«Беларусь уцягваецца ў архаіку.». Гендырэктар «Tribuna Digital» пра перспектывы беларускага спорту


Дзмітрый Навоша, генеральны дырэктар і сузаснавальнік медыяхолдынгу «Tribuna Digital» (Sports.ru, BY.Tribuna, UA.Tribuna) распавёў «Белсату» пра перспектывы беларускага спорту і падсумаваў вынікі 2021 году.

Дзмітрый Навоша.
Фота: Яўген Дудін / «Коммерсантъ»

– Гэты год стаў шмат у чым правальным для беларускіх спартоўцаў. Чаму так адбылося?

– На спорт уплывае вельмі шмат чаго, у тым ліку тое, што рабілася з гледзішча развіцця дзіцячага спорту ў краіне 10–15 гадоў таму. Бо каб вырасціць спартоўца, трэба не менш за 10 гадоў. Але ёсць і іншыя фактары, якія пагоршылі якасць беларускага спорту і будуць пагаршаць далей. Гэта вынішчэнне прафесіяналаў. Толькі адзін з прыкладаў – трэнер Мікалай Казека, ягоныя выхаванцы прынеслі Беларусі 44 залатыя медалі на Алімпіядах. Гэта палова ўсяго золата, якое Беларусь заваявала за ўсю гісторыю ўдзелу ў зімовых Алімпіядах. Але пры гэтым яго ўзялі і выкінулі са зборнай пасля таго, як ён заявіў сваю пазіцыю за свабодныя выбары і супраць гвалту. Гэта адбываецца спрэс і побач. Ужо падбіраюцца людзі паводле прынцыпу асабістай адданасці, а не сапраўдныя прафесіяналы. Другі фактар: ведаеце, спорт – гэта ў значнай ступені пра волю. Спартоўцам Беларусі цяпер прымусова ампутуюць волю. Ім затыкаюць раты, іх прымушаюць падпісваць нейкія лісты за Лукашэнку, забараняюць камунікацыю з СМІ. Менавіта таму мы бачым правалы не толькі на Алімпіядзе, але і, напрыклад, у беларускім футболе.

– Адным з фактараў правальнага выступу беларускай зборнай на мінулай летняй алімпіядзе некаторыя эксперты называюць пандэмію каронавіруса. Гэта так?

– Нават не хочацца падрабязна каментаваць. Бо каронавірус стаў універсальным апраўданнем для чаго заўгодна. Калі хочацца не дазваляць перадаваць перадачы ў турмы, то гэта праз каронавірус. Калі хочацца не дапусціць назіральнікаў на выбары, то гэта праз каронавірус. І пры гэтым каронавіруса няма, калі дыктатару трэба правесці нейкае масавае мерапрыемства ці што заўгодна.

– Самай горшай паводле колькасці медалёў для Беларусі стала Алімпіяда ў Токіа. Але да Токіа самым дрэнным быў вынік на папярэдняй Алімпіядзе, у Рыа-дэ-Жанэйра. Чаму нягледзячы на тое, што Лукашэнка заўсёды надае шмат увагі спорту, алімпійскія вынікі ўсё больш сціплыя?

– На жаль, Беларусь гвалтоўна ўцягваецца ў архаіку. Гэта датычыць спорту ў такой жа меры, у якой гэта датычыць эканомікі або адукацыі, дзе мы бярэм найгоршыя савецкія ўзоры – вяртаем у школы ваенрукоў. Усё тое ж самае адбываецца ў спорце. Але ў спорце адбываецца рэгулярнае зняцце вынікаў – розныя еўракубкі, чэмпіянаты свету і вось Алімпіяда як самая красамоўная. Спорт – проста частка агульнай нацыянальнай дэградацыі пры познім Лукашэнку, і да змены рэжыму я не бачу шанцаў на разварот гэтага трэнду.

Крысціна Ціманоўская на прэсавай канферэнцыі ў Варшаве, 5 жніўня 2021 г.
Фота: ВО / Белсат

– А чаму ў Беларусі многія спартоўцы – супрацоўнікі МУС і КДБ?

– Па заходні бок мяжы ад Беларусі ці па паўночны такой практыкі зусім няма. Гэта савецкі перажытак, які таксама павінен адмерці. Так было заведзена ў савецкія гады, і дзіўным чынам гэта пранеслася да 2021 года. У СССР не было афіцыйнага прафесійнага спорту, спорт быў некамерцыйным, але заробак спартоўцы дзесьці павінны былі атрымліваць. Паколькі яны нідзе больш не працавалі, нічым не займаліся, іх уладкоўвалі ў спецслужбы або прыпісвалі да войска.

– Як будзе далей развівацца беларускі спорт? Ці чакаць прарываў на міжнародных спаборніцтвах?

– Адбудзецца канчатковая зачыстка людзей, якія не тое што за перамены, а наогул маюць якую-небудзь мараль. Я прывяду ў якасці прыкладу трэнера футбольнага клубу «Рух» Альшэўскага. «Рух» – каманда, якая выступала ў трэцім легіёне яшчэ тры гады таму і цяпер прэтэндуе на медалі, ідзе ў тройцы разам з БАТЭ і «Шахцёрам». І трэнера Альшэўскага звальняюць проста за тое, што пажадаў вытрымкі і сілаў Аляксандру Івуліну – супрацоўніку «Трыбуны», кінутаму ў турму па надуманым абвінавачанні. І хоць ён нават не супрацоўнік дзяржпрадпрыемства, гэта прыватны футбольны клуб, усё роўна Міністэрства спорту загадала федэрацыі яго звольніць. Таму спорт будзе дэградаваць. Гэта будзе зона страху. Людзі будуць баяцца выказваць сваё ўласнае меркаванне. А спартоўцы без волі – гэта спартоўцы трэцяга разраду.

АМ belsat.eu

Стужка навінаў