Распачаўся збор сродкаў на дзіцячую аўдыякнігу з вершамі палітвязня Андрэя Скурка


На платформе getdonate.org адкрылі збор на выданне аўдыякнігі з дзіцячымі вершамі, напісанымі палітычным вязнем, нашаніўцам Андрэем Скурком. Патрэбная сума – 4 тысячы еўраў. Частка грошай пойдзе таксама на дапамогу паўтарагадоваму сыну аўтара.

Андрэй Скурко з жонкаю Паўлінай і сынам Тамашом.
Фота: Паўліна Скурко/Facebook

43-гадовы Андрэй Скурко, кіраўнік аддзелу рэкламы і маркетынгу «Нашай нівы» застаецца за кратамі з 8 ліпеня, калі яго затрымалі разам з іншымі нашаніўцамі – Ягорам Марціновічам і Андрэем Дыньком. Скурка вінавацяць паводле арт. 342 КК РБ – «Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».

Са сваім паўтарагадовым сынам Тамашом Андрэй камунікуе толькі малюнкамі і вершамі.

На думку ветэрана беларускай выдавецкай справы Змітра Санька, вершы Андрэя вельмі добрыя.

«Я быў прыемна здзіўлены арыгінальным сюжэтам і тонкім разуменнем дзіцячай псіхікі. А яшчэ – бліскучым валоданнем словам. Нагэтулькі ўсё дасканала!» – адзначае Зміцер Санько.

Вершы нашаніўца, народжаныя ў няволі, – гэта светлыя, крэатыўныя, забаўныя і пазітыўныя творы. Часам кароценькія чатырохрадкоўі, а часам – цэлыя вершаваныя апавяданні. З дапамогаю каманды беларускамоўнага YouTube-каналу для дзяцей «Бэйбус» і народных артыстаў Беларусі вершы здабудуць гукавое суправаджэнне – стануць самастойнымі творамі для слухання. Таксама іх аздобяць малюнкамі. А рэшта грошай пойдзе Андрэеваму сыну.

ГГ, belsat.eu

 

 

Стужка навінаў