«Расейцы таксама гэта робяць». «Amnesty International» абвінаваціла ўкраінскіх вайскоўцаў. Што кажуць эксперты


Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» абвінаваціла Збройныя сілы Украіны ў размяшчэнні войскаў на тэрыторыі ці каля грамадзянскіх аб’ектаў. Але, як кажуць эксперты, такая практыка характэрная і для расейскіх войскаў. А ўкраінскія ўлады наагул кажуць пра кампанію дыскрэдытацыі ЗСУ.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прадстаўнікі арганізацыі «Amnesty International», якія выступаюць на прэс-канферэнцыі, прысвечанай ваенным злачынствам расейскай арміі ва Украіне. На здымку (злева направа) – Данатэлля Равэра, Аннес Калямар і Мазэн Дарўіш. Кіеў, Украіна.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

«Amnesty International» заявіла, што ўкраінскія вайскоўцы падвяргаюць небяспецы грамадзянскае насельніцтва, ствараючы базы і размяшчаючы ўзбраенні ў жылых раёнах, у тым ліку школах і больніцах, у спробе адбіць расейскае ўварванне.

Што кажуць у арганізацыі

Як адзначаюць у «Amnesty International», такая тактыка парушае міжнароднае гуманітарнае права, бо ператварае грамадзянскія аб’екты ў ваенныя мэты. У выніку ад расейскіх удараў па населеных пунктах гінуць мірныя жыхары і разбураецца грамадзянская інфраструктура.

У арганізацыі паведамляюць, што ўкраінскія войскі наносілі ўдары з жылых кварталаў, знаходзіліся ў грамадзянскіх абʼектах у 19 гарадах і сёлах. Пры гэтым падкрэсліваецца, што большасць жылых раёнаў, дзе размяшчаліся войскі, знаходзілася далёка ад лініі фронту, і вайскоўцы маглі не падвяргаць небяспецы грамадзянскае насельніцтва.

«Украінскі ўрад павінен неадкладна забяспечыць размяшчэнне сваіх сілаў удалечыні ад населеных пунктаў або эвакуяваць грамадзянскае насельніцтва з раёнаў, дзе дзейнічаюць вайскоўцы», – заявіла генеральная сакратарка Аннес Калямар.

Расейскія войскі гэта не апраўдвае

Разам з тым, даследуючы вынікі некаторых расейскіх абстрэлаў, эксперты арганізацыі не знайшлі доказаў таго, што ўкраінскія войскі знаходзіліся на тэрыторыі грамадзянскіх абʼектаў.

«У некаторых месцах, у якіх «Amnesty» прыйшла да высновы, што Расея здзейсніла вайсковыя злачынствы – у тым ліку ў некаторых раёнах гораду Харкава – «Amnesty» не знайшла доказаў таго, што ўкраінскія сілы знаходзіліся ў грамадзянскіх раёнах, якія незаконна абстрэльваліся расейскімі вайскоўцамі», – паведамілі ў арганізацыі.

Больш за тое, «Amnesty» адзначае, што дзеянні ўкраінскіх вайскоўцаў ніякім чынам не апраўдваюць невыбіральныя расейскія напады, у тым ліку з выкарыстаннем забароненых міжнароднай супольнасцю боепрыпасаў.

«Шмат якія расейскія ўдары, якія Amnesty задакументавала ў апошнія месяцы, наносіліся з выкарыстаннем невыбіральнай зброі, у тым ліку забароненых на міжнародным узроўні касетных боепрыпасаў або іншай выбуховай зброі шырокага дзеяння. Практыка ўкраінскіх вайскоўцаў па размяшчэнні ваенных абʼектаў у населеных пунктах ніякім чынам не апраўдвае невыбіральныя расейскія атакі. Усе бакі канфлікту павінны ўвесь час адрозніваць ваенныя абʼекты ад грамадзянскіх і прымаць усе магчымыя меры засцярогі – у тым ліку пры выбары зброі – каб звесці да мінімуму шкоду грамадзянскаму насельніцтва. Напады невыбіральнага характару, у выніку якіх гінуць або атрымліваюць раны грамадзянскія асобы або пашкоджваюцца грамадзянскія абʼекты, зʼяўляюцца ваеннымі злачынствамі», – заявілі ў арганізацыі.

«Гэтак не робіць толькі адзін бок»

У каментары «Белсату» Павэл Фляйшэр, варшаўскі эксперт у міжнароднай бяспецы, адзначыў, што практыка размяшчэння войскаў на тэрыторыі грамадзянскіх аб’ектаў ці побач з імі супярэчыць міжнародным дамовам і яе трэба абмяжоўваць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі вайсковец ідзе па абстралянаму прыватнаму ўчастку ў адной з вёсак у Мікалаеўскай вобласці, Украіна.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

«Але ў часе збройных канфліктаў гэтага вельмі цяжка дасягнуць», – заявіў эксперт.

Ён нагадаў, што такія выпадкі бываюць і падчас іншых вайсковых канфліктаў, напрыклад, у супрацьстаянні Ізраілю і Палестыны.

Пры гэтым Павэл Фляйшэр падкрэсліў, што расейскія войскі ва Украіне паводзяць сябе цалкам аналагічным чынам.

«Гэта таксама парушэнне міжнародных нормаў. Расейцы таксама гэта робяць. Гэтак не робіць толькі адзін бок. Пры тым, што ўкраінскі бок з’яўляецца ахвярай расейскай агрэсіі», – адзначыў эксперт.

Больш за тое, Павэл Фляйшэр нагадаў, што расейскія войскі ўжываюць ва Украіне фосфарныя боепрыпасы, «якія таксама паводле міжнародных дамоўленасцяў не павінныя быць выкарыстаныя».

«Але расейцы гэта робіць», – заявіў суразмоўца.

«Жыццё людзей – абсалютны прыярытэт»

Дарадца Офісу прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк напісаў у сваім Twitter, што «Amnesty International» дыскрэдытуе ўкраінскае войска.

«Адзінае, што пагражае жыццю ўкраінцаў, гэта расейская армія катаў і гвалтаўнікоў, якія прыйшлі ва Украіну чыніць генацыд. Нашы абаронцы абараняюць свой народ і сем’і. Для Украіны жыццё людзей – гэта абсалютны прыярытэт, таму мы эвакуюем жыхароў прыфрантавых гарадоў», – заявіў Падаляк.

Паводле яго, Расея «прыкладае ўсе намаганні, каб дыскрэдытаваць Збройныя сілы Украіны ў вачах заходніх грамадстваў і сарваць пастаўкі зброі, выкарыстоўваючы ўсю сетку сваіх агентаў уплыву. «Amnesty International» удзельнічае ў гэтай кампаніі дэзынфармацыі і прапаганды, падкрэсліў дарадца Офісу прэзідэнта Украіны.

Ян Круглік belsat.eu

Стужка навінаў