«Штовечар «гулялі ў тэтрыс» – так мы называлі ўкладванне спаць чатырнаццаці чалавек у двухмясцовай камеры»


33-гадовая мянчанка Марына двойчы прайшла праз Акрэсціна – у жніўні 2020 года і напрыканцы ліпеня 2021-га. За год у ізалятары нічога не змянілася – усё тыя ж катаванні. Падчас сёлетняга 15-дзённага зняволення дзяўчына ні разу не была на шпацыры, у душы. Ёй не аддавалі перадачу – давялося карыстацца чужой зубной шчоткай і апранаць чужую бялізну. Пасля вызвалення Марына з’ехала з Беларусі, і ўжо быўшы ў бяспецы, распавяла «Белсату», праз што давялося прайсці на радзіме.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Іх злавала, калі я смяялася»

«Мяне затрымалі 22 ліпеня. Я паехала на СТА. Калі чакала ў чарзе, мне ў вакно пагрукалі. Я падумала, што гэта супрацоўнік СТА. Але аказалася, што КДБ. Дагэтуль не ведаю, як яны мяне там знайшлі – за мной сачылі ці праслухоўвалі тэлефон.

Мне сказалі, што я – сведка і мушу ехаць з імі. Больш нічога не тлумачылі. Я прапанавала даслаць мне спачатку позву, але яны настойвалі, каб я адмяніла свае справы на СТА і ехала з імі. Я магла паехаць на сваёй машыне, але ў суправаджэнні супрацоўніка, ці на іхным бусе. Я на гэта сказала – сядайце, хлопцы, пракачу, бо бусы мне не вельмі падабаюцца яшчэ са жніўня мінулага года. З двума супрацоўнікамі мы паехалі на мой адрас прапіскі на ператрус. За намі ўслед ехаў той самы бус.

Hавiны
Памёр яшчэ адзін вязень, які заразіўся каронавірусам на Акрэсціна
2021.09.29 12:49

Кватэра, у якой я прапісаная, новая, я там яшчэ не жыву, ідзе рамонт. Ключоў ад кватэры ў мяне не было. Кадэбэшнікі настаялі, каб я пазваніла прарабу і папрасіла прывезці ключы.

Мне забаранілі пазваць сваіх панятых, а таксама размаўляць з тымі панятымі, якіх яны прывезлі. Яшчэ іх вельмі злавала, калі я смяялася.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У кватэры, натуральна, нічога не знайшлі, сказалі ехаць на кватэру, дзе я жыву, але калі мы да яе пад’язджалі, яны перадумалі рабіць там ператрус. Не ведаю, чаму. Мяне павезлі на допыт у КДБ».

«Ты сядзела з бамжамі? Не? Вось, пасядзіш»

«Яшчэ на кватэры мне сказалі, што я – сведка па акце тэрарызму, нібыта па спробе падрыву вышкі радыёсувязі. Большага абсурду я ніколі ў жыцці не чула. Мне сказалі, што тая вышка курыравала падводныя лодкі. Было смешна гэта чуць. Беларусь і падводныя лодкі? Я не ведала тады пра расейскую вайсковую частку ў нас.

Пакуль ішла гэтая дзіўная размова, іншы супрацоўнік лазіў па маім тэлефоне. Узяць адваката мне не дазволілі, казалі, што я нагледзелася амерыканскіх фільмаў, таму патрабую адваката, і што калі б я ў Штатах зрабіла тое, што зрабіла тут, за мной бы ўвогуле прыехала група захопу.

Дагэтуль не разумею, чаму мяне затрымалі. Магчыма, таму што маё інтэрв’ю было на рэсурсе «Жнівень-2020», і я там распавядала пра катаванні з боку амапаўцаў падчас леташняга затрымання. Мне ўключалі гэтае інтэрв’ю і казалі, што ў жніўні тады ніхто нікога не біў, што я хлушу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Потым сказалі: калі не хочаш супрацоўнічаць, паехалі на содні. На пытанне «за што?» сказалі, што следчы разбярэцца. Пагражалі, што я не выйду праз 15 содняў, што мяне будуць затрымліваць зноў і зноў. Я пыталася: чаму? Адказвалі: мы ж не ведаем, у якім псіхалагічным стане ты выйдзеш, раптам паб’еш амапаўца і сядзеш зноў.

Пыталіся: ты сядзела з бамжамі? Не? Вось, пасядзіш.

Але самае агіднае было ў іншым. У інтэрв’ю на «Жнівень-2020» я распавядала, што пасля майго затрымання ў таты здарыўся інфаркт, і ён памёр. А мая мама – інвалід. І яны мне казалі: ты не баішся, што будзеш сядзець, а з тваёй мамай таксама нешта здарыцца? Гэта было насамрэч балюча, бо я перажывала за маму, а мне нават патэлефанаваць ёй не далі».

«Двойчы на дзень быў шмон, усе рэчы, нават пракладкі, наўмысна раскідвалі па камеры»

«У ізалятар мяне афармлялі ў Савецкім РУУСе. Абвінавацілі ў непадпарадкаванні. Ноччу мяне і яшчэ адну жанчыну адвезлі ў ІЧУ на Акрэсціна. На наступны дзень быў суд і 15 содняў. Суддзю не хвалявала, што ў мяне мама пасля двух інсультаў – нічога не мела значэння.

Пасля суда я апынулася ў ЦІПе, у камеры № 15.

З бамжамі мяне не пасадзілі, наадварот, з вельмі добрымі жанчынамі, усе яны таксама былі па палітычных справах.

Артыкулы
«Гэта Асвенцім». Пасля 20 дзён на Акрэсціна ў лідара «Маладога фронту» пачаліся праблемы са здароўем
2021.07.25 15:11

У нас была двухмясцовая камера. Не было ні матрацаў, ні падушак. Адзін двух’ярусны ложак з металічнымі рашоткамі на спальным месцы. Нас у камеры было ад 9 да 14. На падлозе магло памесціцца чалавек 10–11. І яшчэ адзін чалавек на стале. Калі было больш людзей, нам прыходзілася некага адпраўляць на ложак. Усе, хто на ім спаў, былі потым у сіняках.

На стале можна было спаць, калі ты вельмі худы. Пад сталом спала адна мініяцюрная дзяўчына.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

Спаць на падлозе ў параўнанні з ложкам – вельмі камфортна. Мы мылі падлогу кожны раз пасля шмону, і штовечар рэпетавалі, як будзем укладвацца спаць – называлі гэтую «забаву» «канструктар» ці «тэтрыс».

У душ не вадзілі. Двойчы на дзень быў шмон, падчас якога раскідвалі ўсе рэчы, нават пракладкі, па камеры. Гэта было наўмысна. Шпацыраў не было».

«Спачатку думала: як я буду чысціць зубы чужой шчоткай? Але як інакш?»

«Калі нас стала больш за 14, перавялі ў 4-мясцовую камеру. Там былі тыя самыя ўмовы плюс тараканы.

Было вельмі душна. У спякоту вентыляцыю ўключалі рэдка. А калі пайшлі дажджы, і было вельмі халодна, нам на ўсю ноч яе ўключылі.

Перадачаў не аддавалі. Мяне затрымалі ў адной сукенцы і басаножках, у мяне не было з сабой кофты, шкарпэтак. Са мной сукамерніцы падзяліліся шкарпэткамі.

Увогуле, калі нехта вызваляўся, сыходзіў з камеры, то стараўся максімальна пакінуць рэчы, якія мог: байкі, кофты. Я ніколі не думала, што буду насіць нечую бялізну. Яе пакідалі таксама для наступных. Прыйшлося і такое перажыць. Ці што я буду карыстацца зубной шчоткай, якой да мяне карысталася невядома колькі людзей, але дакладна не адзін і не два. Я спачатку думала: не, ніколі ў жыцці. А потым ты разумееш: а як інакш?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Зубная шчотка ў мяне з’явілася толькі на 12-я содні. Адначасова з некім мы не карысталіся, толькі калі чалавек сыходзіў, то пакідаў.

Штоноч а 2-й і а 4-й гадзіне нас будзілі. Часам супрацоўнік проста зазіраў – маўляў, усе на месцы, нe ок, і сыходзілі. Але гэта было вельмі рэдка. Часцей было так, што кожны мусіў устаць і назваць сваё імя, прозвішча і імя па бацьку. А калі мы ўсе ўжо расклаліся спаць на падлозе, склалі свой «тэтрыс», было вельмі няпроста ўставаць і потым зноў укладвацца…»

«Палова памідора на абед была святам»

«Было шмат хворых. Пазней я даведалася, што ў маіх сукамерніц пасля адсідкі былі станоўчыя тэсты на ковід. Я дрэнна пачувалася і ў камеры, і калі выйшла. Але тэсту не рабіла – і сэнсу не бачыла, і сілаў не было дайсці. У мяне была такая слабасць, што я не магла ўстаць з ложка і дайсці да кухні, каб вады выпіць, я проста ляжала і ўсё.

Нашым лячэннем ніхто не займаўся. Медсястра прыносіла толькі парацэтамол, і тое не заўсёды – адну-дзве таблеткі. Мы прасілі лекі ад кашлю, а ў адказ чулі: дзяўчаты, я ж вам казала, няма.

Я ўгаворвала сябе есці ўсё, што даюць, пераконвала, што я мушу выйсці адтуль з найменшымі стратамі для сябе. Але гэта было немагчыма. Штодня давалі кашы і катлеты, якія было немагчыма есці. Тыя, што сядзелі больш за 7 содняў, ужо нічога не елі, бо ад таго, што давалі, ванітавала. І я іх хутка зразумела. Я магла з раніцы з’есці кашу і ў абед суп. І ўсё. Часта ўсё было вельмі салёным, іншага смаку не адчувалася – толькі соль.

Шчасцем было, калі давалі свежую гародніну, напрыклад, палову памідора, што было вельмі рэдка. Ваду мы пілі з-пад крана.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. На выяве — рэчы, якія не прынялі ў перадачы для журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай.
Фота: АВ / Белсат

Штовечар з маімі цудоўнымі сукамерніцамі мы падводзілі вынікі таго, што ў нас здарылася за дзень. І мы ўзгадвалі: далі палову памідора – файна. Прынеслі мыла – увогуле свята. Найбольш радавала, калі нехта выходзіў на волю».

«Я не верыла, што на волі, пакуль не апынулася ўдома»

«Я да самага канца не верыла, што выйду пасля 15 содняў. Тым больш што бачыла, як за дзве гадзіны да вызвалення людзям прыносілі новыя пратаколы. Ды і памятала, што я там яшчэ амапаўца мусіла пабіць. Пакуль не апынулася ўдома, я не верыла, што на волі.

Пасля вызвалення я доўга хварэла. Дзён 10 мне было вельмі кепска: кашаль, тэмпература, слабасць. Калі ўрэшце выйшла ў горад, зразумела, што ў мяне крыху параноя – я думала, што за мной сачаць.

Тыдні праз два пасля вызвалення я з’ехала. За мяне вельмі перажывала мая мама. Мы разам прымалі гэтае рашэнне. Яна казала, што калі яшчэ раз са мной такое здарыцца, а тым больш «крыміналка», яна гэтага не перажыве. І я разумела, што пасля двух інсультаў яна сапраўды можа не справіцца.

Калі мяне затрымалі і не давалі з ёй звязацца, я таксама вельмі перажывала. Я разумела, што ў выпадку чаго ніяк не змагу дапамагчы, і мне нават могуць не сказаць. Так я адчула, што такое няволя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Від на жодзінскую турму.
Фота: АВ / Белсат

Да мамы цяпер ходзіць сацыяльны супрацоўнік, і я на адлегласці раблю ўсё, што магу. Мама, вядома, сумуе, але для яе галоўнае, каб я была ў бяспецы».

«Штодня гляджу ў вакно і думаю: мо ўжо можна вяртацца?»

«У 2020 годзе мяне затрымалі 10 жніўня, а адпусцілі ў ноч з 13 на 14. Тады я не з’ехала з Беларусі, бо хацела змагацца далей за свабоду. Я нібыта была гатовая і да жорсткіх затрыманняў, і да зняволення. Я не да канца разумела, што на маіх бацькоў уплывае тое, што адбываецца са мной.

Калі мяне затрымалі, мама і тата вельмі перажывалі, што мяне не было ні ў якіх спісах. Яны думалі, што мяне нават можа не быць у жывых. А калі я з’явілася ў спісах, яны перажывалі, у якім я стане: мяне пабілі, згвалцілі?

Праз два месяцы пасля майго вызвалення ў таты здарыўся інфаркт. Яму было 70 гадоў, ён быў яшчэ даволі моцным мужчынам, але пасля майго затрымання стаў кепска пачувацца. Мне пра гэта ніхто не казаў. Я старалася не хваляваць бацькоў, распавядала, што на Акрэсціна быў амаль санаторый. І яны мне не расказвалі, што тату ўжо тады было кепска і выклікалі хуткую.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: АК / Белсат

Пасля смерці таты я не магла кінуць маму. І дагэтуль не ўпэўнена, што прыняла правільнае рашэнне. Штодня я гляджу ў вакно і думаю: мо ўжо можна вяртацца? Штодня чытаю навіны і чакаю таго, што дазволіць вярнуцца. Штодня ў мяне нейкія сумненні, разважанні, пачуццё віны.

Я не ведаю, як правільна. З аднаго боку, калі б я была ўдома, я б магла больш дапамагаць маме. Але калі мяне пасадзяць, я ўжо нічым не дапамагу.

Тады, у жніўні 2020 года, здавалася, што ўсё будзе хутка. Але потым зрабілася зразумела, што не, і што гэта балючы працэс. Але я думаю, што гэты кошт варты нашай свабоды. І я ўпэўнена, што свабоду мы здабудзем, хоць, напэўна, і не так хутка, як хацелася б».

Артыкулы
«Робяць усё, каб ты не хацеў туды вярнуцца». Што кажуць «палітычныя» пра ўмовы на Акрэсціна
2021.04.22 08:00

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў