Казахстане, пры чым тут кошты на паліва і ці будзе раскол элітаў? Коратка тлумачым
2022.01.05 14:22

АД, belsat.eu

Стужка навінаў