ISW: Шайгу прылятаў у Менск, каб націснуць на Лукашэнку


Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) мяркуе, што візіт 3 снежня ў Менск міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу меў на мэце націснуць на кіраўніцтва рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Менск, Беларусь. 3 снежня 2022 года.
Фота: БелТА

«Шайгу, верагодна, сустракаўся з Хрэніным і Лукашэнкам, спрабуючы націснуць на Беларусь, каб яна і далей падтрымлівала наступальную кампанію Расеі ва Украіне», – гаворыцца ў справаздачы.

ISW раней ацэньваў, што Беларусь «наўрад ці ўступіць у вайну ва Украіне праз унутраныя фактары, якія стрымліваюць гатовасць Лукашэнкі зрабіць гэта».

Абноўлена
У Менск прыляцеў міністр абароны Расеі. Апошні раз ён быў у Беларусі напярэдадні расейскага ўварвання ва Украіну
2022.12.03 17:37

3 снежня ў Менску міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу правёў перамовы з беларускім калегам Віктарам Хрэніным: падпісалі пратакол пра ўнясенне зменаў у пагадненне між Беларуссю і Расеяй аб супольным запэўніванні рэгіянальнай бяспекі ў вайсковай галіне. Таксама ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам, які паабяцаў выканаць усе супольныя дамовы і выпрацаваць разам з расейскімі вайскоўцамі «адзіную пазіцыю пра далейшыя дзеянні ў справе абароны тэрытарыяльнай цэласнасці».

Папярэдні візіт Шайгу ў Беларусь адбыўся 3 лютага, напярэдадні ўварвання Расеі ва Украіну, у тым ліку з беларускай тэрыторыі. Тады чыноўнік сустракаўся з Хрэніным, а таксама з Лукашэнкам.

Вайсковы эксперт у каментары «Белсату» заўважыў, што Расея ў кантэксце вайны з Украінай зацікаўленая ў беларускай тэрыторыі. Адсюль можна запускаць ракеты, тут можна навучаць рэзервістаў і лячыць параненых вайскоўцаў:

«Калі і будзе выкарыстоўвацца тэрыторыя Беларусі, то гэта, магчыма, аэрадромы, раёны манеўравання і патрулявання ракетных комплексаў, можна выкарыстоўваць як тылавую зону для размяшчэння нейкіх матэрыяльных рэсурсаў, рыхтавання расейскіх рэзервістаў на беларускіх палігонах, лячэнне расейскіх вайскоўцаў у Беларусі».

Аналітык запэўніў, што армія Беларусі да беспасярэдняга ўдзелу ў вайне не гатовая.

Каментар
Вайсковы эксперт: «Шайгу прывёз пасланне ад Пуціна»
2022.12.03 21:26

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў