Вайсковы эксперт назваў умовы, пры якіх Украіна будзе наносіць удары па Беларусі


У выпадку агрэсіўных дзеянняў з беларускай тэрыторыі Украіна будзе наносіць удары па вайсковых аб’ектах у Беларусі. Пра гэта ў каментары «Белсату» паведаміў Міхайла Самусь, дырэктар даследчага цэнтру «New Geopolitic Research Network». Гэтак ён пракаментаваў заявы, што Кіеў цяпер можа выкарыстоўваць заходнюю зброю для ўдараў па беларускай тэрыторыі.

Украінскія вайскоўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

Міхайла Самусь адзначыў, што ва Украіне ўспрымаюць дзяржаўныя межы з Беларуссю і Расеяй як лінію фронту. І Кіеў гатовы наносіць удары па беларускай тэрыторыі, калі з яе будзе наўпроставая пагроза.

«Напрыклад, будуць ляцець ракеты, ужывацца авіяцыя або ажыццяўляцца нейкія агрэсіўныя дзеянні накшталт таго, што робіцца цяпер з тэрыторыі Расеі супраць, напрыклад, Харкаўскай або Сумскай вобласці. Цяпер Украіна б’е досыць сістэмна па суверэннай расейскай тэрыторыі, прычым на глыбіню ўжо да 2000 кіламетраў. Вядома, калі з беларускай тэрыторыі будуць ажыццяўляцца агрэсіўныя дзеянні, то Украіна будзе наносіць удары па беларускай тэрыторыі», – падкрэсліў Самусь.

Паводле яго, ва Украіне дастаткова ракетаў, авіяцыі і дронаў, «таму ўся тэрыторыя Беларусі, уся вайсковая інфраструктура рэжыму Лукашэнкі будзе пад ударам».

«Гэта значыць, калі ён шукае гэтай прыгоды, то яна ў яго будзе», – сказаў вайсковы эксперт.

Расея рыхтуе правакацыі з Беларусі?

Самусь мяркуе, што ўвосень Расея пад выглядам вучэнняў можа завезці ў Беларусь некалькі дзясяткаў тысяч расейскіх вайскоўцаў, каб расцягнуць украінскія сілы і рэзервы. Паводле яго, менавіта такую мэту мела атака Расеі на харкаўскім кірунку – адцягнуць украінскія рэзервы з Данбасу. Але гэтыя планы праваліліся, «і ў выніку расейцам ужо трэба рэзервы накіроўваць, а не ўкраінцам».

Эксперт не выключае, што ў сітуацыі, калі Украіна ўжо б’е заходняй зброяй па расейскай тэрыторыі, расейцы «могуць паспрабаваць расцягнуць украінскія рэзервы і на дзяржаўную мяжу Украіны і Беларусі». У выніку «дадасца яшчэ некалькі сотняў кіламетраў, якія, вядома, будуць выклікам для Збройных сілаў Украіны».

Украінскія вайскоўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

На думку Самуся, сітуацыя не будзе паўтарэннем лютага 2022 года, калі расейскія сілы спецыяльных аперацыяў хуткімі рэйдамі спрабавалі зайсці ў Кіеў. Аднак адбудуцца аперацыі з мэтаю расцягнуць украінскія войскі.

«Відавочна, што яны разумеюць: ніякіх прарываў украінскай мяжы ўжо не атрымаецца. Гэта зразумела, бо няма ў Расеі цяпер такіх сілаў, але [могуць] стварыць напал, стварыць умовы, калі ўкраінскае камандаванне вымушанае будзе на тысячы кіламетраў расцягнуць свае войскі. Могуць, напрыклад, і з заходняй Беларусі на заходнюю Украіну пайсці войскі, можа быць і на Кіеў, можа быць, на Чарнігаў зноў, але гэта будзе іншы характар баёў», – заявіў эксперт.

Агулам Самусь мяркуе, што Расея зацікаўленая ў супрацьстаянні Беларусі і Украіны, бо гэта азначае і яшчэ адзін участак фронту, і расход рэсурсаў Украіны, і ўмовы для стварэння вайны ўжо паміж беларускай і ўкраінскай нацыямі, «чаго, вядома, Пуцін бы вельмі хацеў».

Каментар
Што дасць Украіне дазвол на прымяненне заходняй зброі па аб’ектах у РФ?
2024.05.31 19:42

ЗША таемна і іншыя саюзнікі, у тым ліку Польшча, адкрыта дазволілі Украіне біць сваёй зброяй па вайсковых аб’ектах у Расеі. Пра Беларусь гаворкі не было, але міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс лічыць, што Украіна, каб абараніцца ад расейскай агрэсіі, можа біць па вайсковых цэлях і ў Беларусі.

Пры гэтым аб’яднанне былых сілавікоў «BYPOL» паведамляе, што ўлады Беларусі перакідваюць падраздзяленні сілаў спецыяльных аперацыяў да мяжы з Украінаю, бо баяцца ўдараў з Украіны па беларускай тэрыторыі.

Аналітыка
Крок да эскалацыі ці да карэннага пералому? Што азначае дазвол на ўдары па аб’ектах у РФ
2024.06.03 19:23

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў