Топ-7 беларускамоўных настолак, з якімі можна весела і карысна правесці вольны час


Хочаце адчуць сябе ўладаром цмокаў, пасмакаваць мову і наблізіцца да беларускага хюгге? Прапануем вам топ-7 беларускамоўных настолак, з якімі можна весела і карысна правесці вольны час у добрай кампаніі.

Ігральныя карты ВКЛ. Выдатны варыянт для тых, хто не асабліва хоча разбірацца ў правілах, але жадае дадаць у звыклыя картачныя гульні штосьці арыгінальнае і пазнавальнае. У часы ВКЛ жыло і дзейнічала шмат выбітных гістарычных постацей, некаторых з іх можна знайсці ў калодзе: гэта славутыя каралі і князі, выбітныя асветнікі, мудрыя жанчыны і мужныя ваяры. А вы ведаеце, як выглядалі князь Міндоўг ці Барбара Радзівіл?

Ігральныя карты ВКЛ.
Фота: Белсат
Ігральныя карты ВКЛ.
Фота: Белсат

Ігральныя карты Лапіных. Карты з адмысловым гарадзенскім каларытам. Унікальны праект зроблены на аснове карт, якія вырабляліся 80 гадоў таму на гарадзенскай фабрыцы сям’і Лапіных. Тут знаходзім каралёў і гістарычных персанажаў з польскай і беларускай гісторыі – Яна Сабескага, Казіміра Вялікага, Жыгімонта Аўгуста і Стэфана Баторыя.

Ігральныя карты Лапіных.
Фота: Белсат

«Паўстанцы». Настольная гульня для вялікай кампаніі, дзе лёс Беларусі будзе залежыць ад вашых стратэгічных і пераканаўчых здольнасцяў. Гульня прапануе паглыбіцца ў атмасферу далёкага 1863-а года і заняць месца знакамітай гістарычнай асобы (Каліноўскага, Урублеўскага, Мураўёва і інш), альбо ў якасці простага беларуса паўплываць на зыход паўстання. Хлусіць, падманваць і майстэрскі блытаць прысутных – права кожнага гульца. А на што вы гатовыя пайсці, каб перамагчы?

Настольная гульня «Паўстанцы».
Фота: Белсат

Драўляны балансёр «Дойліды». Дойлідства ў старажытныя часы было вельмі прэстыжнай прафесіяй. Велічныя касцёлы і палацы, высокія вежы і гмахі, трывалыя сцены і масты – усё гэта будавалі таленавітыя рукі і кемлівы розум. Уявіце, што вам таксама давядзецца стаць дойлідам і пабудаваць прыгожы будынак. Але цяжкасць у тым, што ваш палац будзе стаяць на не вельмі ўстойлівым месцы, а вашыя канкурэнты будуць ствараць вам шматлікія перашкоды. А хто сказаў, што будаваць новае – гэта проста?

Драўляны балансёр «Дойліды».
Фота: Белсат

«Гаспадар цмокаў». Ужо ніхто не памятае, што першым чалавек прыручыў не сабаку, не ката, не каня – першым быў цмок! Ён дапамагаў чалавеку здабываць ежу і ахоўваў свайго гаспадара. А самым годным у свой час лічыўся той, хто валодаў пяццю цмокамі розных стыхіяў. Каб іх прыручыць, трэба быць хуткім, уважлівым і кемлівым. Цудоўны варыянт для гульні з дзецьмі ад 5 гадоў. А калі вы ў дзяцінстве таксама гулялі ў фішкі, вам гульня дакладна спадабаецца.

Настольная гульня «Гаспадар цмокаў».
Фота: Белсат

Гульня «Мова Цудоўная». Настолка, дзе сабраныя 100 цудоўных унікальных беларускіх словаў. Для тых, хто хоча кайфануць ад смаку беларускай мовы ці адкрыць для сябе яе свет. Падыходзіць для гульцоў ад 14 гадоў.

Гульня «Мова Цудоўная».
Фота: Белсат

«Мова. Буслік». А гэта варыянт моўнай гульні для маленькіх беларусаў. Настолка з прыгожымі яркімі карцінкамі дапаможа палюбіць беларускую мову з дзяцінства. Гульня пазнаёміць не толькі з літарамі, але і з цікавымі беларускімі словамі. Ёсць розная тэматыка гульні. Напрыклад, «Жывёльны свет» дае магчымасць пазнаёміцца з дзікімі і хатнімі жывёламі і птушкамі і іх назвамі па-беларуску. Тут вы сустрэнеце гіля і шуляка, малпу і тхора. Для дзяцей ад 3 да 7 гадоў.

Моўная гульня для дзяцей «Мова. Буслік».
Фота: Белсат
Hавiны
Адвэнт, рараты, вянкі. Як каталікі рыхтуюцца да Калядаў
2021.12.04 16:36

АЛ, belsat.eu

Стужка навінаў