Труп ляжаў з дзесяць гадзінаў, а пасля прыехалі журналісты. У Польшчы распавялі пра смерць мігранта на мяжы


Памежная ахова Польшчы адрэагавала ў сваім Twitter на паведамленні Дзяржаўнага памежнага камітэту (ДПК) Беларусі адносна смерці мужчыны на мяжы дзвюх краінаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польска-беларуская мяжа.
Фота: Straż Graniczna / Twitter

Паводле беларускага боку, 2 кастрычніка каля польскай агароджы на беларуска-польскай мяжы выявілі труп уцекача «неславянскага выгляду без вопраткі». Побач былі знойдзеныя асабістыя рэчы.

У ДПК заявілі, што для высвятлення абставінаў здарэння і прычынаў смерці трываюць следчыя дзеянні. Як мігрант апынуўся ў памежнай зоне Беларусі і чаму яго не затрымалі памежнікі, не ўдакладняецца.

Між тым у Памежнай ахове Польшчы заявілі, што 1 кастрычніка польскія памежнікі заўважылі з беларускага боку чалавека, які ляжаў за некалькі дзясяткаў метраў ад мяжы на абочыне. Яны праінфармавалі беларускіх калегаў, але тыя з’явіліся толькі праз дзесяць гадзінаў пасля неаднаразовых зваротаў польскага боку. Разам з патрулём прыбылі і журналісты тэлебачання.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў