У Менску кіроўца таксі «Яндэкс» адмовіўся везці супрацоўніцу міліцыі


У Менску сілавікі затрымалі кіроўцу таксі «Яндэкс», які адмовіўся везці па выкліку супрацоўніцу міліцыі. Верагодна, супраць яго распачалі крымінальныя справы.

Затрыманы кіроўца таксі «Яндэкс». Скрыншот з відэа: guBAZA / Telegram

Пасля затрымання сілавікі запісалі з мужчынам «пакаяннае» відэа.

«Нядаўна я атрымаў замову і там выйшла дзяўчына. Лейтэнант. Супрацоўніца органаў міліцыі. Я з ёй размаўляў груба, цынічна. Абразіў яе і адмовіўся везці», – распавядае на відэа таксіст.

Таксама яго прымусілі прызнацца ў тым, што ён удзельнічаў у пратэстах і перакрываў дарогі. Акрамя гэтага яго абвінавацілі ў тым, што ён вывозіў пратэстоўцаў з эпіцэнтраў сутычак з сілавікамі падчас пратэстаў.

У подпісы да відэа пазначана, што супраць мужчыны ўзбуджаныя дзве крымінальныя справы па неназваных артыкулах. Таксама ў ягоным тэлефоне нібыта «выяўленыя сляды злачыннай дзейнасці» па артыкуле аб грубым парушэнні парадку (артыкул 342 КК).

У чэрвені мінулага году ў Горадні затрымлівалі кіроўцу таксі «Яндэкс», які ў 2021 годзе таксама адмовіўся везці працаўніка міліцыі.

Відэа з запісам адмовы таксовец выклаў тады ў інтэрнэт. Як толькі міліцыянт сеў у машыну, кіроўца сказаў: «Адразу хачу сказаць, што я супрацоўнікаў МУС не важу». Пазней мужчыну затрымалі ў двары прыватнага дому, жорстка паклаўшы на зямлю. Супраць яго завялі крымінальную справу.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў