«Казалі, што мы – агрэсары, а такія людзі ў Польшчы непатрэбныя». У Варшаве збілі беларускага музыку


Беларус Антон Жыванаў, былы басіст гурта «Radio Slam», які амаль дзесяць гадоў жыве ў Польшчы, быў збіты ў цэнтры Варшавы 1 ліпеня. Прычынай збіцця стала нацыянальнасць Антона, паведамляе ў Фэйсбуку польскі Цэнтр маніторынгу расісцкіх і ксенафобскіх паводзінаў.

У цэнтры Варшавы быў збіты беларускі музыка Антон Жыванаў.
Фота: Цэнтр маніторынгу расісцкіх і ксенафобскіх паводзінаў/Facebook

Антон Жыванаў бавіў час у цэнтры польскай сталіцы разам са сваімі знаёмымі, яны размаўлялі па-расейску, калі да іх падышлі некалькі палякаў, піша Цэнтр маніторынгу расісцкіх і ксенафобскіх паводзінаў. Паводле Антона, палякі былі добра апранутыя, выглядалі, як супрацоўнікі нейкай карпарацыі.

«Яны селі побач з намі і пачалі пытаць: «Чаму вы ў прызыўным узросце, але не ў войску, чаму не бароніце ўласны край?». Яны думалі, што мы з Украіны. Я сказаў, што мы з Беларусі. Ім гэта яшчэ больш не спадабалася. Казалі, што мы – агрэсары, і такія людзі ў Польшчы не патрэбныя», – распавядае Антон.

Беларусы спрабавалі патлумачыць, што яны ўцяклі са сваёй краіны праз пераслед, што не падтрымліваюць Лукашэнку, але плёну гэтае тлумачэнне не прынесла.

Антона ўдарылі ў твар кулаком з нечым накшталт кастэту. Мужчына страціў прытомнасць.

Паліцыя цяпер вывучае відэазапісы з месца здарэння.

«Цягам двух гадоў рэпутацыя Беларусі ў Польшчы была цалкам знішчаная, – кажа Антон. – Сёння выхад у цэнтр Варшавы можа быць звязаны з нападам толькі з прычыны ўжывання расейскай мовы».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў