Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі за 4 ліпеня


Штодня ў Беларусі працягваюцца палітычна матываваныя суды і затрыманні. «Белсат» прыводзіць агляд хронікі рэпрэсіяў за панядзелак, 4 ліпеня.

4 ліпеня 2022 году Кастрычніцкі суд Віцебску асудзіў 35-гадовага Віктара Ўласенку паводле арт. 368 КК РБ («Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»), арт.369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), арт.328 («Незаконны зварот наркатычных сродкаў»), паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Падчас вобшуку ўдома ў мужчыны знайшлі марыхуану, якую ён захоўваў для ўжывання.

Канчатковае пакаранне, прызначанае суддзёй Сняжанай Кіндзеевай – чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Акрамя таго, Віктар Уласенка мусіць аплаціць штраф у памеры 100 базавых велічыняў (3200 рублёў) і судовыя выдаткі на сумы 35 рублёў 20 капеек і 1444 рублі 58 капеек. На маёмасць мужчыны накладзены арышт. Марыхуана, якую знайшлі падчас ператрусу, канфіскаваная на карысць дзяржавы.

Мікалай Карпянкоў падчас разгону мірнай акцыі пратэсту 23 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Адным з пацярпелых па справе прызнаны намеснік міністра МУС Мікалай Карпянкоў, якому Уласенка выплаціў тысячу рублёў маральнай шкоды. На карысць другога пацярпелага асуджаны выплаціў 2000 рублёў. 300 рублёў былі пералічаныя ў Віцебскі спецыялізаваны дом дзіцяці. Таксама пацярпелай па справе прызнаная Наталля Качанава. У бок пералічаных людзей у 2021 годзе ў суполцы «Беларусь головного мозга» і «Каратели Беларуси» Уласенка нібыта пакінуў каментары, якія зневажаюць гонар і годнасць і ўтрымліваюць негатыўную ацэнку прадстаўнікоў улады, што было пацверджана лінгвістычнай экспертызай.

Таксама ў абразе прэзідэнта абвінавацілі жыхара Воршы, чыгуначніка Аляксея Чэкеля. 4 ліпеня суд Воршы і Аршанскага раёну вынес мужчыне прысуд. Справу разглядала суддзя Юлія Вяршыніна.

Паводле абвінавачання, Аляксей Чэкель пакінуў два абразлівыя каментары пад пастамі пра Аляксандра Лукашэнку ў групах «Вікінг» і «Мая краіна Беларусь».

Суд палічыў змякчальнымі абставінамі наяўнасць у абвінавачанага на выхаванні няпоўнагадовага сына. Суддзя Вяршыніна прызнала віну Чэкеля даказанай і прысудзіла яму пазбаўленне волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на паўтара года.

З’явілася інфармацыя, што яшчэ 16 траўня бягучага году быў затрыманы 20-гадовы хлопец – сірата Андрэй Раптуновіч. Праўладныя каналы паведамлялі, што ён збіраўся ехаць ва Украіну і далучыцца да палка імя Каліноўскага. Дзеянні хлопца кваліфікаваныя паводле ч.3 арт.361-1 КК РБ («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні»), ч.1 арт.13 арт.361-3 («Падрыхтоўка да ўдзелу грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы»).

4 ліпеня стала вядома, што 27 чэрвеня ў Гомельскім абласным судзе вынесены прысуд Аляксандру Новікаву. Суддзя Аляксандр Піскуноў прызнаў мужчыну вінаватым паводле ч.1 арт.130 КК РБ («Распальванне варожасці») і ч. 1 арт.179 («Распаўсюд звестак пра асабістае жыццё»). Справа разглядалася ў закрытым рэжыме. Гамельчуку прысудзілі два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Алег Груздзіловіч.
Фота: Alaksandra Dynko / Facebook

Сталі вядомыя даты трох новых судоў супраць журналіста «Радыё Свабода» Алега Груздзіловіча. Ён ужо адбывае пакаранне ў паўтары гады ў Магілёўскай калоніі №15 за нібыта арганізацыю і ўдзел у масавых беспарадках. 15, 22 і 25 ліпеня ў судах будуць разглядацца пазовы «Менсктрансу» супраць журналіста за нібыта блакаванне руху грамадскага транспарту.

4 ліпеня ў Гомлі прайшло першае судовае паседжанне па новай крымінальнай справе супраць Кацярыны Андрэевай. Журналістку абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве. Суд праходзіць у закрытым рэжыме, адвакат пад падпіскай аб неразгалашэнні, таму абставіны справы невядомыя.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў