Абвастрэнне на Данбасе і загадка Херсону. Што цяпер адбываецца на фронце


Belsat.eu разбіраўся, да чаго прывяла актывізацыя наступальных дзеянняў расейскай арміі ў Данецкай вобласці, і чаго цяпер чакаць на Херсонскім фронце.

Аналітыкі амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны 2 лістапада звярнулі ўвагу на тое, што сітуацыя ў Данецкай вобласці абвастрылася і расейцы цяпер наступаюць з падвоенай сілай. 

Бахмут, Украіна.
Фота: Белсат

Галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны распавёў, што «праціўнік утрая павялічыў інтэнсіўнасць баявых дзеянняў на асобных участках фронту – да 80 нападаў штодня». Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі таксама канстатаваў, што на Данбасе цяпер адбываюцца найбольш жорсткія баі.

Цягам апошніх месяцаў адзінымі участкамі фронту, дзе расейцы вялі наступленне, былі Бахмут і Аўдзееўка (Данецкая вобласць). Прасоўваліся яны там вельмі і вельмі павольна, нясучы вялізарныя страты. Пры гэтым многія аналітыкі ставяць пад сумнеў мэтазгоднасць такіх вялікіх намаганняў.

Артыкулы
Блеф пад Херсонам, пекла ў Бахмуце і «лінія Вагнэра». Тлумачым, што цяпер адбываецца на фронце
2022.10.28 20:17

Атакі на гэтых участках фронту расейцы працягваюць і цяпер. Намеснік начальніка Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генеральнага штабу ЗСУ Аляксей Громаў заявіў 3 лістапада, што сітуацыя вакол Бахмуту застаецца складанай, але кантралюемай.

«Праціўнік спрабуе блакаваць Бахмут з поўдня, паўночнага ўсходу і авалодаць Саледарам, чым стварыць спрыяльныя ўмовы для працягу наступлення ў напрамку населенага пункта Часоў Яр з мэтай далейшага поўнага блакавання Бахмута з захаду. ЗСУ супраціўляюцца, у нас усё атрымліваецца», – падкрэсліў ён.  

У канцы мінулага тыдня, 29 кастрычніка, расейскія вайскоўцы перайшлі ў наступленне таксама пад Вугледарам (у зводках украінскага Генштабу гэты ўчастак фігуруе як новапаўлаўскі кірунак). Такім чынам, цяпер у Данецкай вобласці расейцы атакуюць адразу на трох напрамках.

Мапа баявых дзеянняў на Данбасе, 3 лістапада. Крыніца: understandingwar.org

Вугледар – самая гарачая зона баёў на Данбасе

Атака пад Вугледарам распачалася з масіраваных артылерыйскіх і авіяцыйных удараў па пазіцыях ЗСУ. Мілітарысцкія Z-каналы даволі аптымістычна глядзелі на сітуацыю ў першыя пару дзён: паведамлялася, што атрымалася ўклініцца ва ўкраінскую лінію абароны на глыбіню ў 3,5 км і ўвайсці ў буйное сяло Паўлаўка, якое ЗСУ вызвалілі ўлетку. Днём 30 кастрычніка «Рыбарь» прагназаваў, што неўзабаве завершыцца «зачыстка» Паўлаўкі, а Вугледар будзе ўзяты ў паўкальцо.

Але гэты прагноз не спраўдзіўся: узяць Паўлаўку так і не атрымалася. Расейцы наракалі на тое, што ЗСУ здолелі хутка падцягнуць рэзервы, а дажджы размылі дарогі, што ўскладніла лагістыку. У выніку ўжо 2 лістапада Z-каналы прызналі, што «тэмпы прасоўвання знізіліся» і паўтаралі гэтую фармулёўку ў наступных зводках. Праўда, «зніжэнне тэмпаў» – гэта, хутчэй за ўсё, эўфемізм. Выглядае на тое, што ў апошнія дні ніякага прасоўвання няма зусім. Расейскія вайсковыя блогеры і ваенкоры канстатуюць, што ЗСУ працягваюць утрымліваць паўночную частку пасёлку, у Паўлаўцы ідуць «інтэнсіўныя вулічныя баі». Асобныя каналы вымушаны канстатаваць, што ўкраінцы вельмі ўдала абараняюцца і расейцам у гэтым плане «шмат чаму варта павучыцца».

Палявы камандзір «ДНР» Аляксандр Хадакоўскі наогул назваў наступленне пад Вугледарам заўчасным. Ён тлумачыць, што Вугледар знаходзіцца на пануючых вышынях і Паўлаўка для ЗСУ «як на далоні». Таму захоп Паўлаўкі без захопу Вугледару паставіць у складаную сітуацыю саміх расейцаў. А захапіць Вугледар сілаў наўрад ці хопіць.

«На гэтым участку фронту, узяўшы Паўлаўку, проста неабходна рухацца далей на Вугледар – інакш абаронцы Паўлаўкі зноў трапяць у закладнікі. Падвоз неабходнага і ратацыі будуць абцяжараныя, перамяшчацца па Паўлаўцы будзе немагчыма: 1800 метраў да пануючых вышыняў робяць нашых хлопцаў мішэнню нават для кулямётаў – а браць умацаваны Вугледар пры такім надвор’і будзе вельмі няпроста», – піша ў сваім Telegram-канале Хадакоўскі.

Бахмут, Украіна.
Фота: Белсат

Паралельна расейцы спрабуюць прарваць фронт каля Новаміхайлаўкі, каб выйсці да трасы Вугледар – Канстанцінаўка. Але на гэтым участку яны нічога не дасягнулі.

Разам з тым, украінскі бок прызнае, што сітуацыя пад Вугледарам няпростая.

«Нашыя падраздзяленні там трымаюцца і не даюць ворагу прайсці, як і па ўсёй лініі фронту. Але вось менавіта там зараз ідзе найбольш гарачая і інтэнсіўная вайна», – заявіў 4 лістапада прэс-сакратар усходняй групоўкі ЗСУ Сяргей Чараваты.

Высокая цана нязначных дасягненняў

Падобна на тое, што актывізацыя наступальных дзеянняў на Данбасе пацягнула за сабой вялікія страты расейскага боку. У зводках Генеральнага штабу ЗСУ за 30 кастрычніка паведамлялася, што за содні расейцы страцілі на фронце 950 чалавек, 31 кастрычніка – 620, 1 лістапада – 650, 2 лістапада – 800, 3 лістапада – 730, 4 лістапада – 840.

Прарасейскі Telegram-канал «Донбасский кейс» прызнае, што расейскія вайскоўцы сапраўды маглі зазнаць вялікія страты ў апошнія дні. Напрыклад, значную частку групоўкі пад Вугледарам складаюць непадрыхтаваныя расейскія мабілізаваныя, якіх проста кідаюць у лабавыя атакі.

Пра выкарыстанне мабілізаваных у атаках пад Вугледарам і Бахмутам паведамляюць і аналітыкі Інстытуту вывучэння вайны.

«Расейскія войскі заўчасна накіравалі недастатковую канцэнтрацыю мабілізаванага асабовага складу на наступальныя атакі паблізу Бахмута і Вугледара Данецкай вобласці, трацячы свежы запас мабілізаванага асабовага складу на нязначныя дасягненні ў бок аператыўна нязначных населеных пунктаў», – канстатавалі эксперты ISW у зводцы 4 лістапада.

У Інстытуце вывучэння вайны звяртаюць увагу на неразумнае размеркаванне Расеяй сваіх рэсурсаў на перадавой у Данецкай вобласці і не знаходзяць тлумачэнняў, чаму расейцы так спяшаюцца наступаць. Аналітыкі прыходзяць да высновы, што расейцы наўрад ці здолеюць вярнуць сябе ініцыятыву на фронце, калі будуць дзейнічаць па цяперашняй схеме.

Пры гэтым ў Луганскай вобласці ЗСУ працягваюць ціснуць на расейскія пазіцыі. Z-каналы ўвесь тыдзень паведамлялі пра ўкраінскія атакі ў раёне Сватава і Крэмінной. Менавіта рубеж Сватава–Крэмінная мае ключавое значэнне для будучыні ўкраінскага наступлення на Данбасе. Узяцце Сватава дазволіць вызваліць поўнач Луганскай вобласці і выйсці да мяжы з РФ, а кантроль над Крэмінной адкрые дарогу на Лісічанск і Севераданецк. А ў выпадку вызвалення гэтых гарадоў пад ударам можа апынуцца Луганск.

Бахмут, Украіна.
Фота: Белсат

30 кастрычніка стала вядома, што ўкраінцы ўзялі пад поўны агнявы кантроль трасу Сватава–Крэмінная. Разам з тым у апошнія час істотнага прасоўвання наперад у Луганскай вобласці ЗСУ не дэманструюць. Гэта ў значнай ступені тлумачыцца надвор’ем – пастаянныя ліўні ўскладняюць рух тэхнікі.

«Хутка ў Херсоне будзе нешта цікавае адбывацца»

Найбольш супярэчліва выглядае сітуацыя на Херсонскім фронце. З аднаго боку, ЗСУ вядуць наступальную аперацыю там з канца жніўня і дасягнулі за гэты час значных поспехаў. Расейская групоўка на правым беразе Дняпра праз праблемы з забеспячэннем трапіла ў вельмі складаную сітуацыю, што было прызнана афіцыйна. У кастрычніку акупацыйная адміністрацыя Херсонскай вобласці распачала эвакуацыю сваіх установаў і абсталявання, а таксама вываз цывільнага насельніцтва на левы бераг Дняпра.

Аналітыка
Наступ ЗСУ, эвакуацыя і «няпростыя рашэнні». Што цяпер адбываецца на Херсоншчыне
2022.10.19 20:02

З іншага боку, абвалу расейскага фронту на Херсоншчыне пакуль не назіраецца. ЗСУ захоўваюць ініцыятыву на Херсонскім фронце ў сваіх руках, яны рэгулярна наносяць удары па лініях камунікацыяў і складах боепрыпасаў расейскіх войскаў. Але і прасоўвання наперад у апошнія два тыдні не дэманструюць. Мінулы раз пра вызваленне населеных пунктаў на Херсоншчыне паведамлялася 22 кастрычніка.

Украінскае кіраўніцтва намагаецца максімальна знізіць чаканні наконт Херсонскага фронту, указваючы на тое, што размовы пра эвакуацыю і адступленне расейцаў – гэта блеф, інфармацыйная спецаперацыя.

Супярэчлівыя тэндэнцыі на гэтым тыдні толькі ўзмацніліся. Намеснік кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі Херсонскай вобласці Кірыл Стрэмаусаў 2 лістапада заявіў, што, хутчэй за ўсё, расейскія войскі будуць адступаць на левабярэжную частку Херсонскай вобласці.

«Тыя людзі, якія не паспелі перабрацца з Херсона, павінны максімальна хутка сыходзіць», – падкрэсліў ён.

3 лістапада ў мясцовыя паблікі трапілі відэа і фота будынку абласной адміністрацыі Херсону, адкуль знік расейскі сцяг. А мэр Алешак Яўген Рышчук распавёў са спасылкай на мясцовых жыхароў, што расейскія войскі нібыта пакінулі блокпасты ў Чарнабаеўцы, Сцяпанаўцы і Белазёрцы, а ў самім Херсоне колькасць вайскоўцаў «візуальна зменшылася».

Аднак украінскае камандаванне працягвае праяўляць асцярожнасць. Кіраўніца аб’яднанага прэс-цэнтру Сілаў абароны Аператыўнага камандавання «Поўдзень» Наталля Гумэнюк заявіла, што знікненне расейскага сцяга над будынкам абласной адміністрацыі можа быць правакацыяй.

«Гэта можа быць праявай пэўных правакацый для таго, каб стварыць уражанне, што населеныя пункты пакінутыя, што заход у іх бяспечны. Але ўлічваючы, што яны рыхтаваліся да вулічных баёў, як яны маюць свае падраздзяленні, мы ўсведамляем запланаваную тактыку дзеянняў», – адзначыла Гумэнюк.

Сакратар Рады нацыянальная бяспекі і абароны Аляксей Данілаў пракаментаваў знікненне сцягу больш аптымістычна, зазначыўшы, што нешта падобнае раней адбывалася і ў іншых гарадах, да якіх набліжаліся ЗСУ. «Гэта сведчыць аб тым, што, напэўна, хутка ў Херсоне будзе нешта цікавае адбывацца», – сказаў ён.

Бахмут, Украіна.
Фота: Белсат

Аналітыкі ISW з аднаго боку канстатуюць, што расейцы сапраўды выводзяць некаторыя падраздзяленні на левы бераг Дняпра. Але пад Херсонам застаюцца элітныя часткі – дэсантнікі і марская пяхота. Поўны вывад гэтых падраздзяленняў на левы бераг стаў бы больш дакладным паказнікам намераў РФ, мяркуюць эксперты.

«Дагэтуль незразумела, ці будуць расейскія войскі абараняць горад Херсон», – канстатуюць у ISW у зводцы за 3 лістапада.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў