Як змянілася Беларусь за 30 гадоў. Аналізуем лічбы з афіцыйнай статыстыкі


Нас робіцца менш, мы старэем. І хоць мы багацейшыя, чым у часы БССР, тэндэнцыі – не на нашую карысць. «Белсат» глядзіць, якая ёсць статыстыка пра беларусаў за тры дзесяцігоддзі.

З 10 млн беларусаў засталося 9 млн. Выява: Белсат

У канцы верасня выйшаў чарговы статыстычны штогоднік Нацыянальнага статыстычнага камітэту (PDF). У ім пералічваюцца паказнікі ад самых агульных да нечакана спецыфічных: напрыклад, можна даведацца, колькі абутку ў таваразвароце было скураным (69 %) і як змянілася за апошнія гады колькасць пасажыраў тралейбусаў ці трамваяў (перавозы гарадскім транспартам апошнімі гадамі падаюць, асабліва моцна абваліліся ў пандэмійны 2020 год). А некаторых важных рэчаў у зборніку няма: практычна нічога – пра мову, нічога – пра параўнанне з суседзямі, вельмі ўскосна – пра дабрабыт.

Паглядзелі, якая наогул ёсць статыстыка пра беларусаў за ўвесь час існавання незалежнай Рэспублікі Беларусь. Большая частка апублікаванай статыстыкі фіксуе звесткі на канец года. Гэта значыць, можам прааналізаваць 30 гадоў незалежнасці. Чаго няма ў Белстату, дапоўнім звесткамі з іншых крыніцаў.

Колькі нас

9 255 524 чалавекі – насельніцтва Беларусі на 1 студзеня 2022 года, паводле звестак Белстату. Наўрад ці яно вырасце да канца года.

Амаль мільён чалавек знік з насельніцтва Беларусі з 1991 года па 2022-гі. Беларусь за год у сярэднім губляе каля 29 тыс. чалавек (60,6 тыс. за 2020 год, 94,1 тыс. за 2021-ы). Такімі тэмпамі Беларусь гадоў праз 12, а то і хутчэй, вернецца да колькасці насельніцтва, як у 1939 годзе.

Колькасць насельніцтва на пачатак года. Звесткі: Белстат. Выява: Белсат

На 1000 мужчын – 1163 жанчыны. Гэтыя суадносіны паціху растуць на карысць жанчын, у 1991 годзе было 1130 жанчын на 1000 мужчынаў. Пры гэтым нязменна мужчынаў больш ва ўзроставых групах да 24 гадоў, жанчын – у групах ад 25 гадоў. А ва ўзросце ад 70 гадоў на аднаго мужчыну прыпадае больш за дзве жанчыны.

Сярэдні ўзрост з абвяшчэння незалежнасці вырас на 5,7 года. На пачатак 2021 года сярэдні ўзрост па Беларусі быў 40,9 года, сярод мужчын – 38,1 года, сярод жанчын – 43,3 года. У 1991 годзе было 35,2 года для ўсіх, 32,7 года для мужчынаў і 37,5 – для жанчын. Пры гэтым колькасць пенсіянераў мянялася нязначна, а з пенсійнай рэформай 2016 года пачала зніжацца, на канец 2020 года пенсіянераў было каля 2,62 млн. Імаверна, тая рэформа была выкліканая не толькі праблемамі з дэфіцытам пенсійнага фонду, а і тым, што доля «працоўнага рэсурсу» ў насельніцтве стала заўважна падаць. Цяпер у Беларусі працаздольнымі лічацца 5,6 млн чалавек, а ў 1991-м было роўна 6 млн.

Сумарны каэфіцыент нараджальнасці. Звесткі: Белстат. Выява: Белсат

Замест двух дзяцей – менш за 1,4. З падзеннем дзіцячай смяротнасці і ростам дабрабыту паступова зніжаецца колькасць нараджэння дзяцей, у крызісы адбываюцца абвалы нараджальнасці – гэта даволі звычайная тэндэнцыя для свету. Беларусь у доўгай перспектыве мала адрозніваецца ў гэтым ад суседзяў. У 1970-х у БССР было каля 16 нараджэнняў на 1000 чалавек на год, у першай палове 1980-х быў нават рост да 17, з распадам СССР – абвал да ўсяго 9 у 1997 годзе. На «стабільнасць» 2000-х прыпаў рост, у сярэдзіне 2010-х дайшло да 12,5 нараджэнняў на 1000 чалавек, але ў 2017-м нараджальнасць пачала абвальвацца, за 2020 і 2021 гады звестак не публікавалі (ёсць толькі здагадкі журналістаў «Зеркала» – нараджальнасць і смяротнасць горшыя за «ліхія 90-я»). У канцы 1980-х каэфіцыент нараджальнасці складаў каля 2 дзяцей на жанчыну, у 1997-м абваліўся да 1,25, да 2017-га вырас да 1,7, потым упаў ніжэй за 1,4 у 2019-м (і ёсць падставы меркаваць, што цяпер стаў яшчэ меншым). З 1960-х у БССР рабілі каля 200 тыс. абортаў на год, на 1989 і 1990 гады прыпаў дзіўны пік абортаў, аж звыш 260 тыс., але пасля колькасць абортаў пастаянна спадала (відаць, дзякуючы з’яўленню даступнай кантрацэпцыі), да ўсяго 16,8 тыс. за 2021 год.

Беларусы сталі брацца шлюбам на траціну менш, а на два шлюбы – адзін развод. У 1991 годзе беларусы пабраліся шлюбамі 94 760 разоў і разжаніліся 37 802 разы, у 2021-м – 59 649 разоў пабраліся шлюбам і разжаніліся 34 386 разоў. Скачок разводаў прыпаў на 1990-я, даходзіла да 47 тыс. разводаў на год. У другой палове 1990-х і першай палове 2000-х быў і правал у новых шлюбах, але 2020 год стаў самым «антышлюбным» з 1940-х: усяго 50 тыс. новых шлюбаў.

Аналітыка
Зазірнулі ў беларускі банк вакансіяў. Ёсць прапанова нават на 10,5 тысячаў рублёў
2022.07.06 19:27

14 набытых праз міграцыю на 33 страчаных натуральным чынам – такія суадносіны былі ў 2019 годзе, потым звесткі перасталі публікаваць. З 1993 года ў Беларусі трывае натуральная страта насельніцтва (памірае больш, чым нараджаецца), а з 1995-га – міграцыйны прырост (прыязджае больш, чым з’язджае). Але рэдка калі міграцыйны прырост перавышаў натуральныя страты, а апошнімі гадамі, імаверна, пайшлі міграцыйныя страты.

Мінус 1,36 млн у вёсках, плюс 427 тыс. у гарадах – так змянілася размеркаванне насельніцтва з канца 1991-га да канца 2022 года. Цяпер на 7,23 млн гарадскіх жыхароў прыпадае 2,02 млн сельскіх. На сяле цяпер жыве менш за 22 % беларусаў, а ў 1991-м сельскіх жыхароў было 33 %.

Родная мова і мова, на якой размаўляюць удома. Звесткі: Белстат. Выява: Белсат. Эмодзі: openmoji.org, CC BY-SA 4.0

Беларусаў у насельніцтве стала больш, беларускамоўных – менш. Пра нацыянальны склад і мовы можна даведацца толькі з вынікаў перапісу насельніцтва, што праводзяцца ў Беларусі раз на 10 гадоў: у 2019, 2009, 1999 гадах, у 1989 годзе ў БССР. У 1989 годзе ў насельніцтве БССР было 77,8 % беларусаў, 13,2 % расейцаў, 4,1 % палякаў, 2,9 % украінцаў, 1,1 % габрэяў. У 2019 годзе беларусамі сябе назвалі ўжо 84,9 %, расейцамі 7,5 %, палякамі 3 %, украінцамі 1,7 %, габрэямі толькі 0,15 %. У 1989 годзе 65,6 % апытаных назвалі роднай мовай беларускую, у 1999-м – 73,7  %, у 2009-м – 53,2 %, у 2019-м – 54,1 %. Пры тым можна было назвацца, напрыклад, палякам з роднай беларускай мовай, а можна было беларусам, якому родная мова расейская. І з 1999 да 2009 года колькасць тых, хто лічыць сябе беларусам з роднай расейскай мовай, патроілася, а перапіс-2019 крытыкавалі за падказку, што «родная – першая засвоеная ў раннім дзяцінстве». У 1989 годзе не пыталі пра мову, на якой размаўляюць удома, а толькі пра валоданне мовамі. У 1999 годзе ўдома размаўлялі па-беларуску 36,7 %, у 2009-м – 23,4 %, у 2019-м – роўна 26 %. Дарэчы, беларуская мова ўжо наўрад ці «вясковая»: беларускамоўнымі сябе назвалі ў апошнім перапісе 1,56 млн гараджанаў (21 % ад усіх гараджанаў) і 890 тыс. сялянаў (42 % ад усіх сялянаў).

План: Б
Беларусы на перамогуць без гэтага. Нацыянальная ідэя. Факты пра БЧБ і сцяг Лукашэнкі
2022.09.26 17:46

Як нашыя справы

Беларусы сталі ў 4,6 разу багацейшымі (а потым здарыўся 2022 год). Паводле заробкаў цяжка параўнаць першыя гады незалежнасці і наш час: інфляцыя была шалёнай, ад рублёў некалькі разоў даводзілася «адкідаць нулі». Але Белстат мае паказнік «рэальных наяўных грашовых даходаў»: колькі тавараў і паслугаў можна купіць у параўнанні з мінулым годам на грашовыя даходы мінус падаткі, зборы і ўнёскі. І гэты паказнік у 2021 годзе быў у 4,6 разу вышэйшы за той у 1991 годзе. Але ў 2022 годзе здарыўся крызіс, мацнейшы за 1999 ці 2011 год – за 2022 год рэальныя даходы могуць зменшыцца нешта каля 10 %, да ўзроўню пачатку 2010-х.

Рэальныя наяўныя даходы адносна 1991 года. Звесткі: Белстат. Выява: Белсат

Украінцы бяднейшыя за беларусаў, іншыя суседзі – багацейшыя. Паспяховасць эканомікі краінаў зручна параўноўваць паводле паказніку з нуднай назвай «валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва паводле парытэту пакупніцкай здольнасці» (колькі тавараў і паслуг вырабілі ў краіне, падзяліць на колькасць жыхароў, зрабіць папраўку на цэны і заробкі). У гэтым паказніку Беларусь абагнала Украіну ў 1996 годзе, але ад астатніх суседзяў толькі павялічыла адставанне – асабліва за 2010-я, калі Беларусь амаль «тапталася на месцы», а Літва, Латвія, Польшча і Расея імкліва раслі. На 2021 год Беларусь была ў гэтым паказніку слабейшай за Літву аж у два разы. А ў 2022 годзе, як паказала нашае параўнанне, цэны на харчовыя тавары ў Беларусі былі вышэйшыя, чым у Польшчы, на 16 %, а заробкі амаль утрая меншыя.

Аналітыка
Дзе таннейшыя прадукты? «Закупіліся» на 50 тавараў у Беларусі, Польшчы, Украіне, Літве і Грузіі
2022.06.19 09:05

Сталі есці больш мяса, чым бульбы. Звесткі пра харчаванне беларусаў даступныя толькі з 1995 года, але з таго часу адбыліся цікавыя змены. Калі ў 1995 годзе сярэднестатыстычны беларус спажываў на год 52 кг мяса і 128 кг бульбы, то ў 2021-м – 89 кг мяса і 59 кг бульбы. Бульба і мяса зраўняліся ў 2009 годзе, потым мяса абагнала. Спажыванне хлеба і хлебных вырабаў за гэты час упала на траціну, з 127 да 85 кг на год. Спажыванне малака і малочнай прадукцыі змяншалася, але ў 2021 годзе скокнула на ўзровень 1990-х, да 328 кг на год. Спажыванне рыбы вырасла з 9 да 16 кг, ягадаў і фруктаў – з 31 да 75 кг, гародніны – з 83 да 94 кг, яек – з 201 да 248 на год, а цукру і кандытарскіх вырабаў як было, так і засталося 30 кг на год. Агульная каларыйнасць ежы ў 1995 годзе складала 2803 ккал на чалавека на дзень, чамусьці ўпала ў канцы нулявых да 2390 ккал, у 2014-м аднавілася да 2650 ккал і прыблізна такой трымалася да 2020-га, але ў 2021-м падскочыла да 2862 ккал на чалавека на дзень.

Спажыванне бульбы і мяса. Звесткі: Белстат. Выява: Белсат. Эмодзі: openmoji.org, CC BY-SA 4.0

Жытла стала больш у паўтара разу. У 1991 годзе на чалавека прыпадала 18,4 м² жытла, а ў 2021-м – 28,9 м², рост быў пастаянным. Жыць у вёсцы прасторней: на чалавека цяпер прыпадае 26,3 м² у горадзе і 38,4 м² у сельскай мясцовасці. Цікава, што ў афіцыйнай статыстыцы жытло з пачатку 1990-х стала менш забяспечаным водаправодам, каналізацыяй, ацяпленнем і іншымі выгодамі, але падобна, што ў 2002 годзе проста змянілі методыку падліку адносна прыватнага жытла. Затое дакладна вырасла колькасць рознай тэхнікі: з 1998-га да 2020 год (іншых звестак няма) на 100 хатніх гаспадарак колькасць тэлевізараў вырасла са 118 да 164, камп’ютараў – з 1 да 100, мабільных тэлефонаў – з амаль нуля да 219, халадзільнікаў – з 97 да 111, пральных машынаў – з 72 да 99, пыласосаў – з 56 да 92, легкавых машынаў – з 21 да 48, ровараў – з 44 да 71. А яшчэ колькасць спадарожнікавых антэнаў вырасла амаль з нуля да 8 на 100 хатніх гаспадарак, а «Белсат» якраз можна глядзець праз спадарожнік.

Разбор
Беларусы – «не бульбашы, а бурачнікі»? Глядзім на афіцыйную статыстыку
2022.10.02 22:39

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў