Палітвязень Максім Знак даў інтэрв'ю з-за кратаў


Французскае выданне «Le Courrier dʼEurope centrale» апублікавала гутарку з беларускім палітвязнем Максімам Знакам. Палітвязень напярэдадні суда даў інтэрвʼю з-за кратаў.

У Менску на закрытым судовым паседжанні судзяць Максіма Знака і Марыю Калеснікаву. Паводле абвінавачання, палітвязням пагражае да 12 гадоў турэмнага зняволення.

Марыя Калеснікава і Максім Знак у судзе.
Фота: Deutsche Welle/Telegram

Напярэдадні суда Максім Знак даў з-за кратаў інтэрвʼю французскаму выданню «Le Courrier dʼEurope centrale».

– Якія вашыя ўмовы ўтрымання? Да чаго вы змаглі прызвычаіцца?

– Вядома, умовы ўтрымання цяпер лепшыя, але я дакладна ведаю, што яны могуць пагоршыцца кожны момант. Чалавек прывыкае да ўсяго, а ў беларусаў прывыканне да цяжкасцяў лічыцца нацыянальнай асаблівасцю!

У пэўным сэнсе я прызвычаіўся да затрымання, і дні ідуць, напоўненыя дзейнасцю, якая можа падацца звычайнаму чалавеку вельмі дзіўнай. Я спрабую адзначаць гэтыя абсурдныя і трагікамічныя моманты.

Калі падумаць, ёсць некаторыя рэчы, да якіх проста нельга прывыкнуць. Скажам, немагчымасць атрымаць пэўныя дробязі: напрыклад, кефір, колу, бананы, маліны, тачылку для алоўкаў… Часам адсутнічае нешта абстрактнае, чаго я раней не ацэньваў і нават не заўважаў. Акрамя відавочных рэчаў, якіх, магчыма, нестае, самым цяжкім для мяне было прывыкнуць да адсутнасці цемры і адзіноты.

Добра, што мы – тыя, хто ў такой жа сітуацыі, як і я, – не прывыкаем да гэтага цалкам. Бо прывыкнуць да гэтага азначае прыняць навязаную думку: вы заслугоўваеце гэтага, вы злачынцы, і нічога страшнага няма ў тым, што вы не можаце зрабіць большую частку таго, што могуць зрабіць нармальныя людзі. Але мы не згодныя, проста не звыкаемся.

– Вы сам юрыст. Якую ролю вы адыгрываеце ва ўласнай судовай справе?

– На жаль, аднаго з маіх адвакатаў Сяргея Зікрацкага пазбавілі ліцэнзіі. Маю абарону забяспечваюць спецыялісты ў Крымінальным кодэксе – Дзмітрый Лаеўскі і Яўген Пыльчанка, гэта не мая спецыяльнасць. Юрыст Надзея Знак дапамагае абʼяднаць абарону, уважліва ставіцца да кожнай дэталі справы, шукае карысныя кроплі інфармацыі ў акіяне звестак. Мае адвакаты фантастычныя! Назіраючы за справаю звонку, лягчэй весці абарону, заставацца бесстароннім і, такім чынам, лепш разумець, як можна інтэрпрэтаваць дакументы ў судзе.

Але я не чужы ў сваёй справе: вы не можаце сабе ўявіць, з якім энтузіязмам гатовы працаваць адвакат, калі ўпершыню за дзевяць месяцаў ён атрымае магчымасць займацца тым, што любіць, і ўсё тваё жыццё, тваё далейшае жыццё – без перабольшання! – залежыць ад выніку.

Я вельмі ўважліва стаўлюся да ўласнай справы. Увесь час цягам месяца я штодня чытаў тэчкі, рабіў нататкі, маляваў дыяграмы і паказваў доказы неадпаведнасці абвінавачання фактам.

Часам мне кажуць, што спадзявацца на бесстаронні працэс ці нават на прававую аснову справы – наіўна. Аднак на працягу ўсёй выбарчай кампаніі мы ўвесь час выкарыстоўвалі юрыдычныя магчымасці для абароны сваіх правоў, і я, вядома, гэтым разам таксама іх не прапушчу.

Артыкулы
«Буду ў чорнай сукенцы, чырвоная памада абавязкова». Пачынаецца суд над Марыяй Калеснікавай і Максімам Знакам
2021.08.04 09:59

– Ці шкадуеце вы, што далучыліся да каманды кандыдата Віктара Бабарыкі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года?

– Я не хацеў бы, каб мае словы «я ні пра што не шкадую» гучалі як бравада, таму я паспрабую патлумачыць прагматычна. У жыцці для таго, каб у нашым настроі, гэтым эмацыйным кактэйлі, пераважалі задавальненне і ўсведамленне таго, што зрабіў добра, а не шкадаванне і прыгнечанасць, дастаткова дзейнічаць прыстойна і дзеля дабра. Год таму я шмат працаваў дзеля дабра і на падставе закону. Таму ў мяне чыстае сумленне наконт вартасці маіх дзеянняў.

Але адыдзем ад эмоцыяў дзеля логікі. Сёння як юрыст я ведаю, бо перажыў сам, што адбылося і чаго не адбылося падчас выбарчай кампаніі 2020 года. Праблемы, з якімі мы сутыкнуліся, былі глабальнымі, і яны важныя для ўсіх чальцоў грамадства.

Калі метафарычна задаць сабе пытанне: ці варта шкадаваць, што ты пайшоў у склеп і выявіў пажар, ці лепш ніколі не адчыняць дзвярэй і жыць у спакойным няведанні? Гэта не лепш, вядома. Я пра гэта не шкадую.

Марыя Калеснікава і Максім Знак. Менск, Беларусь.
Фота: Виктор Бабарико / Facebook

– Ці былі вы гатовыя да наступстваў сваёй ангажаванасці?

– 8 тысяч чалавек, якія падпісаліся ў траўні 2020 года, каб далучыцца да ініцыятывы Віктара Бабарыкі, у тым ліку і я, тэарэтычна дапускалі магчымасць негатыўных наступстваў. Але наўрад ці хто мог прадказаць маштабы і асіметрычнасць рэпрэсіяў. Добраахвотнікаў у штабе нельга лічыць камбатантамі або рэвалюцыянерамі. Мы проста прыйшлі, каб удзельнічаць у выбарчай кампаніі з дапамогаю законных метадаў і сродкаў, бо ў краіне былі абвешчаныя выбары, і ўзяць удзел мог кожны. Як і ў выпадку з агнём, схаваным у склепе, добра, што мы ўсё выявілі, і што далей ілюзіяў няма. Гэта добра, але надзвычай расчароўвае як тых, хто паддаўся ціску, так і тых, хто апынуўся ў спіралі падзення, хто даўно ўжо дасягнуў дна і, здаецца, працягвае падаць.

– Як вы думаеце, што павінны зрабіць міжнародныя субʼекты, каб паўплываць на сітуацыю ў Беларусі?

– Ужо некалькі месяцаў у мяне няма доступу да поўнай інфармацыі пра тое, што адбываецца ў Беларусі, у свеце, таму я не магу каментаваць – хутчэй, здагадвацца. Мне здаецца, што галоўнае пры выбары дзейнічаць – памятаць, хто канчатковы бенефіцыяр любой дапамогі, што ва ўсіх дзеяннях, якія павінны рабіць самі беларусы, яны ёсць мэтай, а не сродкам. Як ні дзіўна, 2021 год абвешчаны Годам нацыянальнага адзінства ў Беларусі. Так што нават маленькія крокі да кансенсусу, вяртання да закону і да ісціны – гэта ўжо шмат. Я не ведаю, ці ёсць спосаб пачаць канструктыўны дыялог, а не імітацыйны дыялог, змяшаны з гвалтам. Але я думаю, што кожны дзень мы аддаляемся ад таго месца, дзе павінен быў пачацца наш шлях да нармальнасці.

Артыкулы
Марыі Калеснікавай прапанавалі выступіць на дзяржтэлебачанні
2021.08.03 18:12

СК belsat.eu

Стужка навінаў