Эрдаган і Пуцін не прыйшлі да пагаднення па збожжавай угодзе


Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган 4 верасня асабіста сустрэўся з расейскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным у Сочы. Прычынай сустрэчы сталі перамовы аб аднаўленні збожжавага пагаднення, з якога Расея выйшла ў ліпені гэтага года.

Рэджэп Эрдаган і Уладзімір Пуцін на сустрэчы ў Сочы 4 верасня 2023 года.
Фота: kremlin.ru

Аднак сустрэча не прынесла вынікаў. Уладзімір Пуцін заявіў, што РФ гатова аднавіць пагадненне толькі пасля выканання ўсіх патрабаванняў расейскага боку.

«Хацеў бы пацвердзіць нашую прынцыповую пазіцыю. Мы будзем гатовы разгледзець магчымасць рэанімаваць збожжавую угоду і зробім гэта адразу ж, як толькі будуць поўнасцю выкананы ўсе зафіксаваныя ў ёй дамоўленасці аб зняцці абмежавання на экспарт расейскай аграпрадукцыі», – заявіў Пуцін.

Расейскі прэзідэнт таксама заявіў, што спыненне пагаднення нібыта не адбілася на глабальных харчовых рынках. Пры гэтым Пуцін заявіў, што Расея мае намер працягваць экспарт харчавання і ўгнаенняў самастойна. Ён згадаў аб тым, што РФ блізкая да завяршэння перамоваў з шасцю афрыканскімі краінамі па дастаўцы збожжа.

Таксама расейскі лідар у чарговы раз абвінаваціў Кіеў у тым, што ўкраінскі бок нібыта выкарыстоўваў гуманітарныя калідоры для тэрарыстычных атак, у той час як Расея забяспечвала бяспеку па збожжавым калідоры. Пуцін лічыць, што Захад падманваў Расею наконт гуманітарнага характару збожжавай угоды.

У той жа час Рэджэп Эрдаган заявіў, што зараз рыхтуецца новы пакет для кансультацый з ААН.

«Мы прыгатуем новы пакет на кансультацыях з ААН, і я лічу, што зможам дабіцца выніку. Турцыя прыкладзе ўсе намаганні, і мы верым, што ў найкарацейшыя тэрміны дасягнем выніку ў плане гэтай умовы», – заявіў прэзідэнт Турцыі.

Меркаванні
Збожжавая ўгода – усё
2023.07.18 20:11

Нагадаем: 17 ліпеня 2023 года Расея выйшла з так званай збожжавай угоды ў аднабаковым парадку, нягледзячы на тое, што ААН прапаноўвала варыянты вырашэння пытання. Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў тады заяўляў, што Расея прыпыніла дзеянне ўгоды, пакуль не будуць выкананыя пункты пагаднення, якія яе датычацца.

Аднак 11 жніўня Украіна абвесціла аб стварэнні гуманітарнага калідору для грузавых караблёў у Чорным моры. 18 жніўня да Стамбулу дабралася першае судна пасля таго, як была спыненая збожжавая ўгода. Карабель скарыстаўся часовым транспартавым калідорам.

Збожжавая ўгода набыла моц у ліпені 2022 года. Яе падпісалі, каб запэўніць бяспечнае транспартаванне збожжа і харчоў з партоў Украіны. Два асобныя пагадненні былі заключаныя паміж Украінай, Турцыяй і ААН, а таксама паміж Расеяй, Турцыяй і ААН. Пагадненні рэгламентавалі парадак экспарту ўкраінскага зерня морам, а таксама інспекцыю судоў у Стамбуле. Расея настойвала, што дамоўленасці аб экспарце расейскай сельгаспрадукцыі і ўгнаенняў, якія былі часткай ўгоды, не выконваюцца.

Hавiны
Расея заявіла аб выхадзе са збожжавай угоды
2023.07.17 15:52

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў